Жонка палітвязня Эдуарда Пальчыса: «На 5 год разлічваць няма чаго»


У Менску пачаўся суд над блогерам і публіцыстам Эдуардам Пальчысам, якога затрымалі летась у верасні. Мужчыну вінавацяць адразу па чатырох артыкулах крымінальнага кодэксу, яму пагражае да 15 год зняволення. Пра тое, як трымаецца сам Эдуард Пальчыс, а таксама ягоная сам’я ў праграме «Студыя Белсат» нам распавяла жонка палітвязня Вікторыя Пальчыс.

Вікторыя Пальчыс не спадзяецца на літасць рэжыму ў адносінах свайго мужа, таму ўжо цяпер рыхтуецца да таго, што Эдуарда Пальчыса асудзяць на вялізны тэрмін.

«Я не лічу, што гэта песімістычна. Мне падаецца, што гэта найбольш рэалістычны сцэнарый, таму што яму пагражае ад 5 да 15 гадоў, і 5 – гэта мінімальны тэрмін, які ён можа атрымаць, і ён яго не атрымае, таму што мінімальныя тэрміны даюць тым падсудным, якія ўзаемадзейнічалі са следствам, якія давалі паказанні, якія прызнавалі сваю віну. Эдуард гэтага не рабіў, таму на 5 год разлічваць няма чаго, мне падаецца, што штосьці будзе каля 7 – вакол гэтай лічбы будзе круціцца прысуд».

Нават за кратамі Эдуард Пальчыс застаецца верным сваім поглядам. Сёння ў судзе на словы «Устаць, суд ідзе» блогер не адрэагаваў і застаўся сядзець на лаве. «Я не лічу гэта судом» – сказаў Пальчыс і заявіў адвод суду. На думку Вікторыі Пальчыс, такія паводзіны выкліканыя цвярозым разуменнем усёй сітуацыі ейным мужам.

«Па перапісцы бачна, што ён ставіцца да гэтага з вялікім разуменнем таго, што адбываецца наогул, што судовая сістэма ў нас не з’яўляецца незалежнай, што судовая сістэма – гэта частка рэпрэсіўнага апарату, таму ён не прызнае гэты суд, не вітае яго і не паводзіць сябе так, як мусіць паводзіць сябе падсудны ў сапраўдным судзе».

Падчас знаходжання ў няволі ў Эдуарда Пальчыса нарадзілася дачка. Паводле Вікторыі Пальчыс, перажыць гэтыя складаныя для сям’і часы ёй дапамагае вера ў Бога і дапамога салідарных беларусаў.

«Вельмі шмат людзей мне дапамагае. Вельмі вялікая колькасць людзей, якіх я ніколі не бачыла, з якімі ніколі не сутыкалася нават у сацыяльных сетках. Гэта вельмі моцна падтрымлівае і таксама дае надзею на тое, што аднойчы ўсё будзе добра, бо я бачу гэтую салідарнасць і разумею, што беларусы не здаюцца, яны не прызнаюць гэтыя акупацыйныя ўлады легітымнымі, і яны не згодныя перагарнуць старонку і жыць далей».

Поўную размову з жонкай палітзняволенага Эдуарда Пальчыса можна паглядзець тут:

ВК, Belsat.

Стужка навінаў