Нацысцкі або нацыяналістычны?

Выпадак на нядаўнім чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Будапэшце прымусіў звярнуць больш пільную ўвагу на тое, хто як ставіцца да лозунгаў, што ўсхваляюць тую ці іншую краіну, народ, нацыянальнасць.

Залатая медалістка, украінка Яраслава Магучых трымае свой медаль пасля фіналу жаночых скачкоў у вышыню падчас чэмпіянату свету па лёгкай атлетыцы ў Нацыянальным лёгкаатлетычным цэнтры ў Будапэшце, Вугоршчына. 27 жніўня 2023 года.
Фота: Ben Stansall / AFP / East News

Пэўнае расейскае выданне аб’яднала ў адной інфармацыі «нацызм» і «нацыяналізм», рэагуючы на вельмі крамольны, з гледзішча расейцаў, выпадак на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы 2023 года ў Будапэшце. 27 жніўня 21-гадовая ўкраінская скакуха ў вышыню з Днепрапятроўску Яраслава Магучых даволі пераканаўча выгуляла сваю дысцыпліну і, маючы тытул бронзавай прызёркі Алімпіяды ў Токіа, упершыню стала чэмпіёнкаю планеты! А пасля заканчэння спаборніцтваў залатая медалістка падышла да трыбуны, дзе была ейная трэнерка Таццяна Сцяпанава, і пачула ад настаўніцы віншаванне ў выглядзе патрыятычнага лозунгу «Слава Украіне!», на што Яраслава, як мае быць, адказала: «Героям слава!»

Гэта чуў увесь свет, бо момант трапіў у тэлевізійную трансляцыю. Нікога гэта не закранула – акрамя, вядома, расейцаў. Яны былі вельмі абураныя, называючы прэцэдэнт правакацыйным. Прэзідэнт Федэрацыі спартовай барацьбы Расеі, алімпійскі чэмпіён Сеулу-1988 Міхаіл Маміяшвілі нарадзіўся амаль шэсцьдзесят гадоў таму ў Канатопе, што ў Сумскай вобласці Украіны. Сын грузіна і ўкраінкі – тым не менш, цяпер ува ўсіх сэнсах расеец, які не страціць магчымасці праклінаць Украіну. Маміяшвілі, які раней прапаноўваў ехаць на Алімпіяду ў Парыж на танках, параіў, на ягоную думку, вельмі слушныя і павучальныя рэчы маладой спартоўцы:

«Што датычыць спартовай пляцоўкі, то, кіруючыся статутамі і Алімпійскай хартыяй, такія рэчы не дапушчальныя. Яна можа зрабіць гэта, калі лічыць патрэбным, выступіўшы недзе ў сябе на плошчы, але выкарыстоўваць спартовую пляцоўку – не дапушчальна».

Таксама расейскія СМІ, карыстаючыся нагодаю, не саромеюцца ў гэтым кантэксце выстаўляць на сваіх старонках і выказванні пра веліч Сталіна. Ужо вельмі немалады, але ў гісторыі чатырохразовы алімпійскі чэмпіён па біятлоне выключна ў эстафетах (Гульні 1968–1980 гг.) Аляксандр Ціханаў у адказ на ўчынак Яраславы Магучых сказаў:

«У нас перамогаў – і ў СССР і ў Расеі – было ў 150 разоў болей, але мы ніколі не крычалі, што мы лепшыя за ўсіх. І што [Нестар] Махно – наш! [апусцім, што Яраслава і блізка пра такое не згадвала. – Аўт.]. Я не хачу агульна казаць пра ўвесь народ Украіны, але шмат хто там нацыяналісты… Калі Магучых так сказалі, то яна і будзе сябе так паводзіць. …яны ўжо дзяцей цягнуць на перадавую і не думаюць пра народ і пра Украіну. Ім трэба дзякаваць Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну за тое, што Заходняя Украіна не засталася ў Польшчы. Ці яны гісторыю не ведаюць? Я трэнаваўся на Заходняй Украіне, і яны заўсёды нас ненавідзелі. Мы агромністая дзяржава, і нам трэба думаць пра Расею. І не павінныя гэтага саромецца: ні ў спорце, ні ў чым», – красамоўна акрэсліў сваю пазіцыю Ціханаў.

Але якім чынам «Слава Украіне!» і «Героям слава!» маглі нашкодзіць алімпійскім ідэалам і канкрэтна чэмпіянату свету па лёгкай атлетыцы альбо абразіць іншых удзельнікаў спаборніцтваў, адказу няма. Зразумела, што аніякім. Таму не было і мізэрнай падставы для скандалу. Калі атлет, выгуляўшы дыстанцыю ці двубой, пакрывае сябе нацыянальным сцягам, то хіба гэта не крамола з гледзішча расейцаў? Праўда, да жоўта-блакітнага нават самыя зацятыя і адыёзныя расейскія звестуны пакуль не знайшлі як прычапіцца. Знайшлі ўлады Беларусі, як прычапіцца да бел-чырвона-белага, але пра гэта крыху ніжэй.

Былая канькабежка, але ўжо больш за дзесяць гадоў як дэпутатка Дзярждумы і адданая партыйка «Адзінай Расеі» Святлана Журава чамусьці вырашыла, што Яраслава выказала гэта не з павагі да радзімы, а ад страху за сябе ў першую чаргу: маўляў, ёй «моцна дасталася на радзіме пасля супольнага фота з расейскай лёгкаатлеткай Марыяй Ласіцкене», якое, між іншага, было групавым і зробленае яшчэ ў 2021 годзе. І таму яна са страху выкрыкнула гэта, каб не было праблемаў ва Украіне. Не адстаў і двухразовы алімпійскі чэмпіён па біятлоне ў эстафетах яшчэ савецкага перыяду Дзмітрый Васільеў, які абвінаваціў міжнародныя спартовыя арганізацыі ў падвойных стандартах і ў тым, што яны аніяк не рэагуюць на дзеянні ўкраінскіх атлетаў, якія рэпрэзентуюць сваю краіну. «Максімум – наківаюць пальчыкам дзеля выгляду, што ўсё зафіксавалі, бо ім трэба захаваць рэшткі свайго твару… Усе гэтыя парушэнні правоў, дыскрэдытацыі. І пры тым пафасна заяўляюць пра дэмакратыю», – склаў усё ў купу таварыш Васільеў.

Украінка Яраслава Магучых святкуе перамогу ў фінале жаночых скачкоў у вышыню на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Нацыянальным лёгкаатлетычным цэнтры ў Будапэшце, Вугоршчына. 27 жніўня 2023 года.
Фота: Antonin Thuillier / AFP / East News

Увогуле, вокліч «Слава Украіне!» – ужо народнае вітанне ўва Украіне, і бачанне тут адраджэння нацысцкіх традыцыяў стогадовай даўніны – плён выключна хворага ўяўлення. Лозунг заўсёды быў патрыятычны, а ўжо як выкарыстоўвалі яго асабліва гарачыя галовы тых, хто жыў у 20-х, 30-х гадах мінулага стагоддзя, – да сённяшніх украінскіх рэаліяў не мае абсалютна аніякага дачынення. І ў нацыянальна-вызвольным руху пачатку XX стагоддзя, і цяпер покліч «Слава Украіне! Героям слава» трэба ўспрымаць выключна як працяг барацьбы Украіны і ўкраінцаў за ўласную незалежнасць. У тым ліку і супраць ціску ўсяго пракамуністычнага, прасавецкага, а цяпер яшчэ і прарасейскага. Сам вокліч і адказ на яго – не заклік да чагосьці разбуральнага і знішчальнага. Практыка яго ўжывання пашырылася з часу Еўрамайдану, якому быў дадзены старт 21 лістапада 2013 года ў адказ на прыпыненне ўкраінскім урадам падрыхтоўкі да падпісання пагаднення аб асацыяцыі паміж Украінай і Еўразвязам.

Калі расейскія прапагандысты ўжываюць слова «нацысцкі», гэта абсалютна ганебная практыка. Бо ўва ўсіх савецкіх, расейскіх слоўніках (тлумачальны слоўнік Ожэгава, Вялікая савецкая энцыклапедыя і інш.) тэрмін «нацызм» тлумачыцца як выключна нямецкая таталітарная, экстрэмісцкая, скрайняя форма палітычнага этнічнага нацыяналізму і як ідэалогія нацыянал-сацыялістычнай нямецкай працоўнай партыі, якую ўзначальваў Адольф Гітлер і якая разам з заканчэннем Другой сусветнай вайны знікла разам з самым тэрмінам «нацызм». Нацысцкая Нямеччына спыніла існаванне ў 1945 годзе. Нацыянал-сацыялізм, які ставіў сабе за мэту стварэнне «расава чыстай» дзяржавы «арыйскай нацыі», не можа мець абсалютна аніякага дачынення да сённяшняй Украіны. Бо гэта выключна дзеянне на працягу азначанага часу і азначанай тэрыторыі. Іншымі словамі, вельмі лакальны гістарычны перыяд (1920–1945) для асобна ўзятай дзяржавы (Нямеччыны).

А вось беспадстаўна падаграваць тэму нацызму ў нашыя дні – вельмі правакацыйна, і гэта выкарыстоўваецца тым жа Крамлём дзеля ўласных мэтаў, каб надаць Украіне статус краіны, дзе нібыта адраджаецца фашызм, а неанацызм даўно пусціў карані. Часам выкарыстоўваюць і паняцце «нацыяналістычны». Таксама, зразумела, у негатыўным сэнсе. Пры гэтым у той жа расейскай Вікіпедыі напісана, што «нацыяналістычны» – абсалютна не шкодны тэрмін, бо «ёсць ідэалогіяй і кірункам палітыкі, грунтоўным прынцыпам якой ёсць тэзіс пра каштоўнасць нацыі як найвышэйшай формы грамадскага адзінства, яе першаснасці ў дзяржавастваральным працэсе».

Тут варта згадаць і нашую шматпакутную Беларусь, дзе сітуацыя іншая. Тут самыя беларусы (паводле нараджэння) забараняюць шанаваць уласную гісторыю. Так, Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі занесла лозунг «Жыве Беларусь» у спіс нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі, заявіўшы, што гэта «калабарацыянісцкае вітанне і ёсць сімвалам 13-га Беларускага паліцэйскага батальёну пры СД і 30-й грэнадзёрскай (пяхотнай) дывізіі Вафэн-СС нароўні з нацысцкім партыйным вітаннем «Хайль Гітлер» і суправаджаецца падняццем правай рукі з выпрастанай далонню: покліч «Жыве Беларусь!» і адказ «Жыве!». Ведамства міністра Кубракова, за чыім подпісам надрукаванае гэтае паведамленне на Нацыянальным прававым партале, злучыла лозунг «Жыве Беларусь!» з нацыянал-сацыялістычнай працоўнай партыяй Нямеччыны. Поўны росквіт сюррэалізму! Бо толькі цяперашні аўтакратычны рэжым Беларусі здатны зразумець, якім чынам лозунг, якому нашмат больш за сто гадоў, раптам пасля выбараў стаў нацысцкім – разам з гістарычным бел-чырвона-белы сцягам. І, вядома, застанецца такім, пакуль яшчэ трымаецца лукашэнкаўская Беларусь.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў