Агенткай КДБ, затрыманай у Польшчы, аказалася былая актывістка з Баранавічаў


9 студзеня працаўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW) затрымалі грамадзянку Беларусі, якая працавала на беларускі КДБ. Ёй аказалася былая актывістка «Гавары праўду» Дар’я Астапенка, піша выданне «Зеркало».

Дар’я Астапенка на з’ездзе «Гавары праўду» ў Менску 19 верасня 2020 года.
Фота: «Гавары праўду» / zerkalo.io

Як удалося высветліць журналістам выдання, Дар’я Астапенка паходзіць з Баранавічаў, ёй 36 гадоў. Па адукацыі яна ветэрынар.

У кантактах з апазіцыйнымі структурамі Астапенка знаходзілася яшчэ да 2020 года, з якімі спрабавала весці супрацу і прапаноўваць сваю дапамогу.

У арганізацыі «Гавары праўду» яна з’явілася ў 2018–2019 гадах, з’яўлялася назіральніцай на выбарах, збірала подпісы, разам з іншымі актывістамі праходзіла трэнінгі. На той момант яна пражывала ў Менску.

У 2020 годзе Астапенка вярнулася ў Баранавічы і пачала актывісцкую дзейнасць. Падчас прэзідэнцкіх выбараў была каардынатаркай у «Гавары праўду» па зборы подпісаў у Баранавічах і Баранавіцкім раёне. Тады з невялікай камандай ёй удалося сабраць некалькі тысяч подпісаў.

Таксама ёй удалося патрапіць у спіс давераных асобаў Андрэя Дзмітрыева, які ён падаваў падчас рэгістрацыі сябе ў якасці кандыдата ў прэзідэнты. У гэтым спісе было 30 чалавек з розных гарадоў краіны, усім ім даваўся статус давераных асобаў, ад імя кандыдата яны маглі заказваць агітацыйныя матэрыялы, арганізоўваць пікеты і мітынгі.

У 2020-м, пасля прэзідэнцкіх выбараў, Астапенка з’явілася яшчэ некалькі разоў на з’ездзе арганізацыі, але далей не брала актыўнага ўдзелу ў справах «Гавары праўду». Журналісты «Зеркала» падкрэсліваюць, што пра ўнутраную кухню арганізацыі яна магла ведаць толькі тое, што ведалі і астатнія шараговыя сябры. Шмат хто лічыў Астапенку «дзіўнаватай».

Вядома, што пасля выбараў Астапенка спрабавала атрымаць шэнгенскую візу з дапамогай палітычных арганізацыяў, каб з’ехаць за мяжу, але беспаспяхова.

Аднак у 2023-м ёй усё ж удалося выехаць з Беларусі, і з восені яна знаходзілася ў Польшчы: спачатку – у Варшаве, пасля ў Лодзі, дзе жыла ў знаёмых. Яна мела фінансавыя цяжкасці, звярталася за пазыкамі да чальцоў беларускай дыяспары.

Паводле крыніцаў «Зеркала», Астапенка спрабавала наладжваць кантакты з актывістамі, што жылі ў Польшчы, патрапіць у беларускія арганізацыі, прапануючы ім сваю валанцёрскую дапамогу. Таксама яна збірала інфармацыю пра дзейнасць харугваў Паспалітага рушэння, створанага Валерыем Сахашчыкам, асабліва ў Беластоку, яе цікавіла інфармацыя пра беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне і тых, хто аказвае ім дапамогу.

Андрэй Дзмітрыеў і актывісты «Гавары праўду» з розных гарадоў на з’ездзе ў Менску 19 верасня 2020 года.
Фота: «Гавары праўду» / zerkalo.io

Людзей, з якімі кантактавала Астапенка, яна заклікала дзейнічаць больш актыўна, каб зрынуць рэжым Лукашэнкі, прапаноўвала збіраць зброю, каб здзейсніць гэта сілавым шляхам, прарывацца ў Беларусь, каб зладзіць выбух на беларускай мяжы.

Выдала Астапенка сябе сама: падчас нецвярозай размовы яна прагаварылася знаёмым пра сапраўдныя мэты ейнай актыўнасці ў Польшчы. Пасля гэтага інфармацыю пра жанчыну перадалі ў польскае Агенцтва ўнутранай бяспекі, у той жа дзень яе затрымалі. Гэта адбылося 20 снежня 2023 года. 22 снежня, згодна з рашэннем варшаўскага суду, Астапенку змясцілі ў СІЗА.

Крыніцы выдання паведамляюць, што ў смартфоне жанчыны былі знойдзеныя доказы ейнага супрацоўніцтва з беларускім КДБ яшчэ з 2017 года. Сваім куратарам яна перасылала ўсе атрыманыя звесткі і фотаздымкі.

Жанчыне выстаўлена абвінавачанне па ч. 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу Польшчы («Шпіянаж»), згодна з якім ёй пагражае не менш за пяць гадоў пазбаўлення волі.

Дар’я Астапенка, фота профіла ў OnlyFans – платформе, якая стала вядомай з-за адсутнасці цэнзуры, дзякуючы чаму на ёй размяшчаюцца вэбкам-мадэлі, зоркі фільмаў для дарослых і проста стваральнікі кантэнту 18+.
Фота: OnlyFans / Reform.by

Абноўлена. Як стала вядома выданню «Reform.by», Дар’я Астапенка таксама спрабавала сябе не толькі ў амплуа апазіцыйнай актывісткі і агенткі КДБ, але і ў ролі порнаакторкі.

«Яна спрабавала сябе даволі ў жорсткім порна, свяцілася на «OnlyFans», прапаноўвала паслугі эскорту. Наколькі сур’ёзна яна займалася гэтым бізнесам, судзіць складана, але напэўна ейную актыўнасць у сеціве маглі адшукаць не толькі журналісты, але і сілавікі. У Беларусі здымкі ў порна ці прастытуцыя – дзеянні, якія караюцца крымінальнай адказнасцю. Нават публікацыя такіх фота і відэа можа стаць нагодай для рэпрэсіяў… Відавочна, Дар’я была вельмі ўразлівая для вярбоўкі», – робяць выснову аўтары выдання.

Таксама аўтары «Reform.by» кажуць пра тое, што ў Астапенкі вельмі яркая знешнасць, на яе целе шмат татуіровак, па якіх і ўдалося апазнаць жанчыну на шматлікіх фота. Яшчэ ў 2022 годзе яна прызнавалася выданню «Intex-press», што быць яркім у Баранавічах «маральна складана».

Дар’я Астапенка. Крыніца: Reform.by

Нагадаем, што гэта не першае затрыманне шпіёнаў у Польшчы. Так, 19 снежня ў Любліне завяршыўся суд у справе аб шпіянажы на карысць Расеі над 14 асобамі – грамадзянамі Украіны, Беларусі і Расеі. Шпіёнская сетка планавала падрыў цягніка, які меўся перавозіць дапамогу Украіне.

Усяго за 7 гадоў (з 2016 да 2023 года) Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) і Служба вайсковай контрвыведкі (SKW) Польшчы затрымалі 46 асобаў, падазраваных у супрацы з выведкамі Расеі ці Беларусі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў