З 9 траўня будзе заблакаваны адзіны грузавы памежны пераход на беларуска-польскай мяжы


З 9 траўня польскія перавознікі пачнуць блакаваць рух фураў праз адзіны грузавы памежны пераход «Карошчын – Казловічы» на беларуска-польскай мяжы, каб спыніць грузавыя перавозкі ў бок Беларусі, паведамляе польскі партал «Logistyka». Пераход закрыюць а 13:00 паводле менскага часу, а сама акцыя пратэсту можа зацягнуцца на цэлы месяц.

Акцыя пратэсту польскіх перавознікаў. Крыніца: logistyka.rp.pl

Польскія перавознікі пры падтрыманні мясцовых кампаніяў пратэстуюць супраць захопу рынку перавозак на ўсход беларускімі і расейскімі кампаніямі. Яны патрабуюць забараніць уезд у Польшчу фураў з беларускай і расейскаю рэгістрацыяй, прыпыніць працу беларускіх і расейскіх прадпрыемстваў пад польскім прыкрыццём ды аднавіць дазволы транспартавым кампаніям з Украіны.

Мясцовыя ўлады далі дазвол на пратэст з 9 траўня да 9 чэрвеня. Адзін з арганізатараў кажа, што яны чакаюць удзелу каля сотні цяжкавікоў.

Падобная акцыя пачалася 4 траўня паблізу пункту пропуску «Дарогуск» каля мяжы з Украінаю. Там польскія фуры заблакавалі рух і прапускаюць па адной фуры за гадзіну. Гэта прывяло да значнага павелічэння чаргі і часу прастою. Украінскія ўлады ўжо часова знялі з польскіх перавознікаў абавязак мець дазволы на перавоз ва Украіну з трэціх краінаў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў