«Скачок у іншую рэальнасць». Гутарым з беларускай, якой вырвала частку пальца падчас амапаўскага налёту на клуб


Выпускніца філасофскага факультэту БДУ Вольга Сцепаненка пасля пратэстаў 2020 года з’ехала ва Украіну, а калі пачалася вайна – вярнулася ў Беларусь. Каб выжыць, стварала свой унутраны сусвет: медытавала і практыкавала ёгу. Але беларуская рэчаіснасць уварвалася ў яго ўжо праз паўгода. Падчас начнога амапаўскага налёту ў менскі клуб «Hide» Вользе з мясам вырвала частку сярэдняга пальца. Потым была камера ў Акрэсціна. І эміграцыя…

Вольга Сцепаненка ў касцёле Святой Ганны ў Варшаве, Польшча. 7 сакавіка 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

«У мяне так свядомасць змянілася, што, здаецца, я прачнулася – а вакол усё іншае, і я ўжо не ведаю, хто я. Для мяне тое, што адбылося, – скачок у іншую рэальнасць», – кажа Вольга Сцепаненка.

Акрэсціна як спосаб самапазнання

Калі мы сустрэліся (дзяўчына жыве ў Варшаве з 31 студзеня 2023 года), Вольга зрабіла нечаканую прапанову: «А давай паразмаўляем у касцёле». Зайшлі ў адную, амаль пустую на той час, варшаўскую святыню. Усярэдзіне было так ціха, а кожнае слова было такім гулкім, што размаўляць магчыма было хіба шэптам. Слова «АМАП» у гэтай прасторы зусім не вымаўлялася. Усміхнуліся адно аднаму (і Богу) – і вярнуліся ў кавярню.

«Быў такі момант у камеры на Акрэсціна, калі мы з дзяўчатамі сталі ў кола і вымаўлялі мантру «Ом». І адной дзяўчыне з нашай камеры, якой трэці раз запар дадавалі 15 содняў, расказвалі, што гэтае «Ом» чулася адусюль у ізалятары. Такі вось сюр», – расказвае Вольга.

Дзяўчына мае на шыі невялікі срэбны медальён на ланцужку. На ім – выява чалавека ў позе лотасу. І надпіс: «Ты сусвет, які пазнае сам сябе».

«Усё, што са мной адбылося, у тым ліку і Акрэсціна, стала для мяне спосабам самапазнання. У той замкнёнай прасторы я зразумела сваю ролю. Спазнала, што я моцная. Што магу кантраляваць свой стан і перадаваць людзям свой спакой. Усведамляла гэта як задачу. У кожнага там была свая роля», – разважае былая зняволеная ІЧУ на Акрэсціна.

У той чатырохмясцовай камеры змяшчаліся 14 жанчын. У кожнай свая гісторыя, свой шок, бо ніхто дакладна не ведаў, ці выйдзе ўвогуле адтуль на свабоду. Заснуць было цяжка. І тады Вольга Сцепаненка далучала ўсю камеру да сваёй ёгі-нідры. Вяла сваім ціхім голасам па стомленых целах зняволеных жанчын. І адчувала, як яны засынаюць.

«Ты сусвет, які пазнае сам сябе» – надпіс на менізніку Вольгі Сцепаненкі.
Фота: Карына Пашко / Белсат

«Калі б усе пачалі медытаваць, паважаць адно аднаго і чуць адно аднаго – не было б ніякіх войнаў і Акрэсцінаў. Трэба знайсці мір у сабе. І спакой. І распаўсюджваць гэта», – гаворыць Вольга.

«Чорныя, у масках, з ліхтарамі на лбах»

Беларусь для Вольгі – Terra patience (зямля пакутаў). Выжыць на тэрыторыі пакутаў можна толькі тады, калі ўзвышаешся над імі. Гэта вызваляе, а самая пакута ўспрымаецца, кажа Вольга, як першая высакародная праўда будызму: усё ёсць пакутай («Прыняць і зразумець, што гэта – модус быцця»). Сутыкненне з АМАПам, страта часткі пальца, содні на Акрэсціна, допыты ў следчага, эміграцыя – усё гэта можа быць падставай для духоўнага росту, лічыць нашая суразмоўца.

Але так: было цяжка, страшна і балюча…

5 лістапада 2022 года Вользе Сцепаненка споўнілася 27 гадоў. Напярэдадні яна яшчэ вагалася, ці адзначаць увогуле гэты дзень. Пастанавіла, што будзе, але зробіць гэта на свой лад. Распланавала і, як кажа, «ажыццявіла сцэнар». Спачатку – заняткі кундаліні-ёгаю, потым – кава з сястрой, пасля –  сустрэча з сяброўкай у «Чайнай пошце». Па спатканнях паўдзельнічала онлайн у «духоўных практыках», адзначыла для сябе, што 5 лістапада ў сусвеце адбываецца нейкі пералом, які можа вызначыць будучыню на наступныя 9 гадоў. Атрымала татэм на месяц – выпалі лебедзі, якія азначаюць звязак духоўнага і матэрыяльнага…

Вольга ўжо некалькі гадоў не была на тэхна-тусоўках. Але той дзень быў пражыты так удала, што захацела сустрэцца з яшчэ адной даўняй сяброўкай і патанцаваць у клубе «Hide» на Кастрычніцкай, там ладзілася серыя вечарынак «Паніка».

«Цяпер слухаю больш спакойнае – «соўл», «эмбіент». Але ў той дзень захацелася чагось драйвовага. У мяне шмат чаго ўнутры, і гэта трэба карміць (смяецца). Ну і пайшлі…» – расказвае дзяўчына.

Фота: Карына Пашко / Белсат

Кажа, што выпіла толькі адзін кактэйль. Недзе а палове на трэцюю ночы («Магла раней пайсці адтуль») купіла маленькае піва і была троху асобна ад натоўпу, недалёка ад уваходу. І тут – пачалося.

«Я была хіба першая, хто іх прымаў. Уварваліся з рыкам: «Усе на падлогу!» Я абарочваюся: чорныя, у масках – і з ліхтарамі на лбах. Гэта было жудасна! Першая думка: нейкае шоу… Іх было чалавек 15. А тут поўны клуб – 200-300 чалавек. І ўсе леглі на падлогу. Музыка спынілася…» – успамінае Вольга.

«Разарванае ўсё – і свішча кроў»

У памяці – мажны амапавец перад ёй, які гаркае: «Кладзіся!» І чапляе яе.

«І мая рука… Я не помню. Можа, па руцэ і даў. Шокавы стан. Тое, што памятаю: я падымаю руку і там – мяса, пазногця няма, разарванае ўсё, і свішча кроў. Свішча, свішча, свішча…» – распавядае Вольга.

Яшчэ адна карцінка з памяці («Гэта было як у кіно»): з самага цэнтру клубу, з падлогі, на якой ляжаць сотні людзей, падымаецца дзяўчына і са словамі «Божа мой, што з табой?» рушыць да Вольгі, ідзе, не зважаючы на крыкі амапаўцаў. Падыходзіць, дапамагае зняць майку, каб перавязаць ёю палец. Ім дазваляюць выйсці на вуліцу і выклікаць хуткую.

Вольга кажа, што праз шок яна зусім не адчувала болю. Расплакалася толькі ў лякарні. Потым даведалася, што ейная кроў у гардэробе фігуравала як «плямы ад кетчупу» («Ну кетчуп! Там было шмат крыві, шмат плямаў пакінула ў гэтым клубе»).

Дзяўчына ўспамінае, што ў прыёмным пакоі распавяла ўсё так, як і было: атрымала траўму праз АМАП. Дачакалася вельмі стомленага хірурга.

«Чакала нейкага падтрымання, але ўсё максімальна холадна. Укалоў, адрэзаў, зашыў. Усё. І запытаў у канцы: афармляем як крымінал? Я пытаюся: «А што вы параіце?» А ён: «Самі вызначайце…» Але дзяўчына, якая мяне прымала, сказала, што ўсё ўжо аформіла», – згадвае Вольга.

Пашкоджаная рука Вольгі Сцепаненкі.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Цяпер яна ўсведамляе, што, каб у тую ноч у лякарні не казала пра АМАП, а спаслалася б на бытавое здарэнне, ейная гісторыя не мела б працягу. А так – у дзверы пагрукалі ўжо праз гадзіну па прыездзе са шпіталю.

«Ён ведаў пра мяне ўсё»

«Я ўжо правальвалася ў сон. Паспела пераапрануцца, палец у гіпсе. «Вольга Дзмітрыеўна ўдома?» Думала, прыйшлі мяне абараніць. Думала, пойдзем паразмаўляем на кухні, я ім усё раскажу, а яны мне паспачуваюць. Скажуць: ну як жа так, мы разбяромся. Можа, нават матэрыяльную кампенсацыю прапануюць… Адзін у форме быў, другі ў цывільным. Згулялі ў добрага і кепскага паліцыянта. «Збірайцеся, мы вас адвязём у РАУС і адразу прывязем дадому». Я пачала збірацца…» – успамінае дзяўчына.

На нявыспаную, эмацыйна вычарпаную дзяўчыну, якая за адну ноч перажыла атаку АМАПу і ампутацыю фалангі пальца і якая мелася ў будучым (такі татэм!) звязваць духоўнае з матэрыяльным, завялі ў пастарунку справу за хуліганку («крычала, размахвала рукамі») паводле арт. 19.1 КаАП і кінулі ў «малпоўнік», а потым – на Акрэсціна. Яшчэ ў аддзяленні, не верачы, што такое можа адбывацца з ейным жыццём, спрабавала мяняць паказанні. Маўляў, усё, не было там АМАПу, я сама адарвала сабе палец, толькі пакіньце мяне ў спакоі і адпусціце дамоў. 

Не пакінулі і не адпусцілі. А пазней завялі яшчэ адну справу – за непраўдзівы выклік (ну калі не было АМАПу, дык нашто гвалт усчала…).

«Калі прымалі на ІЧУ, адзін сілавік мне: «Што з рукой? Удома лячыцца трэба! Што ты прыйшла сюды з гіпсам сваім?..» Гэта проста машына. Ты пераходзіш з рук у рукі. Цябе проста прапускаюць праз гэтую абесчалавечаную машыну. І яе не спыніць. І цяпер у мяне пытанне: што з гэтым усім рабіць, бо…» – і змаўкае.

Вольга вярнулася дамоў праз 15 содняў (судзілі на Акрэсціна праз «Скайп»). Але гэта не канец гісторыі. Па вызваленні яна пераехала пажыць у іншае месца ў Менску, змяніла тэлефон, уставіла сімку, зарэгістраваную на іншую асобу. Схавалася. І чакала званка наконт візы. Аднойчы пазванілі. «Вольга Дзмітрыеўна? Крымінальны вышук. Трэба сустрэцца». Вось тады, прызнаецца Вольга, зрабілася сапраўды страшна.

Фота: Карына Пашко / Белсат

«Ён ведаў пра мяне ўсё. Дзе начую, дзе перастаўляла сімку… ад іх не схавацца», – кажа дзяўчына.

Яна не помніць прозвішча следчага, да якога паехала на сустрэчу. Але ён паведаміў ёй, што ейная справа дайшла на міністэрска-генеральскі ўзровень і многія «сікаюцца ад страху», бо распачатая крымінальная справа, у якой Вольга выступае як пацярпелая. Адкрыў тоўсты том. Паказаў фота дзяўчыны, якая ратавала Вольгу ў клубе. Запытаўся: «А вы ведалі, што яна грамадзянка Нямеччыны?..»

«Што ўвогуле адбываецца, думаю. Я сказала: проста хачу, каб вы перасталі са мной узаемадзейнічаць. А ён мне казаў пра тое, што з гэтай справай могуць быць праблемы і што відэакамеры ў Беларусі цяпер апрацоўваюцца, а тых, хто ў 2020-м удзельнічаў у пратэстах, знаходзяць паводле твараў, а гэта 342-і артыкул…» – распавядае Вольга.

Следчы сам параіў дзяўчыне зʼязджаць з краіны, «калі ёсць такая магчымасць». Ці была гэтая парада шчырая, Вольга не ведае. Магчыма, закрыць справу, заведзеную супраць тых, хто «сікаецца», цяпер будзе лягчэй. Судзіцца ж з АМАПам у сучаснай Беларусі – справа гіблая.

«Гэтага нельга адпускаць, пакідаць»

«Тое, што цяпер  адбываецца ў Беларусі, падобнае да генацыду. Гэта генацыд. І мне здаецца, гэта нават больш жудасна, чым ва Украіне, бо свае ідуць на сваіх. І незразумела – навошта. Там да цябе не ставяцца як да паўнавартаснага чалавека. І пасля турмы ў мяне паралелі са стаўленнем да габрэяў, да Галакосту», – кажа Вольга Сцепаненка.

Яна толькі месяц у Варшаве. Не мае яшчэ сталага жылля. («Тут усё так лёгка, усё прыемна. Мне нават складана ўсё гэта прымаць, бо я прызвычаілася да цяжкасцяў, якія ў Беларусі сталі нормай…»). Гуляе па горадзе, заходзіць у мясцовыя касцёлы. Працягвае верыць, што свет можна змяніць і выратаваць медытацыяй. Але не толькі. Мае ідэю стварыць «Архіў Вольгі Сцепаненкі», накшталт архіву Рынгельблюму з Варшаўскага гета.

Фота: Карына Пашко / Белсат

«Гэтага нельга адпускаць, пакідаць. Калі за прычыненыя пакуты ніхто не панясе адказнасці, зло будзе працягвацца. Я ўпэўненая: трэба шукаць новыя спосабы, каб наладзіць жыццё ў нашым рэгіёне», – кажа мая суразмоўца.

У яе глыбокія блакітныя вочы і маленькая птушачка (тату) на ўнутраным баку запясця левай рукі – з адсечанай фалангай сярэдняга пальца. Пра птушачку кажа: руна факела, што азначае «сапраўдны шлях». 

Дзяўчына, якая носіць у сабе шмат святла і цеплыні. І шмат болю. З якой лёгка маўчаць (ці шаптацца), стоячы ў паўпустым варшаўскім касцёле.

«Тут праўда ляжыць сэрца Шапэна?» – пытаецца.

«Праўда, – кажу. – Як звязак матэрыяльнага і духоўнага». І мы з разуменнем пасміхаемся адно аднаму.

Наконт матэрыяльнага. Беларусы  падчас збору, зладжанага фондам «BYSOL», менш чым за тыдзень сабралі для Вольгі 2000 еўраў на жыллё ў Варшаве. А каб падтрымаць яе духоўна, пішыце нам: маем кантакт дзяўчыны.

Гісторыі
«Я крала туалетную паперу на Акрэсціна». Гутарка з дзяўчынай, якая сядзела з жонкай Зельцара
2023.03.03 07:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў