Суд ЕЗ адмовіўся здымаць санкцыі супраць бізнесоўца Гуцэрыева, які падтрымліваў Лукашэнку


Суд Еўразвязу 6 верасня адхіліў пазовы шэрагу буйных расейскіх прадпрымальнікаў і чальцоў іхных сем’яў, якія выступілі супраць увядзення ў іх дачыненні персанальных еўрапейскіх санкцыяў.

Суд Еўразвязу ў Люксембурзе.
Фота: brusselstimes.com

У прыватнасці, Суд ЕЗ адмовіўся здымаць санкцыі супраць прадпрымальніка Міхаіла Гуцэрыева, уведзеныя за падтрыманне Аляксандра Лукашэнкі. Міхаіл Гуцэрыеў трапіў пад санкцыі ЕЗ у 2021 годзе. Таксама ён застаецца пад санкцыямі Вялікай Брытаніі, Польшчы, Аўстраліі, Швейцарыі, Канады і іншых краінаў.

Гуцэрыеў паспрабаваў аспрэчыць санкцыі яшчэ ў 2021 годзе. Паводле афіцыйнага часопісу ЕЗ, звароты алігарха зарэгістравалі ў канцы жніўня – пачатку верасня. У пачатку лютага сёлета паведамлялася, што Еўразвяз можа зняць персанальныя санкцыі з Гуцэрыева і другога «гаманца» Аляксандра Лукашэнкі – генеральнага дырэктара «Беларуськалію» Івана Галаватага.

Суд таксама прыняў рашэнне пакінуць пад санкцыямі былога ўладальніка Трубнай металургічнай кампаніі Дзмітрыя Пумпянскага, ягоную жонку Галіну Пумпянскую і сына Аляксандра Пумпянскага. Абодва Пумпянскія выйшлі з рады дырэктараў ТМК пасля ўнясення ў санкцыйны спіс.

Таксама адхіленыя пазовы саўладальніка кампаніяў «Новатэк» і «Сібур» Генадзя Цімчанкі і ягонай жонкі Алены Цімчанкі. Санкцыі супраць іх Еўразвяз тлумачыў падтрыманнем палітыкі, якая падрывае тэрытарыяльную цэласць Украіны, і працай у сектарах эканомікі, якія служаць важнай крыніцай даходу для Расеі.

Hавiны
Як Гуцэрыеў хаваў свае актывы. «The Guardian» апублікавала супольнае расследаванне з камандаю «Белсату»
2022.05.24 15:52

 

Суд ЕЗ у Люксембурзе цяпер разглядае каля 80 пазоваў ад фізічных і юрыдычных асобаў з РФ і Беларусі, якія палічылі, што іх унеслі ў санкцыйныя спісы незаконна, і звярнуліся ў суд у індывідуальным парадку з патрабаваннем адмяніць санкцыі супраць іх. У дачыненні большасці расейскіх бізнесоўцаў, якія цяпер у санкцыйным спісе, дзеюць такія захады, як замарожванне актываў і забарона на ўезд у Еўразвяз.

Працэс разгляду пазоваў звычайна займае год. Большасць з іх была пададзеная ў 2022 годзе. Атрымаць станоўчае рашэнне пакуль выйшла толькі ў маці заснавальніка ПВК Вагнэра Яўгенія Прыгожына, піша «Deutsche Welle».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў