Двойчы занядбаная гісторыя. Як жанчыны ў Беларусі змагаліся за ўласныя правы на пачатку ХХ стагоддзя


Гісторыю таго, як жанчыны Беларусі змагаліся за свае правы, даводзіцца збіраць па драбніцах. Як адзначыла Алена Агарэлышава, гендарная даследчыца, лектарка Еўрапейскага каледжу «Liberal Arts» у Беларусі, гэтая гісторыя пераплятаецца з гісторыяй Расеі, мужчынскай гісторыяй. А пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі яна была занядбаная.

Даведка
Алена Агарэлышава.
Фота: 34mag

Аднак экспертка знайшла звесткі і падзялілася з намі: жанчыны нашай краіны бралі гістарычны лёс радзімы ў свае рукі ва ўсе часы, і асабліва цікава звярнуць увагу на ХХ стагоддзе.

«Канец ХІХ і пачатак ХХ стагоддзя – перыяд, калі тэма правоў жанчын становіцца вельмі актуальная і літаральна выходзіць з тэмы правоў чалавека. Тады паўстала пытанне: ці ўсе людзі – людзі, ці ўсе маюць роўныя правы. І пачынаецца шмат грамадскіх дыскусіяў на тэму таго, ці людзі рабы або малыя народы, нацыянальныя меншасці. На жаль, і да сённяшняга дня гэта ўсё яшчэ пытанне, бо рознае стаўленне да канфлікту ва Украіне і ў Афганістане. Нібыта белыя людзі больш важныя за іншых», – звяртае ўвагу Алена Агарэлышава.

Яна адзначыла, што ў тагачаснай палеміцы вялікую ролю адыграла выданне «Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна» ў паслярэвалюцыйнай Францыі, дзе гаворка ішла аб правах чалавека ў незалежнасці ад месца, дзе ён нарадзіўся.

«Адна з дзяячак Алямп дэ Гуж напісала ў адказ на той мадэрновы, але ўсё адно не поўны дакумент, сваю «Дэкларацыю правоў жанчыны і грамадзянкі». І высветлілася, што з «Дэкларацыі правоў чалавека» былі выключаныя шмат якія пытанні, датычныя жанчын. Тая ж гісторыя, калі жанчыны не маглі валодаць не толькі маёмасцю, але і не мелі правоў на ўласных дзяцей – права на дзяцей належала толькі бацьку. І ў гэтай плыні абмяркоўвалася тое, што калі жанчыны – людзі, то і яны мусяць мець правы», – распавядае экспертка.

На той момант (канец ХІХ – пачатак ХХ стагоддзя) Беларусь была часткай Расейскай імперыі, у якой таксама паўстала пытанне жаночых правоў. А падчас і пасля Лютаўскай рэвалюцыі – і пытанне выбарчых правоў для жанчын.

Выява кнігі «Жанчына напярэдадні яе вызвалення». Фота прадастаўленае рэдакцыі

«З’явілася шмат партыяў, і ў тым ліку была вялікая кампанія, звязаная з выбарамі ў Думу Расейскай імперыі. Былі жанчыны, якія балатаваліся ў Думу. Шмат у якіх жанчын былі палітычныя амбіцыі», – адзначае даследніца.

Вялікую ролю адыгралі Бястужаўскія курсы – адна з першых жаночых вышэйшых навучальных установаў у Расеі.

«Вельмі шмат жанчын прайшлі праз такія курсы. Гэта было не толькі пра наданне жанчынам ведаў, але і стала такім рассаднікам прагрэсіўных ідэяў для жанчын. Шмат з тых, хто праходзіў Бястужаўскія і іншыя курсы, сталі вядомымі рэвалюцыянеркамі», – падкрэсліла нашая суразмоўца.

Дэманстрацыя за выбарчыя правы. Фота прадастаўленае рэдакцыі

«Гэта шматтысячная дэманстрацыя ў Санкт-Пецярбургу. Яе ідэя была – надаць жанчынам выбарчыя правы і больш палітычнай моцы. Усё гэта буяла і на беларускіх землях», – распавяла Алена.

У Беларусі таксама была філія расейскай Лігі раўнапраўя жанчын – Беларуская ліга раўнапраўя жанчын. Ім былі цікавыя палітычныя амбіцыі, адукацыя.

Фота прадастаўленае рэдакцыі

Але ў той час адбываліся і іншыя дэманстрацыі, калі на вуліцы выходзілі жанчыны-сялянкі. Ім было не да выбарчага права і не да адукацыі – іхная мэта была выжыць і вярнуць мужчынаў дадому з фронту:

«Ім літаральна не было за што жыць і як гадаваць дзяцей. Яны выходзілі на дэманстрацыі з лозунгамі «Вярніце нашых мужоў», «Вярніце нашых мужчынаў» і з такімі патрабаваннямі да дзяржавы».

«Жаночыя арганізацыі на рубяжы стагоддзяў» – гэта пералік установаў у Беларусі. Гэтую кнігу можна знайсці ў Нацыянальнай бібліятэцы. У ёй больш за сто старонак, там мала аналітычнага тэксту, а проста спіс арганізацыяў, якія існавалі на той час. Гэта вялікая колькасць для таго часу і той тэрыторыі. Частка з гэтых арганізацыяў займалася так званымі жаночымі пытаннямі, але ж былі і адукацыйныя, і феміністычныя. Гэтая гісторыя была, але цяпер яе выпадае збіраць па драбніцах», – адзначае гендарная даследчыца.

Прычына занядбання ў тым, што прыйшла Кастрычніцкая рэвалюцыя, і маладой дзяржаве была патрэбная жаночая моц, бо востра бракавала мужчынаў.

«Той жаночы рух, які быў да рэвалюцыі, і тыя супольнасці абазвалі буржуазнымі і непажаданымі. Мы нават можам пабачыць розніцу паміж жанчынамі, якія выступалі за свае правы і за тое, каб мужчынаў вярнулі з фронту. Рэвалюцыйны ўрад рабіў стаўку на сялянаў і працоўных. Таму, калі «вырашалася» жаночае пытанне, – ужо былі вялікія падмуркі змагання жанчын за ўласныя правы. А таксама гаворка ішла пра тое, каб жанчына была гатовая і здатная аддаць сябе на карысць дзяржаве. Так, гэта першая краіна ў свеце, якая надала жанчынам выбарчае права, усеагульную адукацыю, права на аборты, права на развод – але менавіта таму, што была вялікая патрэба ў людзях, нават калі гэтыя людзі – жанчыны, і іх трэба было максімальна выпхнуць з дому, каб яны працавалі і паказвалі іншым жанчынам, што гэта магчыма і гэта норма», – распавядае Агарэлышава.

Дарэчы, у той час не было праблемы з фемінітывамі. Разам з новай мовай прадразвёрсткі і калектывізацыі сталі распаўсюджвацца і жаночыя назвы прафесіяў.

Фота прадастаўленае рэдакцыі

Былі і вядомыя бабіны бунты. Звесткі пра такія падзеі захаваліся ў Гомельскай і Берасцейскай вобласцях.

«Гэта выбітная з’ява. Калі пачалася калектывізацыя і сялянаў змушалі аддаваць скаціну і зямлю ў калгасы, вельмі шмат людзей абуралася. І ў сельскай мясцовасці паўсталі жанчыны. У Берасцейскай і Гомельскай вобласцях было шмат заяваў пра тое, што бабы ўзбунтаваліся, узялі вілы і што ў каго было, ды пайшлі вяртаць назад сваю скаціну. А камісары не маглі з гэтым нічога зрабіць. Маральна – яны маглі страляць, збіваць ці ссылаць мужчынаў, а жанчын яны не ўспрымалі як праціўніка. На фота – жанчыны рознага веку, галодныя і змучаныя. Нават маладыя жанчыны не выглядаюць на свой узрост, бо ў іх было вельмі цяжкае жыццё. Камісары думалі, што яны дурныя і нічога не ведаюць, таму жанчыны праз гэтую разгубленасць ураду дамагаліся свайго», – распавядае даследчыца.

Яшчэ адзін маляўнічы прыклад – у Петрыкаве жанчыны атачылі царкву і не аддавалі яе савецкай уладзе. Ім было важнае рэлігійнае жыццё, і такім чынам жанчыны паказвалі сваю пазіцыю.

«Гэта былі складаныя часы, шмат крыві, стратаў, і не найлепшы час, каб жыць на гэтай зямлі. Але можна адзначыць і станоўчыя моманты – праз жаночыя бунты, якіх не маглі ніяк спыніць, Сталін падпісаў дэкрэт аб агародах, які дазваляў мець скаціну і зямлю для ўласнага карыстання. Фактычна, гэтыя агароды ўратавалі людзей ад смерці. Гэта было праз тое, што жанчыны знайшлі ў сабе моц заявіць пра сябе.

Гэта не вельмі папулярная старонка гісторыі – і жаночай гісторыі. Але мне падаецца істотным гаварыць пра такія падзеі і з’явы, бо дзякуючы ім удаецца падоўжыць існаванне народу і цэлай нацыі», – абагульняе лектарка Еўрапейскага каледжу «Liberal Arts».

Фота прадастаўленае рэдакцыі

«Жаночая гісторыя Беларусі двойчы занядбаная. Па-першае, калі лічыцца, што жаночае – гэта не такое істотнае. Па-другое, мы былі пад Расейскай імперыяй, і мала хто хоча вывучаць лакальнасць праз тое, што такія з’явы адбываліся на ўсёй вялікай тэрыторыі. А сваё адметнае жыццё было і тут, на нашай зямлі. Таму праз гэтае недаацэньванне губляецца вялікая частка інфармацыі», – адзначыла даследчыца.

Алена распавяла, што ў яе карані з Петрыкаўшчыны, і яна мае вялікую любоў да гісторыі, бо ёй важна ведаць свае карані і адчуваць еднасць з моцнымі жанчынамі сваёй зямлі.

Меркаванні
Мы нашмат больш, чым набор цукерак і патэльня
2020.03.08 10:02

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў