Вярхоўны Суд разгледзіць справу супраць Беларускага расследавальніцкага цэнтру


Справа супраць Беларускага расследавальніцкага цэнтру будзе слухацца ў Вярхоўным Судзе Беларусі 15 верасня. Заяўнік – Генеральная пракуратура Беларусі.

Вярхоўны Cуд. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Зацікаўленымі асобамі ўказаныя КДБ, Беларускі расследавальніцкі цэнтр, кіраўнік БРЦ Станіслаў Івашкевіч. Паседжанне распачнецца а 10:00 і пройдзе ў закрытым рэжыме. Суддзя – Сяргей Мікалаеў.

Сутнасць пазову Генпракуратуры супраць БРЦ на сайце Вярхоўнага Суда не тлумачыцца. Reform.by выказвае думку, што падчас паседжання, магчыма, будзе вырашацца пытанне аб прызнанні БРЦ тэрарыстычнай арганізацыяй, бо менавіта Вярхоўны Суд прымае такія рашэнні.

Беларускі расследавальніцкі цэнтр – гэта каманда незалежных журналістаў, якія спецыялізуюцца на расследаваннях, аналітыцы ды выкрыцці фэйкаў. БРЦ – сябра OCCRP (Цэнтр расследавання карупцыі і арганізаванай злачыннасці) і GIJN (Глабальная сетка журналістаў-расследавальнікаў).

Адно з апошніх расследаванняў БРЦ разам з еўрапейскімі калегамі датычыла «рыбнага караля» Аляксандра Машэнскага. Расследавальнікі выкрылі, што беларускі бізнесовец сябруе з кланам Лукашэнкі, атрымлівае дзяржаўныя льготы, пераводзіць грошы праз еўрапейскія структуры і паспяхова абыходзіць санкцыі Еўразвязу.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў