Павел Латушка прызывае сілавікоў пакаяцца


Беларусы атрымалі офіс у Радзе Еўропы. Паводле намесніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Паўла Латушкі, дэмакратычнай Беларусі патрэбныя новыя інстытуты, якія будуць дзеяць у інтарэсах беларускага грамадства, і без іх дасягнуць зменаў будзе значна цяжэй. Адным з кірункаў сваёй працы палітык называе прыцягненне сілавікоў да адказнасці за злачынствы супраць народу. Пра гэта Латушка распавёў у жывым эфіры «Белсату».

Цалкам размову глядзіце тут:

«З’явіліся прадстаўніцтвы ў Бруселі, у Еўрапейскім Звязе, з’явілася прадстаўніцтва Беларусі пры Радзе Еўропы – гэта буйныя, вельмі ўплывовыя міжнародныя арганізацыі», – распавядае Павел Латушка і дадае, што калі ў гэтых арганізацыях не будзе беларусаў, то шматлікія рашэнні будуць прымацца без уліку пазіцыі дэмакратычных сілаў.

Што ж датычыць сілавікоў і іхных злачынстваў, здзейсненых супраць беларусаў у тым ліку і ў 2020 годзе, то, паводле палітыка, маючы інфармацыю пра іхнае месцазнаходжанне на тэрыторыі Еўропы, варта карыстацца юрыдычнымі механізмамі для прыцягнення такіх асобаў да суда і ўжо пазней казаць пра гэта ў публічнай прасторы. Інакш яны будуць мець шанец застацца беспакаранымі да таго моманту, як унутры Беларусі зменіцца сітуацыя.

«Таму, напрыклад, мы не падаем інфармацыі ў кантэксце ўніверсальнай юрысдыкцыі рашэнняў пракурораў Польшчы аб абвяшчэнні ў вышук гэтых асобаў, бо калі мы пададзім гэтыя прозвішчы, гэта азначае, што тыя людзі, якія падазраюцца ў здзяйсненні злачынстваў, – яны проста не будуць выязджаць па-за межы Беларусі, а значыць, яны ніколі не будуць затрыманыя».

Павел Латушка падкрэсліў, што цяпер дэмакратычныя сілы маюць два асноўныя кірункі працы, у межах якіх адбываюцца шматлікія сустрэчы з партнёрамі ў Вільні, з Міністэрствам юстыцыі і рыхтуюцца справаздачы па фактах злачынстваў супраць чалавечнасці, здзейсненых мінімум супраць 136 000 беларусаў.

«Падчас гэтых сустрэчаў мы абмяркоўваем, якія могуць быць выкарыстаныя міжнародныя механізмы дзеля таго, каб скіраваць нашую справаздачу па фактах злачынстваў супраць чалавечнасці ў Міжнародны крымінальны суд. Так што гэта другая лінія, апрача той, якой мы займаемся, – гэта злачынствы супраць украінскіх дзяцей. Гэтыя матэрыялы ўжо знаходзяцца ў Міжнародным крымінальным судзе, мы найбліжэйшым часам перадаем другую частку гэтых матэрыялаў, мы публікуем таксама ў сацыяльных сетках некаторыя з гэтых дакументаў, на сайце Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і ў Twitter. Вы можаце нават убачыць апошнія відэасведчанні, яны з’явяцца найбліжэйшымі днямі, дадатковыя. Але для нас таксама з’яўляецца прыярытэтным прыцягненне да адказнасці Лукашэнкі і ягоных памагатых за злачынствы супраць чалавечнасці».

Паводле намесніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, важна пашырыць гэты пераслед і даць моцны сігнал сістэме: Лукашэнка – гэта тая асоба, якая фактычна павінная атрымаць ордар на арышт, і людзі вакол яго павінныя зразумець, што далейшы лёс з ім звязваць не мае сэнсу, а тыя, хто здзейсніў злачынствы, будуць у вышуку ўсё сваё жыццё, калі не вырашаць самі здацца правасуддзю.

Здымак вокладкі: «Белсат»

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў