«Белпошта» вызначыла марку 2022 года. І гэта не «Белая сініца» ад «АПБ», якая была фаварытам


«Белпошта» абвесціла вынікі галасавання за «найлепшую паштовую марку Беларусі – 2022». Фаварыта конкурсу, марку «Белая сініца», падрыхтаваную ужо зліквідаванай арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны», знялі з удзелу ў галасаванні. У выніку пераможцам конкурсу стала марка «Службовыя памежныя сабакі Беларусі».

Крыніца: Белпошта

Галасаванне праходзіла з 12 да 28 снежня 2022 года, кожны ахвотны мог прагаласаваць за марку, якая яму спадабалася больш за ўсё. Да 23 снежня фаварытам была «Белая сініца». За яе было 2565 галасоў, за «Беларускі край. Віцебшчына» – 1103, за «Службовых памежных сабак Беларусі» – 960.  23 снежня, за пяць дзён да канца галасавання, арганізатары конкурсу ўмяшаліся ў працэс і марка «Белая сініца» была выдалена з галасавання.

Нагадаем, што марка «Белая сініца» падрыхтавана з дапамогай грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і міжнароднай асацыяцыі абароны птушак «BirdLife International». Улады зліквідавалі «АПБ», бо, на іх думку, «пад выглядам валанцёрства для ратавання птушак» арганізацыя ажыццяўляла «экстрэмісцкую дзейнасць». Дырэктар «АПБ» Віктар Фянчук быў асуджаны на 2,5 года пазбаўлення волі.

За шэсць гадзінаў, што прайшлі пасля зняцца лідара галасавання, «Беларускі край. Віцебшчына» набраў 52 галасы, а «Службовыя памежныя сабакі Беларусі» – усяго адзін голас. Пасля гэтага вынікі галасавання схавалі.

Крыніца: Белпошта

Пра конкурс актыўна пісалі дзяржаўныя медыі, але яго вынікі  яны цалкам праігнаравалі. Даведацца пра іх можна з інфармацыйнага ліста, які размясціла«Белпошта». Згодна з ім, у галасаванні ўзялі ўдзел 31 925 чалавек. Адзначым, што да зняцца «Белай сініцы» было 6115 галасоў – гэта вынік за 12 дзён. Выглядае так, што менавіта ў апошнія пяць дзён усе раптам кінуліся галасаваць – свае галасы у гэты час аддалі ажно 25 810 чалавек.

У выніку ў конкурсе перамагла марка «Службовыя памежныя сабакі Беларусі», якая набрала 15 930 галасоў. Адзначым, што гэта нават больш, чым у Беларусі памежнікаў – іх 12 000, і памежных сабакаў – іх крыху больш за 650.

Другое месца з вынікам 11 554 галасы займае марка «Беларускі край. Віцебшчына», усяго 1620 галасоў у маркі, якая заняла трэцяе месца – «Герб Добрушу».

Мы запыталі ў «Белпошты», чаму марка «Белая сініца» была адхілена ад конкурсу. Нам адказала намесніца генеральнага дырэктара ў эксплуатацыйнай дзейнасці Алена Драздовіч: «У сувязі з рашэннем арганізатараў».

Крыніца: Белсат

Цікава, што ў 2021 годзе найлепшую марку можна было выбіраць целы месяц. У выніку ў галасаванні ўзялі ўдзел 8982 чалавекі. Па выніках інтэрнэт-галасавання найлепшым прызналі паштовы блок «Каложскі абраз Божай Маці» з вынікам 3188 галасоў.

Алесь Ляўчук belsat.eu

Стужка навінаў