Кіраўніка каталіцкага касцёла Беларусі, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які вяртаўся з Польшчы, беларускія памежнікі не ўпусцілі ў Беларусь. Інфармацыю belsat.eu пацвердзіў Юры Санько, прэс-сакратар Канферэнцыі каталіцкіх епіскапаў Беларусі.
Юры Санько, прэс-сакратар Канферэнцыі каталіцкіх епіскапаў Беларусі, паведаміў «Белсату», што пакуль невядома, на якой падставе мітрапаліта Кандрусевіча не ўпусцілі ў Беларусь.
«Мы спрабуем разабрацца ў сітуацыі і зрабіць усё магчымае, каб яго пусцілі ў Беларусь», – заявіў ён.
«Не пусцілі і ўсё, больш я нічога не ведаю. Сказалі: «без каментароў». Сказалі, што мне забаронены ўезд у Беларусь і больш нічога. Цяпер гэтым пытаннем займаецца Курыя», – распавёў «Белсату» Тадэвуш Кандрусевіч.
Мітрапаліт Кандрусевіч мае беларускае грамадзянства.
Генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі афіцыйна паведаміў, што 31 жніўня супрацоўнікі памежнай службы Рэспублікі Беларусь адмовілі ва ўездзе ў краіну Мітрапаліту Менска-Магілёўскаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
Біскуп Юрый Касабуцкі ўдакладніў, што ў панядзелак 31 жніўня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч вяртаўся з замежнай службовай паездкі.
«Гэтую канкрэтную сітуацыю прэс-служба не каментуе», – адказаў прэс-сакратар Памежнага камітэтут Антон Бычкоўскі на пытанне нашага карэспандэнта на якой падставе не ўпускаюць Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ў Беларусь.
На мінулым тыдні ў адным з галоўных касцёлаў Менску, у Чырвоным касцёле хаваліся пратэстоўцы, якія выступаюць за адстаўку кіраўніка краіны.
15 жніўня Мітрапаліт Кандрусевіч заклікаў улады Беларусі, у тым ліку Аляксандра Лукашэнку, спыніць гвалт.
Мітрапаліт заявіў, што пралітая кроў на вуліцах беларускіх гарадоў, а таксама збіццё дэманстрантаў, жорсткае абыходжанне з імі і ўтрыманне ў нечалавечых умовах у месцах зняволення – гэта «цяжкі грэх на сумленні тых, хто аддае злачынныя загады і творыць гвалт».