Казахстан гатовы абмяняць нафту на БелАЗы


“Казахстан гатовы пастаўляць нафту ў Беларусь”, – заявіў амбасадар Казахстану ў нашай краіне Анатоль Смірноў. Ён заявіў, што пытанне пастаўкі нафты будзе вырашацца пасля ўвядзення Адзінай эканамічнай прасторы. Мяркуецца, яна будзе створаная ў 2012 г.

Пакуль што Казахстан здабывае каля 80 млн тонаў нафты штогод, але неўзабаве аб’ём здабычы мае павялічыцца да 130 млн тонаў. Улады Беларусі спадзяюцца, што ім ўдасца арганізаваць пастаўкі, не аплачваючы іх чыстымі грашыма. Гаворка вядзецца пра бартэр.

Паводле амбасадара Казахстану, краіна гатовая купляць у Беларусі прадукцыю машынабудавання, хімічнай, мэблевай, харчовай ды іншых галінаўэканомікі.

Гэтаму паспрыяе рост таваразвароту паміж краінамі. За дзесяць месяцаў летась краіны нагандлявалі на $ 681 млн. У параўнанні з пазамінулым годам гэты паказнік вырас амаль удвая. Але найбольш вырас экспарт з Казахстану ў Беларусь – у 4,8 раза.

Незалежны эканаміст Ігар Пеліпась мяркуе, што такое пагадненне было б карыснае для эканомікі краіны. “Па-першае, разгружаюцца перапоўненыя склады з беларускай прадукцыяй. Але галоўнае – пастаўкі нафты працягнуць дыверсіфікавацца. Большая колькасць пастаўшчыкоў спрыяе эканамічнай незалежнасці краіны”, – лічыць эксперт.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары