Ратуйце Харкаў! Сёння гэта не проста горад

Харкаў абстрэльваюць з самага першага дня поўнамаштабнага ўварвання. Хто сёння не ведае пра Салтоўку ці Дзергачы? Усе сусветныя агенцтвы публікавалі здымкі дамоў з выбітым шклом і фасадамі, прабітымі наскрозь ракетамі. На фота яны выглядаюць, як статуі з вырванымі сэрцамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Падчас расейскага абстрэлу адна з ракет трапіла ў цэнтральную частку гораду на Паўлаўскую плошчу. Харкаў, Украіна. 27 жніўня 2022 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Харкаўская вобласць не сыходзіць з загалоўкаў франтавых звестак. Больш за два мільёны чалавек пакінулі свае дамы ў першыя ж дні вайны, ратуючы свае жыцці і жыцці сваіх блізкіх. Вырвацца з гораду на аўтамабілі было не так проста – дамы ў агні, закіданыя абломкамі будынкаў дарогі, электрапровады на дарогах, паваленыя ліхтарныя слупы.

Але захопнікам не ўдалося пасеяць паніку і хаос.

Сёння людзі, нягледзячы ні на што, працягваюць ездзіць на працу, хадзіць у крамы, гуляць з дзецьмі ў парках. Але пры гэтым усе памятаюць, што з 23.00 да 5.00 дзейнічае каменданцкая гадзіна і ведаюць, дзе знаходзіцца бліжэйшае ад дому месца, дзе можна схавацца падчас чарговага нападу. Як правіла бамбаванні прыпадаюць на начны час.

Мая сяброўка дзяцінства жыве ў Харкаве даўно. Аднойчы яна мне напісала: «Не ведала раней, што існуе Дзень камунальнага работніка. Колькі буду жыць, столькі буду яго святкаваць». Менавіта камунальныя працаўнікі, што б не здарылася, кожны дзень выходзяць на гарадскія вуліцы і робяць сваю працу, як быццам так было заўсёды. Гараджане выказваюць ім падзяку, фатаграфуюць і выкладваюць у сеціва здымкі з кранальнымі подпісамі.

У першыя дні людзі масава з’язджалі. У горадзе заставалася крыху больш за 300 тысяч чалавек. Але да пачатку мінулага года колькасць жыхароў павялічылася да 1 100 000 чалавек. Вярнуліся тыя, каму было куды вярнуцца. Мая знаёмая ўкраінка Вера летась таксама вярнулася ў Харкаў. Яна сказала, што не можа без свайго лецішча. Як абараніцца? Сказала, што на выпадак бамбавання ў яе ёсць склеп, а зʼедзе зноў толькі ў тым выпадку, калі вораг зойме тэрыторыю.

Можа, дзякуючы такому чалавечаму фактару, захопнікам не ўдалося ператварыць Харкаў у Марыупаль. Колькасць тых, хто вярнуўся, расла, пакуль не пачаліся інтэнсіўныя бамбаванні ў снежні.

Эксперты лічаць, што ў пуцінскіх захопнікаў для акупацыі гораду пакуль не хапае рэзерваў. Але затое ў іх ёсць боепрыпасы, а яны і ўскладняюць жыццё харкаўчанам і жыхарам вобласці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Камунальныя працаўнікі на месцы ракетнага ўдару ў цэнтральнай частцы гораду. Харкаў, Украіна. 27 жніўня 2022 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

8 красавіка ўдарылі па Чугуеву ракетай Х-35. Разбурылі некалькі прыватных дамоў. За дзень да гэтага ўдарылі па Харкаве, забіўшы сем чалавек. Гэта зрабілі тыя 4 беспілотнікі з 32, якія не знішчыла ўкраінскае СПА. За апошнія чатыры месяцы на горад абрынулася больш балістычных ракет, чым за ўвесь перыяд вайны. У ход ідуць усё новыя беспілотнікі. Цяпер яны ляцяць на вялікай вышыні з больш высокай хуткасцю, а з-за карбонавага пакрыцця іх становіцца цяжэй збіваць.

Па мірных людзях расейскія вайскоўцы ўдарылі кіраванай бомбай, якая здольная разбураць усё на сваім шляху на дзясяткі кіламетраў. У горадзе разбамбілі амаль усе энергетычныя абʼекты. Але людзі церпяць тое, што застаюцца гадзінамі без святла і без вады, бо спадзяюцца на сваё войска.

Тым часам эксперты ўсё часцей гавораць аб намеры Пуціна зрабіць Харкаў «шэрай зонай», непрыдатнай для жыцця насельніцтва.

А што такое Харкаў для той жа Расеі насамрэч? Давайце ўспомнім, што большасць абітурыентаў з Белгарадскай, Курскай і Варонежскай абласцей у часы СССР ехалі паступаць у Харкаўскія ВНУ. Бо яны былі аднымі з самых прэстыжных у краіне. Пасля вайны Харкаў звалі горадам студэнтаў і навукі. Як дзіўна гучаць сёння гэтыя словы «пасля вайны». Бо сёння Харкаў прыфрантавы горад, у якім гінуць людзі. А да гэтага часу там працаваў кожны шосты вучоны Украіны. У горадзе было больш за сотню навукова-даследчых і праектных інстытутаў, дык яшчэ і больш за два дзясяткі ВНУ.

Харкаў шматнацыянальны горад і этнічных рускіх там шмат. Пасля вайны ў ВНУ Харкава паступалі вучыцца і беларусы. Тады ўвогуле ВНУ было мала, а конкурсы былі па 15-20 чалавек на месца. Мае бацькі скончылі Харкаўскі інжынерна-эканамічны інстытут. Яны ўжо не даведаюцца, што яго разбамбілі расейскія захопнікі. А ў Харкаўскім політэхнічным, авіяцыйным ды іншых інстытутах вучыліся ў свой час і замежныя студэнты з былых сацкраін.

Цікава, як яны ўспрымаюць сёння інфармацыю пра бамбаванні гораду, у якім яны не проста вучыліся. Яны там знаёміліся, кахаліся, сябравалі. На што зараз падобныя тыя навучальныя карпусы і інтэрнаты? А колькі спецыялістаў падрыхтаваў інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі для той жа Белгарадчыны? А колькі ўраджэнцаў з Курскай і Варонежскай прыехалі ў Харкаў працаваць толькі на заводзе імя Малышава? Тысячы і тысячы. А завод жа ў Харкаве не адзін.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. З-за пастаянных расейскіх абстрэлаў на энергетычную інфраструктуру гораду ў Харкаве працуе графік пагадзінных адключэнняў святла. Харкаў, Украіна. 8 красавіка 2024 года.
Фота: Roman Pilipey / AFP / East News

Што будзе, калі Харкаў і вёскі вобласці расейскія вайскоўцы пачнуць раўняць з зямлёй, як гэта было з Марыупалем, Валнавахай, Вугледарам, Бахмутам і з іншымі гарадамі Данбасу? Калі грамадзянскім асобам стане немагчыма знаходзіцца на гэтай тэрыторыі, то Еўропе давядзецца прыняць яшчэ як мінімум 2 мільёны бежанцаў.

Ваенныя эксперты сцвярджаюць, што праблему знішчэння гораду можна вырашыць, калі Захад прадставіць Украіне магутныя сістэмы супрацьпаветранай абароны ці хаця б F-16, якія могуць супрацьстаяць расейскім знішчальнікам, якія нясуць смяротныя бомбы. Акрамя таго, неабходны новыя ЗРК Patriot, якія абаранялі Харкаў, пакуль іх не знішчылі расейскія ракеты.

Пакуль эксперты пішуць, што ў расейскіх вайскоўцаў не хапае яшчэ чалавечых рэсурсаў, каб узяць Харкаў у блакаду, Расея рыхтуе шэсць дывізій ва Усходняй Сібіры. А гэта каля 120 тысяч салдат, якіх камандаванне гатова кінуць на «мясны штурм».

Пакуль што Харкаўская вобласць зʼяўляецца прыярытэтным напрамкам для расейскіх ваенных стратэгаў. Таму на яе абарону неабходна сёння кінуць усе наяўныя магутнасці. Няма магутнасцяў унутры краіны? Трэба іх набыць за яе межамі. Калі расейскае войска захопіць Харкаўскую вобласць, то яна стане плацдармам для хуткага захопу Херсонскай і Запарожскай абласцей.

Таму ў любым выпадку ратаваць трэба Харкаў у першую чаргу. І не толькі для таго, каб ён не стаў плацдармам для пасоўвання расейскіх войскаў на захад. Харкаў – гэта горад, які так ці інакш злучаны з мільёнамі людзей у самых розных краінах. Менавіта Харкаў сёння стаў той кропкай адліку, калі ў сутыкненні цывілізацый стане зразумела, якая ж з іх пераможа – чалавечнасць і навуковы прагрэс, альбо разбурэнне і пакланенне «духоўным скрэпам».

Сёння ва Украіне падлічваюць наступствы ўдараў па Палтаве і Запарожжы. Нават нязвыкла, што Харкаў не фігуруе ў вайсковых зводках. Але, на жаль, як кажуць, яшчэ не вечар. А ў галаве ўсё круцяцца радкі з верша Булата Акуджавы:

«…И хворости мои, и горести,

Все, что болело, все, что жгло,

Вдруг потонуло в этом городе,

Вдруг отболело и прошло.

О Харьков, Харьков, твои улицы,

Они ясны и без огня.

Пусть пешеходы твои – умницы –

Поучат мудрости меня…»

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў