8 фотаздымкаў з лагеру каля Асіповічаў, у якім могуць размясціць вагнэраўцаў


7 ліпеня намётавы лагер, разбіты на закінутай вайсковай базе каля вёскі Цэль Асіповіцкага раёну, паказалі журналістам. Памочнік міністра абароны Беларусі Леанід Касінскі сцвердзіў, што лагер разгарнулі «для трэнавання вайскоўцаў і тэрабароны», а не канкрэтна для вагнэраўцаў. Паказваем, як выглядае лагер.

Фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum

«Гэты лагер разгортваўся для трэнавання як вайскоўцаў, гэтак і прадстаўнікоў грамадзянскай адміністрацыі ў межах разгортвання сістэмы тэрытарыяльнай абароны», – казаў журналістам Леанід Касінскі.

Памочнік міністра абароны паінфармаваў, што ў лагеры могуць размясціцца каля 5000 чалавек, а на тэрыторыі вайсковага мястэчка можа размясціцца і вайсковая тэхніка.

Паводле Касінскага, «калі будзе прынятае канчатковае рашэнне Групаю Вагнэра размяшчацца ці не размяшчацца ў Беларусі, тады і будуць глядзець». Наймітаў з гэтай ПВК журналісты не пабачылі.

«Гэта былое вайсковае мястэчка. Інфраструктура захавалася: і боксы былі, тут артылерыйская брыгада калісьці размяшчалася», – расказаў пра месца размяшчэння лагеру Касінскі.

Фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum
Фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum
Фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum

Раней выказваліся здагадкі, што лагер пабудавалі ў якасці перавалачнага пункту для расейскіх вайскоўцаў, якія прыедуць у Беларусь ахоўваць ядравую зброю.

У канцы чэрвеня стала вядома, што каля Асіповічаў пачалі аднаўляць закінутае вайсковае мястэчка і ставіць там намёты. Гэта стала адбывацца пасля таго, як абвесцілі пра перамяшчэнне вагнэраўцаў у Беларусь. Нагадаем: пасля мяцяжу ПВК Вагнэра, які пачаўся ўвечары 23 чэрвеня, Уладзімір Пуцін прапанаваў наймітам пераехаць у Беларусь. Гэта здарылася пасля дамоўленасцяў з Аляксандрам Лукашэнкам, якія нібыта тады вёў з кіраўніком вагнэраўцам Яўгеніем Прыгожыным перамовы.

Фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum
Фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum
Фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum
Фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў