«Тэст на дэмакратыю». Латушка запытаўся ў Еўразвязу, што перашкаджае прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці


Намеснік Святланы Ціханоўскай, кіраўнік НАУ Павел Латушка на адкрыцці Беларускай канферэнцыі ў Талліне заявіў, што Лукашэнка – ваенны злачынец, і заклікаў Еўразвяз зрабіць усё, каб прыцягнуць яго да адказнасці.

Павел Латушка, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па транзіце ўлады, прымае ўдзел у паседжанні. Варшава, Польшча. 2 кастрычніка 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Дэмакратыя пачынаецца з адказнасці. 2020 год даў магчымасць беларусам узяць адказнасць за свой цывілізаваны выбар. 2020 год – дасягненне беларускага народу», – заявіў Латушка.

Намеснік Ціханоўскай нагадаў, што ў 2020 годзе супраць беларусаў была ўжытая сіла, аднак яны не адказалі на гэта гвалтам, і ўзялі на сябе адказнасць за цывілізаваны выбар.

«Мы адказныя і сёння, не перакладваем гэтую адказнасць на іншых. Але ці дэмакратычны свет узяў адказнасць за Беларусь? На жаль, не», – сказаў палітык.

Каментар
«Мэсідж усёй сістэме Лукашэнкі». Кіраўнік НАУ папярэдзіў сілавікоў пра немінучую адказнасць
2023.10.21 09:22

Латушка заявіў, што пакуль «злачынец Аляксандр Лукашэнка, ваенны злачынец, чалавек, адказны за злачынствы супраць чалавечнасці, не будзе стаяць пад пагрозай адказнасці, дэмакратыя ў Беларусі не пераможа». Таму, паводле кіраўніка НАУ, стратэгіяй на сённяшні дзень павінна стаць мэта зрабіць усё, каб на падставе сабраных за апошнія гады матэрыялаў прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці.

«Злачынствы супраць украінскіх дзяцей, ваенныя злачынствы, 136 тысяч ахвяраў злачынстваў супраць чалавечнасці ў перыяд з мая 2020 па май 2023 года – матэрыялы перадаюцца ў Міжнародны крымінальны суд. Справы ў нацыянальных юрысдыкцыях па фактах гвалту ў адносінаў да беларусаў, – сказаў Павел Латушка. – Што перашкаджае прыцягненню да адказнасці? На мой пункт гледжання як юрыста – нічога. Патрэбна палітычная воля. Зрабіце адзін крок».

Латушка мяркуе, што такім чынам сёння Еўразвяз праходзіць тэст на дэмакратыю.

«Гэта тэст. Тэст на дэмакратыю. Тэст, які праходзіць не толькі беларускі народ, але і Еўрапейскі звяз. Калі на прыкладзе Беларусі Еўрапейскі звяз, еўрапейская дэмакратыя яго не пройдзе, ці будзе вера ў беларусаў у дэмакратыю? Ці будуць гэтыя перспектывы зменаў у 2025-ым?Дэмакратыя не пераможа, пакуль не наступіць адказнасць», – рэзюмаваў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету.

На пачатку кастрычніка пракуроры Польшчы прынялі рашэнні аб абвяшчэнні ў вышук шэрагу беларускіх сілавікоў, якія падазраюцца ў здзяйсненні актаў гвалту на тэрыторыі Беларусі.

Каментар
Што такое ўніверсальная юрысдыкцыя і хто з лукашэнкаўскіх чыноўнікаў панясе адказнасць паводле яе?
2023.09.19 16:13

На сесіі Рады правоў чалавека ААН 22 верасня абмяркоўвалася сітуацыя ў Беларусі. Намесніца вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека Нада ан-Нашыф заклікала судзіць за рэпрэсіі ў Беларусі «на падставе прынцыпаў экстэрытарыяльнай і ўніверсальнай юрысдыкцыі».

Прынцып універсальнай юрысдыкцыі заключаецца ў тым, што крымінальная справа разглядаецца не ў нацыянальнай юрысдыкцыі, гэта значыць не ў той краіне, дзе адбылося злачынства, а за яе межамі. Гэта можа быць абумоўлена тым, што магчымасцяў для разгляду гэтай справы ў нацыянальнай юрысдыкцыі няма.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў