Расейцы перакідваюць ваенную тэхніку і вайскоўцаў з Беларусі ў Варонежскую вобласць


Цягам гэтага тыдня Беларусь пакінула як мінімум 5 эшалонаў з расейскай ваеннай тэхнікай і вайскоўцамі, якія праходзілі падрыхтоўку на беларускіх палігонах. Пра гэта паведамляе Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі.

«Воінскія эшалоны адпраўляліся са станцый Беларускай чыгункі (БЧ) на станцыі Ліскінскага аддзялення Паўднёва-Усходняй чыгункі», – паведамляе Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі.

Ліскінскае аддзяленне Паўднёва-Усходняй чыгункі знаходзіцца ў Варонежскай вобласці Расейскай Федэрацыі.

Паводле звестак беларускіх чыгуначнікаў цягам бягучага тыдня з Беларусі з’ехала як мінімум 5 эшалонаў. Прыкладам, 5 ліпеня са станцыі Палонка (Баранавіцкае аддзяленні БЧ) на станцыю Маслаўка (Паўднёва-Усходяя чыгунка Расеі) адправіўся эшалон № 961. Пяць ягоных пасажырскіх вагонаў займалі вайскоўцы (прыблізна 250 чалавек), на 34 вагонах-платформах знаходзілася ваенная тэхніка, яшчэ 4 вагоны былі аддадзеныя для вайсковага рыштунку.

Чыгуначнікі паведамляюць, што па тым самым маршруце са станцыі Палонка цягам тыдня былі адпраўленыя яшчэ 4 расейскія эшалоны.

Недалёка ад станцыі Маслаўка Варонежскай вобласці, куды накіроўваецца расейская ваенная тэхніка і вайскоўцы, размяшчаецца палігон «Пагонава».

Фотарэпартаж
8 фотаздымкаў з лагеру каля Асіповічаў, у якім могуць размясціць вагнэраўцаў
2023.07.07 18:14

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў