Журналістка Ксенія Луцкіна ў калоніі перахварэла на двухбаковую пнеўманію


У палітзняволенай Ксеніі Луцкінай, якая мае анкалагічнае захворванне, у гомельскай калоніі пагоршылася здароўе. Пра гэта распавёў ейны бацька «Народнай волі».

Ксенія Луцкіна.
Фота: sb.by

Паводле Алега Луцкіна, у лютым Ксенія перанесла двухбаковую пнеўманію і змагалася з хваробай амаль увесь люты. Яна правяла ў бальнічнай палаце калоніі каля двух тыдняў, цяпер яе ўжо выпісалі.

Таксама ў Луцкінай у калоніі абвастрылася анкалагічнае захворванне.

«Яе паставілі ў чаргу на МРТ, хоць не вядома, колькі ў гэтай чарзе давядзецца чакаць. Увогуле ж, самаадчуванне дачкі вельмі дрэннае. Робяць розныя ўколы, нават антыканвульсанты. Але Ксенія пад сталым наглядам медыкаў, хоць нейкі медычны дагляд ёсць. На дактароў яна не скардзіцца», – распавёў бацька журналісткі.

Алег Луцкін кажа, што лісты прыходзяць рэгулярна ў абодва бакі. І даволі хутка – ліст звычайна ідзе два-тры дні. У сакавіку ў іх запланаванае працяглае спатканне, на содні.

У верасні мінулага года Ксеніі Луцкінай вынеслі прысуд – 8 гадоў калоніі. Яны была затрыманая разам з іншымі фігурантамі «справы Прэс-клубу». Як і астатніх, журналістку абвінавачвалі ў нясплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. Але пасля таго, як гэтая справа была закрытая, на яе завялі новую, паводле крымінальнага артыкулу «Змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады».

Ксенія адпрацавала на БТ 15 гадоў. Яна здымала дакументальныя фільмы і гістарычныя рэпартажы – пра Другую сусветную вайну, чарнобыльскую катастрофу. У жніўні 2020 года журналістка звольнілася з БТ і хацела запусціць альтэрнатыўны канал. Яна далучылася да Каардынацыйнай рады, дзе адказвала за сувязі з прэсай. Супраца з КР і была падставаю для завядзення крымінальнай справы. У зняволенні ў Ксеніі Луцкінай абвастрыліся праблемы са здароўем – пачала расці пухліна ў галаўным мозгу.

Удома Ксенію Луцкіну чакае сын.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў