«BELPOL» працягвае шукаць сілавікоў у Еўразвязе


Сілавікі пасля сыходу са службы лукашэнкаўскаму рэжыму ўладкоўваюцца на працу ў краінах Еўразвязу. Пра гэта ў сваім новым расследаванні паведаміла аб’яднанне былых беларускіх сілавікоў «BELPOL». Прадстаўнік гэтай ініцыятывы Андрэй Астаповіч просіць усіх, хто мае інфармацыю пра такія выпадкі, паведамляць наўпрост аб’яднанню, каб працягнуць працу ў гэтым кірунку і мець магчымасць прыцягнуць іх да адказнасці.

Цалкам размову глядзіце тут:

Былы следчы падкрэслівае, што высветленых у расследаванні асобаў доўга правяралі, вялася праца для ўдакладнення інфармацыі.

«Першы допіс, калі мы давалі, што такая інфармацыя ёсць, быў практычна паўтара месяца таму, можа, нават крыху болей. То бок вялася праца, ці сапраўды яны на тэрыторыі Еўразвязу і маюць магчымасць ездзіць, маюць візы ці іншыя дакументы. Ці сапраўды яны бралі ўдзел у здушэнні пратэстаў, у рэпрэсіях адносна беларускага народу. І гэтая ўся праца вядзецца».

Паводле Андрэя Астаповіча, на такія расследаванні абавязкова будзе рэакцыя. Што датычыць тых сілавікоў, якія яшчэ ў Беларусі, то ў іх праблемы могуць узнікнуць яшчэ там, бо не выключана, што яны выехалі ў ЕЗ таемна, без атрымання дазволу.

Тыя ж, хто працаўладкаваўся ў Еўропе і думае, што пра іхны суўдзел у злачынствах забыліся, могуць стацца фігурантамі крымінальных справаў тут, у ЕЗ. Доказ таму – суд над Юрыем Гараўскім у Швейцарыі, нават улічваючы той факт, што суўдзельніка злачынстваў рэжыму апраўдалі.

«Рэч у тым, што чалавек самастойна прыбыў, самастойна заявіў пра гэта і прызнаў сваю віну, даваў паказанні», – звяртае ўвагу Андрэй Астаповіч.

Але тут важны сам прэцэдэнт: пасля швейцарскай справы з’явіліся ўсе механізмы для прыцягнення да адказнасці новых асобаў, якія здзейснілі злачынствы на тэрыторыі Беларусі. Прэцэдэнт ужо адбыўся – і гэта поспех. Раней жа гэтыя расследаванні далей за збор звестак не прыводзілі, нагадаў суразмоўца.

Акрамя таго, такіх сілавікоў будзе чакаць суд па вяртанні дадому, у незалежную Беларусь. Злачынствы супраць чалавецтва не маюць тэрміну даўніны.

«Глядзіце, вось ён на тэрыторыі ЕЗ, яго асудзілі, прызналі ягоную віну. Але, скажам так, нам недастаткова пакаранняў. Новая Беларусь ёсць, ёсць новае кіраўніцтва, ёсць новыя дамоўленасці ў тым ліку і з ЕЗ пра выдачу злачынцаў. Іх выдадуць – і мы будзем судзіць іх у сябе».

Эксперт не выключае, што працаўладкаванне былых сілавікоў у сферу перавозаў невыпадковае: увесь іхны транспарт нагружаны GPS-датчыкамі, якія фіксуюць інфармацыю пра перамяшчэнне, можна скласці рух па маршрутах краінаў Еўразвязу. На цяжкавіках вісяць відэарэгістратары, што таксама фіксуе склад на тым ці іншым прыёмным пункце, а таксама на памежных.

«Тое, што ўсе асобы працуюць у адной сферы і ў адной кампаніі, сведчыць пра нейкую сістэмнасць», – адзначае Андрэй Астаповіч.

Былы следчы мяркуе, што краіны ЕЗ павінны заўважыць у гэтым небяспеку для сябе і рабіць нейкія захады. Таксама ён не раіць карыстацца праграмай, якую стварыў адзін з тых, каго звязваюць з беларускімі сілавымі структурамі.

Здымак вокладкі: Белсат

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў