Расея рэзка ўзмацніла паветраны тэрор супраць Украіны. Тлумачым, што адбываецца


У траўні значна павялічылася інтэнсіўнасць расейскіх удараў па тэрыторыі Украіны з выкарыстаннем ракетаў і дронаў-камікадзэ. У апошнія шэсць дзён атакі на Кіеў адбываюцца штодзень, без перапынкаў. Чаму Расея ўзмацніла ўдары па Украіне і на што агрэсар разлічвае?

Украінская супрацьпаветраная абарона перахапіла беспілотнік «Shahed» у паветры падчас трэцяй расейскай паветранай атакі на сталіцу за апошнія 24 гадзіны. Кіеў, Украіна. 30 траўня 2023 года.
Фота: Evgeniy Maloletka / AP Photo / East News

Анатомія тэрору

Агулам у траўні Расея выпусціла па Украіне 198 ракетаў і 413 дронаў-камікадзэ «Shahed-136/131». За месяц Кіеў перажыў мінімум 16 атак, прычым удар з выкарыстаннем дронаў-камікадзэ ў ноч на 28 траўня быў найбуйнейшы з пачатку вайны (54 «шахедаў»). Інтэнсіўнасць удараў па сталіцы толькі расце: апошнія шэсць дзён расейцы атакуюць горад штодзень.

«Тэрор Кіева паветранымі атакамі працягваецца. Вар’яцкія тэрарысты практычна без паўзаў нападаюць на сталіцу», – заяўляюць кіеўскія ўлады.

Статыстыка паветраных атак сапраўды ўражвае, калі параўноўваць з сітуацыяй у мінулым месяцы. У красавіку, паводле зводак Паветраных сілаў, па Украіне было запушчана ўсяго 84 дроны (73 з іх знішчаны СПА) і 23 крылатыя ракеты (21 знішчана). Прычым асноўная маса гэтых запускаў прыйшлася на апошнюю дэкаду красавіка, а з 1 па 17 красавіка была зафіксавана толькі адна атака. Такім чынам, у траўні Расея выкарыстала ў пяць разоў больш ударных дронаў і ў 8,5 разоў больш ракетаў у параўнанні з мінулым месяцам.

Каб абцяжарыць працу сілаў СПА, расейцы стараюцца выкарыстоўваюць зброю ў розных камбінацыях: у ход ідуць крылатыя ракеты Х-55/Х-101/Х-555 і «Калібры», балістычныя «Іскандэры-М» і аэрабалістычныя «Іскандэры-К», гіпергукавыя «Кінжалы». Ракетныя атакі часцяком вядуцца з розных кірункаў і адначасова суправаджаюцца запускамі «Shahed-136/131». Частыя і масавыя запускі «шахедаў», імаверна, разлічаны на знясіленне СПА і выяўленне месцаў размяшчэння зенітна-ракетных комплексаў. Часам атакі праводзяцца ў некалькі хваляў і ў выніку паветраная трывога цягнецца па тры гадзіны.

Спікер Паветраных сілаў ЗСУ Юрый Ігнат у інтэрв’ю «Radio NV» патлумачыў павелічэнне абстрэлаў тым, што расейцы, магчыма, вясной здолелі нарасціць вытворчасць абаронных прадпрыемстваў і назапасіць ракетаў.

«Патрацілі яны на нашу крытычную інфраструктуру – і восенню, і зімой – вялікі запас ракет. Можна казаць ужо, што тады 850 ракет і болей было выпушчана па абʼектах інфраструктуры на ўсёй тэрыторыі дзяржавы. Таму зараз яны проста павялічылі перыядычнасць атак», – канстатаваў Ігнат.

Эфектыўнасць СПА – каля 90 %

СПА Украіны дэманструе высокую ступень эфектыўнасці: за травень было знішчана 177 са 198 расейскіх ракетаў (89%) і 377 з 413 дронаў-камікадзэ (91%). Асабліва варта адзначыць поспех украінскіх СПА падчас атакі з 17 на 18 траўня: тады было абвешчана пра знішчэнне адразу шасці ракетаў «Кінжал», якія раней у Расеі называлі «абсалютнай зброяй».

«У цэлым, эфектыўнасць прарыву СПА ў расейскіх ракет і дронов-камікадзэ сталі ніжэй за 10%, а эфектыўнасць саміх удараў да 5%. Такія вынікі сталі магчымыя дзякуючы таму, што дасведчаным экіпажам СПА паступаюць на ўзбраенне ўсё больш сучасныя сістэмы», – адзначае аглядальнік даследчай суполкі «Інфармацыйны супраціў» Аляксандр Каваленка.

Аднак закрыць неба на 100% украінскія СПА пакуль не ў стане. Таму амаль пасля кожнай атакі прыходзяць звесткі пра пацярпелых і разбурэнні. Нават калі ўсе паветраныя мэты знішчаны, атакі могуць наступствы, бо абломкі падаюць на жылыя дамы і іншыя аб’екты.

У ноч на 30 траўня Кіеў у выніку атакі дронаў адзін чалавек загінуў і 13 атрымалі раненні. У выніку ракетнай атакі ў ноч на 1 чэрвеня загінулі трое жыхароў украінскай сталіцы, у тым ліку 11-гадовае дзіця, а агулам пацярпелі 19 чалавек. У ноч на 2 чэрвеня абышлося без ахвяраў, але ад падзення абломкаў атрымалі траўмы 11-гадовы хлопчык і пажылы мужчына.

Якая мэта ў расейцаў?

Расея заяўляе, што ладзіць удары па цэнтрах прыняцця рашэнняў, прычым называе гэтыя ўдары эфектыўнымі. Аднак ніякіх пацверджанняў эфектыўнасці цяперашніх атак няма, як і ў прынцыпе доказаў таго, што расейцы цэляцца ва ўрадавыя кварталы, штабы, офісы спецслужбаў і вайсковыя аб’екты ў Кіеве. За апошні час быў толькі адзін пацверджаны выпадак атакі на вайсковы аэрадром, але не ў сталіцы, а ў Стараканстанцінаве Хмельніцай вобласці.

Людзі хаваюцца на станцыі метро падчас паветранай трывогі ў Кіеве, Украіна. 29 траўня 2023 года.
Фота: Evgeniy Maloletka / AP Photo / East News

У Паветраных сілах ЗСУ кажуць, што часцяком «высветліць, куды менавіта цэліў вораг, якая была мэта, нерэальна», бо многія ракеты знішчаюцца на вялікай вышыні, калі яны яшчэ не наблізілася да вызначанай мэты.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) і аналітыкі брытанскай выведкі мяркуюць, што Расея разлічвае пры дапамозе масіраваных ракетных абстрэлаў і ўдараў беспілотнікамі сарваць контрнаступленне ЗСУ. Галоўнай мішэнню кампаніі расейскіх атакаў мусяць стаць аб’екты ваенна-прамысловай і лагістычнай інфраструктуры Украіны ў глыбокім тыле. Аднак гэта ў тэорыі. А ў рэальнасці эксперты ISW канстатуюць, што цяперашнія ўдары не надта абмяжоўваюць магчымасці Украіны, у тым ліку таму што расейцы занадта засяроджаны на Кіеве.

Магчыма, Расея цяпер спадзяецца максімальна аслабіць украінскія СПА. Масіраваныя паветраныя атакі разлічаны на тое, каб перагрузіць супрацьпаветраную абарону і пераўтварыць самі зенітна-ракетныя комплексы, у тым ліку амерыканскія «Patriot», у мішэні. Разлік просты: чым больш цэляў прыходзіцца збіваць сістэме, тым больш уразлівай яна становіцца.

Паляванне на «Patriot» пакуль не дало вынікаў. Хаця Мінабароны РФ ужо двойчы заяўляла аб знішчэнні гэтай сістэмы, у рэальнасці ў ноч з 16 на 17 траўня былі толькі нязначна пашкоджаны генератар батарэі «Patriot» і частка электроннай сістэмы. Сама сістэма працягвае абараняць неба над Украінай. Прычым нават гэтыя нязначныя пашкоджанні былі атрыманыя занадта высокай цаной для РФ – масавым выкарыстанне дэфіцытных ракетаў «Кінжал» (падрабязней пра дуэль «Кінжалаў» і «Patriot» можна прачытаць тут).

Аналітыка
Без «чырвоных лініяў». Як вайна паступова дабіраецца да Масквы
2023.05.30 18:05

Ці надоўга хопіць запасаў?

Інтэнсіўныя ракетныя атакі скарачаюць запасы боепрыпасаў для сілаў СПА Украіны. Як вынікае са «злітых» у сеціва дакументаў амерыканскай выведкі, на Захадзе дэфіцыт боепрыпасаў СПА лічыць адной з найбольш сур’ёзных пагрозаў для бяспекі Украіны.

Аднак запасы ракет і магчымасці для іх вытворчасці ў Расеі таксама абмежаваныя. Аглядальнік «Інфармацыйнага супраціву» Аляксандр Каваленка звяртае ўвагу на вельмі характэрную наменклатуру выкарыстаных Расеяй боепрыпасаў падчас травеньскай хвалі паветранага тэрору. У прыватнасці, асноўную масу складаюць авіяцыйныя ракеты Х-101/555 – іх прасцей за ўсё вырабляць, але і ў плане прарыву СПА яны не надта эфектыўныя.

Паводле Мінабароны Украіны, на пачатак 2023 году ў расейскай арміі заставалася толькі 19% ад стратэгічнага запасу высокадакладных ракет, чым і тлумачылася значнае зніжэнне інтэнсіўнасці абстрэлаў у другой палове зімы – першай палове вясны. Таму наўрад ці Крэмль здолее працягваць масіраваныя атакі з той жа інтэнсіўнасцю без значных паўз.

Складаней сітуацыя з дронамі-камікадзэ «Shahed-136»: гэта вельмі танная зброя і Расея атрымлівае яе з Ірану. Украінскі бок лічыць, што цяпер расейцы мае дастаткова «шахедаў», каб запускаць іх фактычна штодзённа.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў