Сто дзён – як адныя бясконцыя содні. Цяпер ужо складана ўзгадаць, што ж было на пачатку. Падзеяў так шмат, што па выніках кожнага дня можна пісаць лонгрыд. Мы пастараліся сабраць для вас асноўныя навіны ўсіх дзён пратэсту. І няхай гэта толькі малая частка таго, што адбывалася з беларусамі, агульная карціна зразумелая.
З самай раніцы ў Менску назіраюцца праблемы з інтэрнэтам, складана зайсці ў Telegram і на навінныя сайты.
Стаяць вялізныя чэргі да ўчасткаў для галасавання і ў Беларусі, і за мяжой. На некаторых участках людзі чакалі магчымасці прагаласаваць некалькі гадзін.
На ўчастак Святланы Ціханоўскай прыходзяць шматлікія ахвотныя яе падтрымаць. Вераніка Цапкала з’язджае ў Маскву і галасуе там. Многія выбарнікі складаюць бюлетэні гармонікам, фатаграфуюць іх для платформы «Голас».
Да вечара сілавікі перакрываюць цэнтр Менску, а АМАП прыязджае на ўчасткі для галасавання і разганяе людзей, якія прыходзяць даведацца пра вынікі. Пратаколы вывешваюць не паўсюль, з некаторых участкаў чальцоў камісіяў вывозяць сілавікі.
Людзі збіраюцца ля стэлы ў Менску, выходзяць і ў іншых гарадах. У Берасці супраць пратэстоўцаў распыляюць слезацечны газ. У Менску тых, хто сабраўся, жорстка разганяюць, ужываючы гумовыя кулі і святлошумавыя гранаты. Да глыбокай ночы ў сталіцы чуваць выбухі і сірэны хуткай дапамогі. Ля стэлы аўтазак збівае чалавека.
Па краіне за дзень затрыманыя больш за 3000 чалавек, шмат параненых.
Інтэрнэту ў краіне няма, людзі запампоўваюць VPN, спрабуюць зайсці на навінныя сайты і ў Telegram.
ЦВК паведамляе папярэднія вынікі: Лукашэнка – 80,23%, Ціханоўская – 9,9%. Ноччу падліку не было, ЦВК эвакуявалі.
Платформа «Голас» паведамляе, што больш за 80% зарэгістраваных на платформе карыстальнікаў прагаласавалі за Ціханоўскую.
Ціханоўская падае скаргу ў ЦВК і патрабуе паўторнага падліку галасоў.
Аляксандр Лукашэнка называе пратэстоўцаў авечкамі, якія «не разумеюць, што робяць, і імі пачынаюць ужо кіраваць».
ЗША назвалі выбары ў Беларусі несвабоднымі і несправядлівымі.
Вечарам аднаўляюцца пратэсты. Зноў грымяць святлошумавыя гранаты. Каля метро «Фрунзенская» сілавікі з 10-ці метраў выстрэльваюць у нагу журналістцы «Нашай Нівы» Наталлі Лубнеўскай. На праспекце Пушкіна ля кінатэатра «Аўрора» кантузіла фотакарэспандэнтку тэлеканалу «Белсат» Таццяну Капітонаву – каля яе выбухнула святлошумавая граната.
Ля метро «Пушкінская» ужываюць слезацечны газ, вадамёты, чуваць выбухі. Тут гіне Аляксандр Тарайкоўскі. Паводле МУС – ад разрыву ў руках выбуховага прыстасавання. Праз некалькі дзён зʼявіцца відэа, на якім бачна, што ён загінуў ад стрэлу ў грудзі.
Зноў шмат затрыманых не толькі ў Менску, але і ў іншых гарадах. СК узбудзіў 21 справу па фактах масавых закалотаў і гвалту ў дачыненні супрацоўнікаў міліцыі.
Зʼявілася відэа, на якім Святлана Ціханоўская ў кабінеце старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай зачытвае зварот. Проста з кабінету сілавікі вывозяць яе ў Літву.
На «Пушкінскую», дзе напярэдадні загінуў чалавек, нясуць кветкі, машыны сігналяць. Час ад часу тут зʼяўляецца АМАП, людзі ўцякаюць.
Міністэрства аховы здароўя заяўляе, што ў шпіталях знаходзяцца 200 пацярпелых.
У Берасці стрэлілі ў галаву Генадзю Шутаву. Ён становіцца другой ахвярай пратэстаў.
Лекары выйшлі на акцыю пратэсту супраць гвалту.
Жанчыны па ўсёй Беларусі выходзяць на вуліцы з кветкамі ў знак пратэсту супраць жорсткасці сілавікоў.
Кіраўнік МУС заяўляе, што «прынцыповая пазіцыя – журналістаў не чапаць».
ЦВК заяўляе, што «прававога механізму, каб выбарнікі маглі азнаёміцца з пратаколамі, на сённяшні дзень няма».
Да школ людзі нясуць свае дыпломы і граматы і мацуюць да платоў, каб паказаць сваё стаўленне да настаўнікаў, якія ўдзельнічалі ў падліку галасоў.
У Гомлі памірае 25-гадовы Аляксандр Віхор, затрыманы раней на мітынгу.
З Акрэсціна выпускаюць першых затрыманых: яны распавядаюць, як людзей змяшчаюць па 50 чалавек у камеры на чатыры месцы, выбіваюць зубы, засоўваюць у рот белыя бранзалеты і пагражаюць «навучыць, каго любіць і за каго галасаваць».
У сацсетках з’явілася некалькі публічных заяваў чыноўнікаў аб звальненні.
Па ўсёй краіне ўзнікаюць ланцугі салідарнасці. Да жаночага мірнага пратэсту далучыліся лекары, чыгуначнікі, працаўнікі МАЗа, БелАЗа, «Кераміна», МТЗ і шмат якіх іншых.
Міністр унутраных спраў Беларусі Юрый Караеў заявіў, што бярэ адказнасць на сябе за траўмы выпадковых людзей на пратэстах, якія трапілі «пад раздачу», і прыносіць выбачэнні.
Пачынаюць выпускаць тых, каго затрымлівалі 9-13 жніўня. Людзі збітыя. Вызваліліся – з блакітна-чорнымі сінякамі па ўсім целе, з пераломамі рэбраў, пальцаў, страсеннем мазгоў.
У Горадні вызваляюць журналіста hrodna.life Руслана Кулевіча – у яго пераломы абедзвюх рук.
Ля МКАД у ланцуг салідарнасці выстройваюцца айцішнікі.
Ціханоўская заяўляе, што ініцыюе стварэнне Каардынацыйнай рады для трансферу ўлады ў Беларусі.
Работнікі МТЗ пачынаюць страйк ды арганізаванай калонай ідуць да Дому ўрада.
Беларусы збіраюць грошы на медычную дапамогу для пацярпелых падчас мірных дэманстрацыяў, адвакаты паведамляюць, што бясплатна дапамогуць усім затрыманым на апошніх акцыях пратэсту.
У Менску на развітанне з Аляксандрам Тарайкоўскім прыйшлі тысячы людзей.
На заснавальніка канала NEXTA Сцяпана Пуцілу заводзяць крымінальную справу. Яго абвінавачваюць у арганізацыі масавых закалотаў і навучанні людзей для ўдзелу ў іх.
Праходзіць стыхійны мітынг ля Белтэлерадыёкампаніі.
Супраць былога кіраўніка ПВТ і незарэгістраванага кандыдата ў прэзідэнты Валерыя Цапкалы ўзбуджаюць крымінальную справу.
Каля Дому ўрада а 12:00 пачынаецца мітынг у падтрымку Лукашэнкі, удзельнікаў якога прывозяць на аўтобусах з усёй краіны. Лукашэнка выступае перад прысутнымі.
А 14:00 пачынаецца самая масавая ў гісторыі Беларусі акцыя пратэсту – збіраюцца, паводле розных ацэнак, ад 200 да 500 тысяч чалавек.
Выходзіць нумар «Комсомольской правды в Беларуси», на вокладцы якога фотаздымкі збітых людзей. Наклад раскупляюць, рэдакцыя выкладае нумар у інтэрнэт бясплатна. Кіёскі, у якіх прадавалася газета, спешна закрываюць.
У Гомлі хаваюць Аляксандра Віхора.
Лукашэнка прылятае на верталёце на Менскі завод колавых цягачоў. Супрацоўнікі заводу крычаць яму «Сыходзь!», Лукашэнка абяцае правесці выбары пасля прыняцця новай Канстытуцыі.
Звальняюць Паўла Латушку, заяву разам з ім піша ўвесь калектыў Купалаўскага тэатру.
Еўрапейская рада праводзіць экстранны саміт аб сітуацыі ў Беларусі, прызнае выбары нелегітымнымі.
Дом друку адмаўляецца друкаваць нумар «Камсамолкі» пра найбольш масавы ў гісторыі Беларусі пратэст з-за таго, што нібыта зламаўся друкавальны станок.
29-гадовага дырэктара Ваўкавыскага музею Канстанціна Шышмакова, які адмовіўся падпісаць пратакол выбарчай камісіі, знаходзяць мёртвым у Нёмне.
Лукашэнка заяўляе, што мэта ініцыяванай Ціханоўскай Каардынацыйнай рады – захоп улады.
У фонд салідарнасці з незаконна звольненымі сабралі больш за мільён еўраў.
Генадзь Шутаў, якому стрэлілі ў галаву, памірае ў вайсковым шпіталі ў Менску. СК паведамляе, што патроны былі баявымі.
Праходзіць першае пасяджэнне Каардынацыйнай рады: у Прэзідыуме пісьменніца Святлана Алексіевіч, юрыст Лілія Уласава, рабочы МТЗ Сяргей Дылеўскі, адвакат Максім Знак, палітолаг Вольга Кавалькова, музыка і выкладчыца Марыя Калеснікава, палітык Павел Латушка.
З радыё «Сталіца» звальняецца амаль увесь калектыў на знак пратэсту.
Больш за 200 спартоўцаў падпісваюць адкрыты ліст да ўлады.
АМАП разганяе групы падтрымкі страйкоўцаў побач з МТЗ і Атлантам.
Купалаўскі тэатр закрываюць на санапрацоўку: актораў і супрацоўнікаў не пускаюць у памяшканне.
Паводле супрацоўнікаў БТ, да працы на тэлеканале прыцягнулі спецыялістаў з Расеі.
Ужо другі нумар «Камсамолкі» не надрукавалі: зноў зламаўся станок.
Працоўныя «Беларуськалію» пачалі страйк, на прадпрыемстве стварылі страйкавы камітэт.
Ініцыятывы «Голас», «Зубр» і «Сумленныя людзі» сцвярджаюць, што на кожным трэцім выбарчым участку колькасць бюлетэняў за пэўнага кандыдата не супадае з колькасцю галасоў за яго ж у выніковым пратаколе УВК.
Пракуратура ўзбуджае крымінальную справу і лічыць, што стварэнне Каардынацыйнага рады накіравана на захоп дзяржаўнай улады.
Польшча следам за Літвой збіраецца спрасціць уезд для беларусаў.
На МТЗ прымушаюць падпісваць паперу на імя дырэктара, у якой напісана, што работнікі па-за палітыкай, што яны за стабільную працу заводу. Лідара стачачнага камітэту заводу Сяргея Дылеўскага выклікаюць у Следчы камітэт.
Лукашэнка заяўляе, што «бліжэйшымі днямі» вырашыць праблему з сітуацыяй у краіне.
Адвакат Максім Знак падае ў Вярхоўны суд скаргу Святланы Ціханоўскай аб прызнанні выбараў 9 жніўня несапраўднымі. Да скаргі прыкладаецца 25 папак з доказамі парушэнняў.
У Менску праходзіць акцыя «Ланцуг пакаяння». Людзі расцягнуліся ад Курапатаў да ІЧУ на Акрэсціна праз увесь горад.
Лукашэнка распавядае, што ў Беларусі «хочуць адсекчы Гарадзенскую вобласць».
Ужо ў трэці раз у Доме друку «ламаецца станок» і газета «Комсомольская правда» не выходзіць. Як паведамілі супрацоўнікі «Народнай волі», іх выданне таксама не выйшла ў тыраж.
У фонд салідарнасці BYSOL, які збірае грошы на дапамогу тым, хто застаўся без працы з палітычных прычынаў, неабыякавыя людзі пералічылі ўжо больш за $ 1,6 млн. Першыя звольненыя пачынаюць атрымліваць выплаты.
Лукашэнка выступае на праўладным мітынгу, называе большую частку фатаграфіяў збітых людзей «пастановачнымі кадрамі», заклікае дараваць сілавікам, «нават калі яны дзесьці памыліліся» і даручае закрыць «на замок» страйкоўцаў прадпрыемства. Таксама заяўляе, што яму ўпершыню за 25 гадоў давялося прывесці войска ў поўную баявую гатовасць. І пагражае, што страйкоўцаў-шахцёраў заменяць украінскія.
Міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка прызначаюць старшынём Гарадзенскага аблвыканкаму.
Зніклага пасля пратэстаў 12 жніўня 28-гадовага Мікіту Крыўцова з Маладзечна знаходзяць мёртвым у лесапарку на Парніковай вуліцы ў Менску.
У Літве выбудоўваецца 50-тысячны ланцуг салідарнасці з беларусамі – ад Вільні да мяжы з Беларуссю.
Стэлу ў Менску ачапілі вайскоўцы і акружылі калючым дротам, на падыходзе да плошчы Дзяржаўнага сцяга і Палаца Незалежнасці стаяць кардоны. Туды прыйшлі калоны дэманстрантаў і прыляцеў Лукашэнка – з верталёта ён выйшаў у бронекамізэльцы і з аўтаматам, побач з ім быў 15-гадовы Мікалай, таксама з аўтаматам і ў бронекамізэльцы.
Лукашэнка вызваляе ад пасады амбасадара Беларусі ў Славакіі, які падтрымаў пратэстоўцаў.
Міністэрства абароны паведамляе пра тое, як ВПС і Супрацьпаветраная абарона знішчылі на мяжы з Літвой «зонд з васьмі паветраных шароў з антыдзяржаўнай сімволікай пры спробе парушэння паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь».
Святлану Алексіевіч і Паўла Латушка выклікалі на допыт у Следчы камітэт.
Прадстаўніку стачкама МТЗ Сяргею Дылеўскаму даюць 10 содняў арышту. Хоць за яго прасіў гендырэктар заводу.
Дом Друку адмаўляецца друкаваць «БелГазету» і «Свабодныя навіны».
Вярхоўны суд адмовіў усім экс-кандыдатам у прэзідэнты ў распачынанні справы па скаргах.
Для тых, хто пацярпеў і пазбавіўся працы з-за палітычных рэпрэсіяў, сабралі ўжо больш за $ 1,7 млн.
Лукашэнка заявіў, што ў школах не павінны выкладаць тыя, хто не падзяляе прынцыпаў дзяржаўнай ідэалогіі.
У Горадні затрымалі 28 работнікаў «Горадня Азоту»: яны калонай ішлі ў цэнтр гораду. Лідар стачкаму «Горадня Азоту» Юрый Рававы з’язджае ў Варшаву.
Беларуская «Камсамолка» і «Народная воля» пачалі друкавацца ў Расеі. Але цяпер іх не бяруць у кіёскі. У КП прыходзіць дзяржкантроль – правяраюць службовыя кампутары адміністрацыі.
З Купалаўскага тэатру звольнілі 58 актораў і супрацоўнікаў.
Традыцыйная вечаровая акцыя на плошчы Незалежнасці ў Менску заканчваецца затрыманнямі.
У СК сцвярджаюць, што заяваў аб згвалтаваннях ад збітых пасля акцый пратэсту ў іх няма.
Міністэрства аховы здароўя звальняе дырэктара РНПЦ «Кардыялогія» Аляксандра Мрочака, раней лекары цэнтру выходзілі на пікеты.
Уладзімір Пуцін прызнае легітымнасць беларускіх выбараў.
МЗС масава пазбаўляе журналістаў замежных СМІ акрэдытацыі.
Следчы камітэт узбуджае крымінальныя справы праз ціск на дэпутацкі корпус.
Вядомага бізнесмена Аляксандра Васілевіча ўзялі пад варту.
Лукашэнку спаўняецца 66 гадоў. У Менску і іншых гарадах Беларусі прайшлі масавыя акцыі пратэсту. Колькасць затрыманых перавысіла сотню.
Да 16:00 людзі змаглі прыйсці да Палаца Незалежнасці, дзе спрабавалі дамагчыся перамоваў (пазней да іх выйшаў памочнік Аляксандра Лукашэнкі, але толькі пасля таго, як на плошчы засталіся некалькі дзясяткаў чалавек, і заявіў: «Ну якая ў вас большасць?»)
Да ачаплення ля Палаца Незалежнасці прыходзіць група з плакатам «Спартоўцы з народам», за ім стаяць плыўчыха Аляксандра Герасіменя і баскетбалістка Алена Леўчанка.
Лукашэнка зноў хадзіў ля Палаца Незалежнасці з аўтаматам у руках.
Мікалай Лукашэнка забірае дакументы з Ліцэю БДУ, куды ён паступіў летам.
Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча не пускаюць у Беларусь памежнікі. У Чырвоным касцёле нехта памяняў замкі ў дапаможных памяшканнях. Хто – дакладна не вядома.
У беларускай «Камсамолкі» новы галоўрэд – з Расеі.
КДК затрымаў чальца Прэзідыума Каардынацыйнай рады Лілію Уласаву.
На трое содняў затрымліваюць журналістаў, якія працавалі на студэнцкай акцыі пратэсту: Машу Эляшэвіч, Святаслава Зоркага і Мікіту Недаверкава з «Комсомольской правды в Беларуси», Надзею Калініну і Аляксея Суднікава з TUT.BY і Андрэя Шаўлюгу з БелаПАНа.
ААН паведаміла аб 450 выпадках катаванняў і 6 зніклых у Беларусі пасля акцыяў пратэсту.
На плошчы Пераменаў у Менску зафарбоўваюць мурал з дыджэямі пераменаў, мясцовыя жыхары змываюць фарбу.
Павел Латушка з’язджае з Беларусі ў Польшчу.
У офісе IT-кампаніі PandaDoc праводзяць ператрус, на чацвярых супрацоўнікаў заводзяць крымінальную справу. Сузаснавальнік кампаніі дапамагаў сілавікам, якія звольніліся.
Альпіністы здымаюць бел-чырвона-белыя сцягі з жылых дамоў.
Праходзяць суды над затрыманымі 1 верасня студэнтамі. Некаторым з іх ужо далі ад 5 да 15-ці содняў арышту.
Нязгодныя з вынікамі выбараў і абураныя жорсткасцю сілавікоў работнікі ААТ «Мазырскі НПЗ» пішуць калектыўны ліст на адрас кіраўніцтва заводу, у якім патрабуюць іх пачуць і адкрыта абмеркаваць падзеі апошніх тыдняў у краіне. Пад лістом падпісваецца амаль 1200 чалавек.
У Менск прыязджае расейскі прэм’ер-міністр Міхаіл Мішусцін. Лукашэнка распавядае яму пра «перахопленую размову Варшавы і Берліна», а таксама абвінавачвае Польшчу, Чэхію, Літву і Украіну ў кіраванні пратэстамі ў Беларусі.
Побач з галоўным будынкам МУС сабраліся каля 30 журналістаў беларускіх выданняў, прасілі міністра Юрыя Караева прыняць іх і адказаць на пытанні пра затрыманых калегаў. Міністр не выйшаў.
Журналістаў, якія працавалі на акцыях пратэстаў, суд прызнае вінаватымі і дае па трое содняў арышту. Сведкі былі ў балаклавах і без імёнаў. Журналісты выходзяць з ІЧУ, бо гэтыя тэрміны ўжо адседзелі.
Святлана Ціханоўская выступае перад Радай Бяспекі ААН і просіць арганізацыю дапамагчы Беларусі.
Апублікавалі перахопленую размову Варшавы і Берліна – гутарку вядуць Нік з Берліна і Майк з Варшавы. Смяецца ўвесь інтэрнэт.
Падчас прэс-канферэнцыі ў Польшчы сябар прэзідыуму Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова заяўляе, што не планавала з’язджаць з Беларусі. Ноччу яе вывезлі з ІЧУ на Акрэсціна, дзе яна адбывала 15 содняў арышту, і адвезлі на памежны пункт «Брузгі».
Праходзіць «Марш Еднасці» – да Палаца Незалежнасці прыйшло больш за 100 тысяч чалавек. Сілавікі ўжываюць слезацечны газ, затрымліваюць больш за 600 чалавек.
Каб пазбегнуць затрыманняў, людзі скачуць у Свіслач, з ракі іх дастае АСВОД і адвозіць на другі бераг. Усю змену ратавальнікаў вязуць у ізалятар на Акрэсціна. Міністр МУС Юрый Караеў кажа, што больш гуманнай міліцыі няма больш нідзе ў свеце.
Кіраўнік упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Мікалай Карпянкоў разбівае дубінкай шкло ў кавярні O’Petit на Нямізе, каб затрымаць людзей, якія там схаваліся.
Перад кавярняй O’Petit, дзе напярэдадні разбілі шкло, увесь дзень стаіць доўгая чарга з жадаючых купіць каву.
Сябраў сакратарыяту Кардынацыйнай рады Антона Раднянкова і Івана Краўцова вымушаюць з’ехаць за мяжу.
Сябра Кардынацыйнай рады Марыю Калеснікаву раніцай 7 верасня ў цэнтры Менску саджаюць у мікрааўтобус з надпісам «Сувязь» і вязуць у невядомым накірунку.
Марыя Калеснікава затрыманая і знаходзіцца ў Мазырскім памежатрадзе – на мяжы з Украінай яна парвала пашпарт і засталася ў Беларусі.
ФК «Крумкачы» аштрафаваныя на Br 3375 пасля матчу з ФК «Дынама», дзе яны выйшлі ў футболках супраць гвалту.
Затрымліваюць сябра Каардынацыйнай рады Максіма Знака і адваката Калеснікавай Іллю Салея.
Марыя Калеснікава – у СІЗА на вул. Валадарскага. Яна падазраваная ў крымінальнай справе аб «захопе ўлады».
У кватэру Святланы Алексіевіч грукаюць невядомыя – яна запрашае дадому журналістаў і дыпламатаў ЕЗ.
Шахцёр «Беларуськалію» Юрый Корзун на знак пратэсту прыкоўвае сябе кайданкамі да абсталявання і адмаўляецца падымацца на паверхню.
Святлане Ціханоўскай споўнілася 38 гадоў. Менчукі ў дварах віншуюць Святлану: ядуць бел-чырвона-белыя тарты, спяваюць і выкладваюць сэрцайкі са свечак.
Двое жыхароў Віцебску прыехалі ў Менск, каб папрасіць палітычнага прытулку ў амбасадзе Швецыі. Ім не адчынілі дзверы, яны пераскочылі праз плот.
Затрымліваюць журналістаў «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Максіма Калітоўскага.
У Менску праходзіць «Марш герояў» – затрымалі больш за 700 чалавек. У Берасці сілавікі ўжылі вадамёт для разгону мітынгоўцаў.
У менскай кавярні затрымліваюць фатографаў Аляксандра Васюковіча з «Новага часу» і Уладзя Грыдзіна з TUT.BY, ім даюць па 11 содняў.
Лукашэнка ў Сочы сустракаецца з Пуціным і дамаўляецца пра крэдыт на $ 1,5 млрд.
Пашпарт Тадэвуша Кандрусевіча прызнаюць несапраўдным.
Затрымліваюць жыхара плошчы Пераменаў Сцяпана Латыпава, які спрабаваў абараніць мурал з дыджэямі. На яго заводзяць крымінальную справу.
Украіна не прызнае беларускія выбары.
Унучкі Лукашэнкі Насця і Даша забіраюць дакументы з Ліцэю БДУ.
У МУС паведамляюць, што распачата 43 крымінальныя справы за пагрозы супрацоўнікам міліцыі. Інфармацыю аб згвалтаваннях з боку супрацоўнікаў міліцыі падчас пратэстных акцыяў у ведамстве называюць фэйкам.
На праспекце Незалежнасці ў Менску праходзіць праўладнае шэсце з чырвона-зялёнымі сцягамі і абразамі.
Незалежныя беларускія СМІ выходзяць без фотаздымкаў на знак салідарнасці з затрыманымі фатографамі.
На «Менск-Арэне» прайшоў канцэрт для жанчын, на якім Лукашэнка расказаў аб закрыцці межаў з захадам.
З Акадэміі навук сыходзіць кіраўнік Інстытуту сацыялогіі Генадзь Коршунаў. Гэта ён прызнаваў, што вясной узровень даверу Лукашэнкі ў Менску быў 24%.
Гомельскаму журналісту Яўгену Меркісу даюць 15 сутак.
Менчукі прыдумляюць бел-чырвона-белыя сцягі сваіх раёнаў.
МУС рассылае SMS з просьбай паведамляць у міліцыю пра незарэгістраваную сімволіку.
На нядзельны «Марш справядлівасці» ва ўсёй краіне выходзіць больш за 100 тысяч чалавек – затрымалі не менш за 230 чалавек.
Міліцыя ў Берасці распыляе слезацечны газ, а потым робіць папераджальны стрэл у паветра.
У Горадні амапаўцы цягнуць у аўтазак відавочна цяжарную жанчыну, якая крычыць пра гэта. У гэтым жа горадзе затрымліваюць актораў. Іх калегі, даведаўшыся пра гэта, адмовіліся дайграваць спектакль.
Алег Кудзелка – яшчэ адзін работнік «Беларуськалію», які адмаўляецца выходзіць з шахты ў знак пратэсту супраць таго, што адбываецца ў краіне і на прадпрыемстве.
Кавалак тканіны з надпісам «Гэта не сцяг» знялі з пад’ёмнікам з балкону ў Менску.
Праводзіцца ператрус у кватэры галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча.
У Палацы Незалежнасці праходзіць таемная інаўгурацыя Лукашэнкі. Адразу пасля яе ў Менску пачынаюцца стыхійныя акцыі пратэсту – затрымліваюць 360 чалавек. Адзін з пратэстоўцаў эфектна, як у кіно, з’язджае ад сілавікоў на таксі.
Сын міністра замежных справаў Уладзіміра Макея звальняецца з МЗС.
Затрымліваюць адваката Марыі Калеснікавай Людмілу Казак.
Лукашэнка папярэджвае, што беларускім студэнтам, якія навучаюцца ў Польшчы, прыйдзецца пацвярджаць дыпломы ў Беларусі.
У гімназію №2 Горадні прыязджае міліцыя і раздае дзецям дручкі і шлемы.
Суд прызнае галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча вінаватым і прысуджае штраф у Br 405.
Нобелеўскі лаўрэат і сябар прэзідыума Каардынацыйнай рады Святлана Алексіевіч ляціць у Нямеччыну.
Святлана Ціханоўская сустракаецца з прэзідэнтам Францыі Эманюэлям Макронам.
Міністэрства інфармацыі на тры месяцы пазбаўляе TUT.BY статусу СМІ.
Вялікая Брытанія і Канада ўводзяць санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі, яго сына Віктара і сілавікоў.
Баскетбалістцы Алене Леўчанцы даюць 15 содняў за ўдзел у маршах пратэсту.
Зніклы напярэдадні блогер Эдуард Пальчыс знайшоўся на Акрэсціна.
Італьянскі Vogue публікуе фота Ніны Багінскай.
МУС рассылае SMS: «Вы ўстаноўленыя як парушальнік парадку правядзення масавых мерапрыемстваў». Аўтары паведамлення просяць «не дапускаць памылак».
Уводзяць новы парадак акрэдытацыі замежных журналістаў.
МУС пагражае адміністрацыйнай адказнасцю бацькам, якія прыходзяць з дзецьмі на акцыі пратэсту.
У Ваўкавыску падпалілі дом і машыну міліцыянта.
Еўразвяз уводзіць санкцыі ў дачыненні да 40 афіцыйных асобаў Беларусі. МЗС Беларусі адклікае амбасадараў «для кансультацый» і патрабуе ў амбасадаў Польшчы і Літвы скараціць колькасць дыпламатаў, якія працуюць у Беларусі.
БТ падпісвае Літву ў сюжэце «былой савецкай рэспублікай Літвой», Польшчу – «былой Польскай Народнай Рэспублікай».
Намеснік кіраўніка МУС Генадзь Казакевіч кажа ў эфіры БТ, што згвалтаванні мужчын не пацвердзіліся, таму што паводле заканадаўства гэта немагчыма.
У больніцы памірае 41-гадовы Дзяніс Кузняцоў. Яго прывезлі з Акрэсціна з праламаным чэрапам. Паводле сілавікоў, было «падзенне з другога яруса нараў».
У Гомлі абшукваюць кватэру і затрымліваюць галоўнага рэдактара партала «Сильные новости» Ганну Якштас і яе мужа.
Марш вызвалення палітвязняў – дзясяткі тысяч беларусаў зноў выходзяць на вуліцы. Затрымалі каля 200 чалавек, а сілавікам зламалі вадамёт.
У Горадні распыляюць у твар 13-гадовай дзяўчынцы слезацечны газ і зацягваюць яе ў аўтазак.
Ля Чырвонага касцёла ў Менску на марш збіраюцца пенсіянеры: ідуць па праспекце, падыходзяць да МДЛУ, каб падтрымаць студэнтаў-пратэстоўцаў.
На 19 чалавек заводзяць крымінальныя справы за распаўсюджванне ў інтэрнэце дадзеных пра супрацоўнікаў міліцыі. Сярод фігурантаў ёсць жанчына-паштальён.
Затрымліваюць і асуджаюць 27-гадовага Мікіту Ігнацюка. Ён сфатаграфаваўся ў нядзелю з гідрантам, які ўдзельнікі акцыі пратэсту выцягнулі з вадамёта.
Святлана Ціханоўская сустракаецца ў Берліне з Ангелай Меркель і дорыць ёй бел-чырвона-белы парасон і кнігу.
Пракуратура адмаўляецца даць справаздачу аб расследаванні катаванняў у ЦІП і ІЧУ.
Спартсменку 2019 года ў Беларусі, чэмпіёнку свету па фрыстайле Аляксандру Раманоўскую звальняюць за прагулы. Раней яна адкрыта крытыкавала гвалт.
На Акрэсціна мяняюць правілы: цяпер перадачы зняволеным можна перадаваць не кожны дзень, а толькі па чацвяргах.
Літва блакуе выдзяленне сродкаў Беларусі ў рамках праграмы ЕЗ.
Ціханоўская выступае перад дэпутатамі Нацыянальнай асамблеі Францыі.
Сын мэра Віцебску праводзіць 13 содняў у ЦІП на Акрэсціна і ІЧУ ў Жодзіне.
У Менску з абразамі, распяццем і гваздзікамі праходзіць праўладнае шэсце.
Палітык Анатоль Лябедзька затрыманы, яму даюць 15 содняў арышту.
Візавыя цэнтры Літвы і Польшчы ў Беларусі часова перастаюць прымаць дакументы на візы.
Лукашэнка прыязджае ў СІЗА КДБ і праводзіць круглы стол з банкірам Віктарам Бабарыкам, яго сынам Эдуардам, блогерам Сяргеем Ціханоўскім, Максімам Знакам і іншымі палітвязнямі.
Сяргей Ціханоўскі ўпершыню за 134 дні тэлефануе жонцы.
У Менску застаюцца паслы толькі дзвюх краін ЕЗ – Аўстрыі і Італіі.
У Менску праходзіць Глабальны жаночы марш, яго ўдзельніцы гуляюць па горадзе з кветкамі.
Праходзіць Марш гонару, на якім затрымліваюць больш за 40 журналістаў і каля 700 удзельнікаў.
Бізнесмен Юрый Васкрасенскі і дырэктар IT-кампаніі PandaDoc Дзмітрый Рабцэвіч выходзяць на волю. Яны былі на круглым стале з Лукашэнкам.
У Менску і рэгіёнах праходзяць маршы пенсіянераў. Пратэстоўцаў частуюць піражкамі. МУС ужывае святлошумавыя патроны і слезацечны газ.
У МУС лічаць, што пратэсты сталі больш радыкальнымі, заявілі аб гатоўнасці прымяніць баявую зброю.
Лідар стачкаму МТЗ Сяргей Дылеўскі з’язджае ў Варшаву, баючыся за сваю бяспеку.
Жорстка затрымліваюць аднаго з уладальнікаў кветкавага магазіна «Первый цветной» Максіма Харошына. Мужчына моцна збіты – з РУУС яго вязе хуткая.
Вызваляюць яшчэ двух фігурантаў справы PandaDoc.
Трохразовы прызёр Алімпійскіх гульняў Аляксандра Герасіменя пераязджае ў Вільню і ўзначальвае Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці. Чэмпіён свету па тайскім боксе і кікбоксінгу Віталь Гуркоў з’язджае ва Украіну.
Праходзіць Марш маці.
У краму «Первый цветочный» увесь дзень стаіць чарга.
Два амапаўцы ў балаклавах і са змененымі галасамі заяўляюць на тэлеканале СТВ, што не сыдуць з беларускіх вуліц.
Кіраўнік БПЦ мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веньямін забараняе спяваць «Магутны Божа».
Адваката Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай Аляксандра Пыльчанку пазбаўляюць ліцэнзіі.
Майстар-выбухнік «Беларуськалію» Аляксандр Курбан пасля начной змены адмаўляецца падымацца з шахты.
У Менску праходзіць марш людзей з інваліднасцю.
У Менску пратэстоўцы з раніцы блакуюць кальцавую дарогу.
Начальнік ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў кажа, што да пратэстоўцаў будзе «гуманна ўжытая зброя, у тым ліку і агнястрэльная».
У Горадні асуджаюць дырэктара дзіцячага госпісу Вольгу Вялічку – яе затрымалі напярэдадні на дабрачыннай сустрэчы.
На жаночым маршы і студэнцкай акцыі затрымліваюць журналістаў: Дар’я Спевак атрымлівае 13 содняў, Вадзім Заміроўскі, Усевалад Зарубін і Арцём Маёраў – па 15.
Адваката Іллю Салея адпускаюць дадому з СІЗА.
Праходзіць маштабны «Партызанскі марш» – затрымліваюць 280 чалавек. У Менску страляюць (ГУУС кажа, што ў паветра, але на відэа выглядае інакш).
Кіраўнік ГУБАЗіКа Мікалай Карпянкоў заяўляе, што на вуліцы засталіся толькі «вулічныя бандыты, найбольш радыкальная частка, падсілкавалі іх грашыма, дзесьці наркотыкамі і алкаголем».
Нарвежскі дэпутат вылучае на Нобелеўскую прэмію міру Ціханоўскую, Калеснікаву і Цапкалу.
Уладальнік кветкавай крамы Максім Харошын з’язджае з Беларусі на рэабілітацыю.
Вызваленыя паліттэхнолаг Віталь Шкляраў і член прэзідыума КР Лілія Уласава. Яны былі сярод удзельнікаў сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА КДБ.
У Менску прайшло два шэсці пенсіянераў – адно праўладнае, а другое пад бел-чырвона-белымі сцягамі.
Лагатып і публікацыі Telegram-каналу NEXTA і NEXTA-Live прызнаюцца экстрэмісцкімі.
Лукашэнка называе 73-гадовую актывістку Ніну Багінскую перакананым чалавекам і кажа «не забіраць яе з плошчаў.
53-гадовую жанчыну з Нясвіжа вязуць у РАУС з-за бел-чырвона-белага касцюмчыка яе сабачкі.
Хлопцу, які сфатаграфаваўся з дэталлю ад вадамёту, за пару гадзінаў збіраюць Br 20 тысяч на адваката.
На два месяцы падаўжаюць тэрмін зняволення Паўлу Севярынцу. Спіс палітвязняў у Беларусі павялічваецца да 102 чалавек.
У Пінску суддзя пасля выбараў адмаўляецца ад справаў па арт. 23.34 КаАП і звальняецца.
У Гарадзенскім дзіцячым госпісе праходзіць ператрус.
Прэмія Сахарава за 2020 год у галіне правоў чалавека прысуджаная беларускай апазіцыі.
Лукашэнка заяўляе, што праўладны мітынг на 300 тысяч чалавек не адбудзецца праз тое, што было занадта шмат жадаючых у ім паўдзельнічаць.
У Добрушы затрымліваюць адміністратара Telegram-каналу «Данные карателей Беларуси» – яму 15 гадоў.
Праходзіць марш «Народны Ультыматум». Да вечара мірных пратэстоўцаў разганяюць святлошумавымі гранатамі. Сілавікі бегаюць па дварах і пад’ездах у раёне вуліцы Арлоўская. АМАП урываецца ў прыватную кватэру, каб схапіць людзей, якія там схаваліся. На маршы затрымана больш за 500 чалавек.
Пачынаецца агульнанацыянальная забастоўка – удзельнічаюць «Горадня Азот» «Беларуськалій«, МТЗ «Атлант» і іншыя. Работнікаў «Беларусьнафты», якія выйшлі на страйк, звальняюць.
У Менску праходзіць аб’яднаны марш студэнтаў і пенсіянераў.
Ініцыятыва BY_help выдаткавала на дапамогу пацярпелым пасля выбараў больш за $ 1,1 млн.
Лукашэнка кажа пра разгон на Арлоўскай: «Гэта быў мой загад, прыйшлося з кватэр выцягваць гэтых наркаманаў».
Паводле артыкулаў аб масавых беспарадках распачалі 500 крымінальных справаў. Па заявах збітых міліцыяй – ні аднаго.
Абвяшчаюць пра страйк 35 супрацоўнікаў БДУІР, выкладчыкі і студэнты Інстытуту замежных моваў, Лукашэнка заклікае іх рэпрэсаваць.
З заводаў пачынаюць звальняць работнікаў, якія ўдзельнічалі ў страйку.
У будынак ДАІ ў Мазыры кідаюць кактэйль Молатава.
Юрыя Караева адпраўляюць у адстаўку, замест яго міністрам МУС становіцца Іван Кубракоў. Экс-кіраўніка КДБ Валерыя Вакульчыка робяць памочнікам прэзідэнта па Берасцейскай вобласці, Караева – па Гарадзенскай.
Лукашэнка прапануе прыцягнуць былых вайскоўцаў у народныя дружыны і даць ім зброю.
Лукашэнка патрабуе прыняць меры аб непрызнанні атрыманых за мяжой дыпломаў.
Беларусь закрывае межы з Літвой, Латвіяй, Польшчай і Украінай.
Закрываюць кафэ і рэстараны, якія ўдзельнічалі ў забастоўцы. Масава звальняюць выкладчыкаў ВНУ і адлічваюць студэнтаў.
Лукашэнка называе Латушку «лахушкай» і распавядае пра «раздрай» у апазіцыі.
Адлічваюць 20 студэнтаў медуніверсітэту, іх падтрымліваюць аднагрупнікі, выкладчыкі і лекары.
У краіну не могуць уехаць беларусы, якія вучацца за мяжой.
Збіраюцца зрабіць больш жорсткім пакаранне за ўдзел у акцыях і «незаконнае выкарыстанне сцягоў»: штраф – да 200 базавых (Br 5400), арышт – да 30 содняў.
У Жодзіна судзілі 75-гадовую жанчыну па фота з бела-чырвонай пасцілой – «выказвала пратэст зяфіркай».
Праходзіць чарговы нядзельны марш пратэсту. Дэманстрантаў разганялі асабліва жорстка: супраць пратэстоўцаў выкарыстоўвалі святлошумавыя гранаты, людзей адлоўлівалі па дварах, а на полі побач з Курапацкім лесам сілавікі «зладзілі сафары» – пераследавалі дэманстрантаў на аўтамабілях. Больш за 310 затрыманых.
Пасля нядзельнага маршу следчыя распачалі крымінальную справу паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) – падазраюць 231 затрыманага напярэдадні.
Выкладчыкі медычнага ўніверсітэту збіраюць подпісы ў падтрымку адлічаных студэнтаў.
Бацькі студэнтаў-платнікаў БДУІР рыхтуюць зварот да рэктара з патрабаваннем спыніць пераслед студэнтаў за іншадумства, а таксама спыніць звальненне выкладчыкаў. Інакш адмовяцца плаціць за вучобу.
Выкладчыкі МДЛУ падпісаліся пад адкрытым лістом да рэктара ВНУ з просьбай аднавіць адлічаных студэнтаў і вярнуць на працу звольненых калегаў.
У Менску праходзіць акцыя салідарнасці побач з НПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі – у руках у людзей плакаты «Вызваліце нашых лекараў» і «Чаму лекары на Акрэсціна?»
Адпраўляюць на содні лекараў, якія былі затрыманыя на акцыі салідарнасці са студэнтамі, адлічанымі з медуніверсітэту.
Лукашэнка заяўляе, што аддаў распараджэнне камандуючаму памежнымі войскамі не пускаць у краіну не толькі людзей з чужым пашпартам, але і тых «разумных» беларусаў, якія выехалі за межы нашай краіны ў гэты няпросты час.
У кватэры, дзе жыве Ніна Багінская, праходзіць ператрус.
Еўразвяз уводзіць санкцыі супраць Лукашэнкі і яшчэ 14 чыноўнікаў.
На работнікаў БМЗ заводзяць крымінальную справу з-за забастоўкі і выстаўляюць ім рахунак за прыпынак печаў.
У медуніверсітэце сталі аднаўляць «адлічаных» студэнтаў.
У Менску адкрылі трэцюю лінію метро, Лукашэнка паабяцаў правесці новыя выбары.
АБСЕ заклікае ўлады Беларусі правесці новыя выбары прэзідэнта. МЗС Беларусі не згодны.
Лукашэнка ўрачыста адкрывае БелАЭС.
На акцыі лекараў каля 1-й больніцы ў Менску затрымана амаль 60 чалавек.
Затрымалі журналістку «Нашай Нівы» Кацярыну Карпіцкую – ёй далі 15 содняў.
Пасля дваровых канцэртаў затрымліваюць гурт «Рэха» і музыку Паўла Аракеляна.
У Менску людзям не даюць сабрацца ў вялікую калону на штотыднёвы марш. Удзельнікі невялікімі групамі гуляюць па горадзе. Колькасць затрыманых перавысіла 1000 чалавек. Шмат збітых.
Зміцер Дашкевіч выходзіць на волю пасля 15 содняў арышту і заяўляе пра катаванні на Акрэсціна.
Першы блок Беларускай АЭС перастае выпрацоўваць магутнасць – выйшлі з ладу трансфарматары напружання.
Паміж дамамі ў Менску вешаюць трохметровыя бел-чырвона-белыя трусы.
Праваахоўныя органы блакуюць рахункі беларусаў, якія атрымлівалі кампенсацыі ад ініцыятывы BY_help.
Лукашэнка пагражае ліквідацыяй тым прыватным кампаніям, у якіх да канца года не з’явяцца прафсаюзы.
У Купалаўскім тэатры набіраюць новую трупу – на праслухоўванні выклікалі студэнтаў.
Праваабаронцы паведамляюць, што на прыхільнікаў пераменаў у Беларусі завялі ўжо 900 крымінальных справаў.
Увечары невядомыя ў масках прыязджаюць здымаць бел-чырвона-белыя стужачкі на плошчы Пераменаў, пачынаецца бойка. Апошняе паведамленне, якое 31-гадовы Раман Бандарэнка піша ў дваровым чаце: «Я выходжу!» Яго збілі, завялі ў мікрааўтобус і павезлі ў Цэнтральнае РУУС. Праз паўтары гадзіны хлопца прывезлі ў больніцу з ацёкам мозгу.
У прадстаўніка Ціханоўскай па справах моладзі і студэнтаў Аланы Гебрэмарыям праходзіць ператрус. Сілавікі прыходзяць яшчэ да некалькіх актывістаў.
Людзі становяцца ў ланцугі салідарнасці, ладзяць мемарыялы памяці Рамана Бандарэнкі.
Следчы камітэт прыпыняе праверку па справе Аляксандра Тарайкоўскага. Крымінальная справа да гэтага часу не ўзбуджаная, хоць ёсць сведка гібелі мужчыны.
АМАП прыходзіць у рэдакцыю «Народнай волі» – канфіскоўваюць наклад свежага нумара газеты.
Акадэміку Аляксандру Мрочаку падпальваюць дачу – на месцы пакінулі ляльку з акрываўленымі вачыма і цыдулку з пагрозамі.
Жалобная варта на плошчы Пераменаў стаіць суткі – людзі ўвесь дзень прыходзяць у двор на Чарвякова з лампадкамі і кветкамі.
Мужчына ў шэрай вопратцы, які напаў на Рамана Бандарэнку на плошчы Пераменаў, аказваецца вельмі падобны на вядомага спартоўца, чэмпіёна свету па тайскім боксе і кікбоксінгу Дзмітрыя Шакуту.
Фонд салідарнасці BYSOL пасля блакавання рахункаў запускае яшчэ адзін праект.
Нацыянальнае антыкрызіснае кіраванне (беларуская апазіцыя) сцвярджае, што мае копію ўнутранай справаздачы МУС. Згодна з дакументам, з 9 жніўня па 3 лістапада ў краіне былі затрыманыя 25 800 чалавек за «парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і ўчыненне іншых правапарушэнняў пры іх правядзенні». Складзена больш за 24 тысячы адміністрацыйных пратаколаў. Пададзена 4000 заяў аб гвалце з боку супрацоўнікаў сілавых структур.
Праходзіць марш памяці Рамана Бандарэнка «Я выходжу». На плошчы Пераменаў сілавікі ладзяць зачыстку. Затрыманыя больш за 1000 чалавек па ўсёй краіне.