«Яны мужныя і нязломныя». У Вільні адбыўся мітынг, прысвечаны Статкевічу і Ціханоўскаму


У Вільні прайшоў мітынг, прысвечаны 1000 дзён зняволення Мікалая Статкевіча і Сяргея Ціханоўскага. Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская ў сваёй прамове адзначыла, што ўсе палітвязні будуць вызваленыя, і «мы не спынімся, пакуль кожны не вернецца дадому».

Мітынг, прысвечаны 1000 дзён зняволення Мікалая Статкевіча і Сяргея Ціханоўскага. 26 лютага 2023 года. Вільня, Літва.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

У мітынгу, які адбыўся ў цэнтры Вільні, узялі ўдзел Святлана Ціханоўская, ейныя дарадцы Франак Вячорка, Анатоль Лябедзька, сваякі палітвязняў, актывісты. Удзельнікі трымалі бел-чырвона-белыя сцягі і партрэты зняволеных, паведамляе Офіс абранай прэзідэнткі.

«Нас усіх аб’ядноўвае агульны боль. Але нас таксама абʼядноўвае ўпэўненасць, што яны ўсе выйдуць на волю, вернуцца дадому. І мы разам не спынімся ні на дзень, пакуль іх не вызвалім з закладнікаў», – заявіла Ціханоўская.

У сваёй прамове яна адзначыла, што тэрміны для палітвязняў – гэта таксама тэрміны для іхных сем’яў:

«Мікалай Статкевіч і Сяргей Ціханоўскі – 1000 дзён за кратамі. Страшная лічба. І хоць нашыя мужчыны – мужныя, нязломныя, і вытрываюць, але гэта таксама 1000 дзён, скрадзеных і ў іхных семʼяў. У нас у кватэры паўсюль фотаздымкі Сяргея, каб дзеці не забывалі, як ён выглядае. Мы кожны тыдзень разам глядзім ягоныя відэа, каб малодшая дачка, якая яго не бачыла тры гады, памятала ягоны голас».

Мітынг, прысвечаны 1000 дзён зняволення Мікалая Статкевіча і Сяргея Ціханоўскага. 26 лютага 2023 года. Вільня, Літва.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Абраная прэзідэнтка сказала, што штодзённа пытаецца ў сябе: што яшчэ можна зрабіць, каб хутчэй вызваліць палітвязняў. «І гэтае пытанне прымушае мяне дзейнічаць далей, не здавацца. Я ператвараю свой боль у працу», – прызналася Ціханоўская.

«Давайце не будзем казаць: «Мы чакаем іх вызвалення». Мы працуем на іхнае вызваленне. І не спынімся, пакуль кожны не вернецца дадому», – падсумавала абраная прэзідэнтка.

Мітынг, прысвечаны 1000 дзён зняволення Мікалая Статкевіча і Сяргея Ціханоўскага. 26 лютага 2023 года. Вільня, Літва.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Мікалай Статкевіч асуджаны на 14 гадоў калоніі нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў. Сяргею Ціханоўскаму прызначылі 18 гадоў паводле пяці артыкулаў, на мінулым тыдні ў Жодзіне яго пачалі судзіць паводле новай справы, заведзенай, калі ён ужо быў за кратамі, за «злоснае непадпарадкаванне» адміністрацыі калоніі.

Hавiны
«Хочуць псіхалагічна выматаць». Святлана Ціханоўская – пра новы суд над мужам
2023.02.14 13:32

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў