З'явілася міжнароднае расследаванне пра «рыбнага караля»


Расследаванне пра Аляксандра Машэнскага. Беларускі бізнесовец сябруе з кланам Лукашэнак, атрымлівае дзяржаўныя ільготы, пераводзіць грошы праз еўрапейскія структуры але паспяхова абыходзіць санкцыі Еўразвязу. Прынамсі, пакуль што. Журналісты з Беларускага расследавальніцкага цэнтру, літоўскага тэлебачання LRT і ісландскай газеты «Heimildin» высветлілі, што ўладальнік заводаў «Санта-Брэмар» і «Савушкін Прадукт» можа мець дачыненне да фінансавых парушэнняў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ганаровы консул Ісландыі ў Беларусі, адзін з першай дзясяткі самых паспяховых беларускіх бізнесоўцаў, уладальнік малочных і рыбных заводаў – Аляксандр Машэнскі можа быць бліжэйшым да сям’і Лукашэнкі, чым пра гэта ведаюць грамадзяне, і можа карыстацца гэтымі сувязямі ў бізнесе. Пра гэта распавёў Беларускі расследавальніцкі цэнтр у выніку супольнае працы з літоўскімі ды ісландскімі калегамі.

«Пры дапамозе Кіберпартызанаў мы здабылі ягоныя палёты, і бачылі, што ён на бізнес-джэтах неаднаразова лётаў з сям«ёй Дзмітрыя Лукашэнкі на адпачынак», – распавёў «Белсату» кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч.

Таксама, як паведамляе БРЦ, у 2016 годзе Аляксандр Машэнскі лятаў у Катар і Арабскія Эміраты на ўрадавым «Боінгу» Лукашэнкі – гэта быў афіцыйны візіт. Апроч Аляксандра, Віктара і Дзмітрыя Лукашэнак тады на борце былі алігархі Аляксандр Шакуцін і Сяргей Цяцерын – яны абодва цяпер пад санкцыямі Еўразвязу.

Аляксандр Машэнскі.
Фота: probusiness.by

«Белсат» таксама заўважаў блізкасць Аляксандра Машэнскага да атачэння Лукашэнкі. Разам з прэмʼер-міністрам Сяргеем Румасам бізнесовец карыстаўся дзяржаўнымі самалётамі для адпачынку. І невядома, за свой кошт ці за бюджэтны.

«Яны бралі дзяржаўны борт, якім лёталі звычайна чыноўнікі, і ездзілі адпачываць у Італію ці Францыю», – кажа кіраўнік рэдакцыі навінаў «Белсату» Ігар Кулей.

У 2010 годзе Машэнскі быў даверанай асобай Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах. У 2020 годзе, калі праходзілі пратэсты супраць падробкі вынікаў выбараў і міліцэйскага садызму, Машэнскі прысутнічаў на сакрэтнай інаўгурацыі Лукашэнкі, якую беларусам потым паказалі ў запісе.

Але пад санкцыі не трапіў. Як высветлілі журналісты-расследавальнікі, Аляксандр Машэнскі мае прыхільнікаў у афіцыйным Рэйкʼявіку. Ісландскае Міністэрства замежных справаў зрабіла больш за трыццаць званкоў у структуры Еўразвязу ў справе Машэнскага, які купляе ў Ісландыі рыбу для кампаніі «Санта-Брэмар». А Машэнскі валодае гэтай кампаніяй часткова наўпрост, а часткова – праз адмыслова створаныя афшорныя кампаніі.

«У дакументах мы на 100% упэўненыя, бо гэта афіцыйныя выпіскі з афіцыйных рэестраў. А тое, што не афіцыйна, – гэта злівы з рахункаў афшорных правайдараў, Панамскія файлы, Файлы Пандоры, якія даказалі сваю сапраўднасць у тысячах іншых розных кейсаў», – падкрэслівае кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч.

Рыба са Скандынавіі, Паўднёвае Амерыкі і Азіі ідзе на заводы Машэнскага праз порт у Клайпедзе. Як тлумачаць расследавальнікі, у Літве «Санта-Брэмар» мае кампанію – дачку «Santa Trade», дзе працуюць усяго трое асобаў. Кампанія з траіх чалавек брала крэдыты на дзясяткі мільёнаў еўраў у брытанскай фірмы «Max Credit Investment Limited», што належала кампаніі, зарэгістраванай на Сэйшэлах – «Alpha Mar Foundation». І гэтай жа «Альфе» належыць нямецкая доля «Санта-Брэмару» – кампанія «Bre Meer GmbH», звязаная з дачкой «рыбнага караля» – Янаю Машэнскай. Такая схема называецца «крэдытная карусель» і мае прыкметы заніжэння падаткаў, кажуць у БРЦ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крама сеткі «Санта», якая належыць Аляксандру Машэнскаму. Белаазёрск, Беларусь. 29 траўня 2020 года.
Фота: Santa.by

«Збіранне празмерна высокіх або нізкіх працэнтных ставак па ўнутрыфірмовых пазыках можа быць спробай маніпуляваць прыбыткам уцягнутых кампаніяў, які абкладаецца падаткам. Гэта прыводзіць да ўхілення ад выплаты падаткаў або іншых фінансавых парушэнняў», – тлумачыць у відэа БРЦ аўдытар Абдулўахэд АльАбалі.

Бізнес Машэнскага нясе мінімальныя падатковыя страты і карыстаецца асаблівымі дзяржаўнымі льготамі, якія не маюць законнага тлумачэння. Але сам бізнесовец адмовіўся каментаваць і супольныя пералёты з кланам Лукашэнак, і афшорныя кампаніі, і «крэдытную карусель».

«Пакіну ў баку тыя з вашых пытанняў, якія закранаюць асабіста мяне і маю сямʼю, а таксама пытанні, мэта якіх – прычыніць шкоду мне і іншым людзям. У гэтай частцы магу толькі патлумачыць, што ўсе кампаніі, да якіх я маю дачыненне, ствараліся і ажыццяўляюць сваю дзейнасць у адпаведнасці з заканадаўствам», – адказаў Машэнскі.

Беларускі расследавальніцкі цэнтр гатовы пацвердзіць сваю інфармацыю нават у судзе. Але, як патлумачыў нам Станіслаў Івашкевіч, ва ўсіх папярэдніх выпадках фігуранты расследаванняў судом толькі пагражалі, а працэсы так і не пачыналіся.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»