Марына Адамовіч: 56 дзён я нічога не ведаю пра Міколу Статкевіча


Жонка палітзняволенага палітыка Мікалая Статкевіча распавяла ў Facebook, што ўжо амаль два месяцы нічога не ведае пра мужа – ад яго не прыходзяць ніякіх навінаў. У снежні 2021 года яму прысудзілі 14 гадоў калоніі.

Мікола Статкевіч і ягоныя прыхільнікі падчас падачы дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў кандыдатаў у прэзідэнты. Менск, Беларусь. 14 траўня 2020 года.
Фота: ІА / Белсат

«56 дзён я нічога не ведаю пра Міколу Статкевіча. Ні-чо-га. Усё напісанае падае ў цёмную задушлівую прорву. Ні гуку, ні шавялення паветра. На мае афіцыйныя звароты адказу таксама няма. Верагодна, адзіны «закон», які дзейнічае, гэта – «іногда не до законов». Апошнія сілы сыходзяць не на тое, каб жыць, а на тое, каб не клясці. Яны самі з гэтым справяцца. Усё мінае, а душа бессмяротная. Пакуль я пра гэта памятаю. Але вельмі цяжка», – піша жонка палітвязня Марына Адамовіч.

Палітзняволены палітык Мікалай Статкевіч застаецца за кратамі больш за 1000 дзён. Ён быў затрыманы 31 траўня 2020 года, калі ехаў у Менску на Камароўскі рынак, дзе збіраўся наведаць перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. За два дні да гэтага быў арыштаваны Сяргей Ціханоўскі. Яго некалькі разоў каралі адміністратыўным арыштам, а потым выставілі абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў. 14 снежня 2021 года Мікалаю Статкевічу прысудзілі 14 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах асаблівага рэжыму.

Статкевіч быў прызнаны вінаватым у арганізацыя масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 КК). 20 чэрвеня 2022 года ён быў этапаваны з гомельскага СІЗА № 3 у глыбоцкую калонію № 13.

З таго часу яго рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА — толькі з ліпеня яму выпісалі мінімум 21 спагнанне. У жніўні 2022 года Мікалая Статкевіча на паўгода змясцілі ў адзіночную камеру. У лістападзе 2022 года палітвязень хварэў на пнеўманію, яго змяшчалі ў лякарню.

Hавiны
«Яны мужныя і нязломныя». У Вільні адбыўся мітынг, прысвечаны Статкевічу і Ціханоўскаму
2023.02.26 19:56

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў