«Цэны адпавядаюць заканадаўству», але на цэтліках і ў касах яны могуць быць розныя


Папярэджанні, што цана тавару на цэтліку і ў касе можа адрознівацца, сталі новаю прыкметаю беларускай рэчаіснасці. Гандляры спрабуюць не «прагарэць» і ўтрымаць асартымент адначасова, тлумачыць эксперт «Белсату». Разбіраліся, якім чынам можна дамагчыся такога выніку. 

Папярэджанне пра неадпаведнасць цаны на цэтліках і ў касе.
Фота: чытачы / Белсат

Пакупнікі ў Беларусі ўжо і прызвычаіліся, што на ўваходзе ў краму іх часцяком сустракаюць абвесткі пра тое, што «цэны адпавядаюць заканадаўству, але на цэтліках і ў касах могуць адрознівацца, паколькі адбываецца працэс замены цэтлікаў».

Фінансавы аналітык Віталь Алейнік тлумачыць гэта тым, што цяпер бізнес проста не паспявае за сітуацыяй. Змяняць цэны гандляры могуць толькі пасля ўзгаднення з чыноўнікамі. У крамах разумеюць, што цэны на пэўныя тавары могуць быць вышэйшыя, але гандляры вымушаныя трымаць іх на пэўным узроўні, пакуль не атрымаюць фармальнага ўзгаднення з мясцовымі ўладамі.

«Умоўна можна сказаць, што чалавек можа ўзяць тавар, на які ўказаная адна цана, але пакуль дойдзе да касы, гандляры могуць атрымаць узгадненне на павышэнне цэнаў, у выніку пакупнік на касе даведаецца, што цана ўжо вырасла», – каментуе сітуацыю фінансіст.

Гандляры ў крамах не паспяваюць змяніць цэны.
Фота: чытачы / Белсат

Чыноўнікі ў Беларусі пайшлі на некаторыя паслабленні ў справе фармавання цэнаў, паколькі эканоміка ўжо не вытрымлівае. Да таго ж пачаўся пэўны дэфіцыт, што прызнавалі і на ўзроўні прэм’ер-міністра. Галоўным чынам дэфіцыт узнікае на нехарчовыя тавары імпартнай вытворчасці. Прычынаў гэтаму шмат, тут і санкцыі, і нежаданне некаторых брэндаў пастаўляць свае тавары ў Беларусь, якая падтрымвае вайну.

«Улады зацікаўленыя ў тым, каб кампенсаваць страты імпарту, мы бачым спробы наладзіць пастаўкі ў Беларусь праз трэція або нават і чацвёртыя краіны. Вядома, чым даўжэйшы ланцуг імпарту, тым даражэйшая пастаўка, бо на кожным этапе дадаецца свой рубель, свая капейчына. Таму цэны будуць расці. Мы чуем з экранаў, што ладзіцца палітыка імпартазамяшчэння і вядзецца вялікая праца ў гэтым кірунку, але гэта не так, бо каб наладзіць вытворчасць, трэба вельмі шмат часу, тэхналогіяў, грошай, кваліфікаваных працаўнікоў. Людзі таксама павінны мець матывацыю. У Беларусі цяпер, на жаль, гэтага няма. Таму сітуацыя з складанасцямі паставак імпарту і прыводзіць да росту коштаў», – кажа Віталь Алейнік.

Hавiны
У Беларусі скараціліся грузаперавозкі, раздробны гандаль і прамысловая вытворчасць
2022.10.17 21:51

Акрамя гэтага рост цэнаў на імпартныя тавары абумоўлены і паслабленнем курсу беларускага рубля ў дачыненні еўраў і долара.

«Спрабаваць у асобна ўзятай краіне імпартазамясціць усё проста немагчыма. У сучасным свеце неабходна ўзаемадзейнічаць. Калі гэтага не рабіць і ладзіць такую палітыку, якую цяпер бачым у Беларусі, то гэта будзе адбівацца на ўзроўні простых людзей. Спажыўцы не змогуць атрымаць якасных тавараў», – кажа эканаміст.

Улады спрабуюць завозіць больш тавараў з Расеі, але ў спажыўцоў узнікаюць пытанні да іх якасці. Таму цяпер з-за мяжы людзі намагаюцца прывезці дэталі для аўтамабіляў, іншыя вырабы. Гандляры спрабуюць выкарыстаць існую сітуацыю, але цэны для простых людзей, вядома, не зусім прывабныя.

Агляд
Неарганізаваны памежны гандаль з Польшчай прыцягнуў і расейцаў
2023.01.21 10:00

Фота вокладкі: Белсат 

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў