Канал «Вот Так» на YouTube набраў 1 млн 300 тысяч падпісантаў


Гэта вынік больш за 6 гадоў цяжкай працы рускамоўнай рэдакцыі «Белсату». «Вот Так» – онлай-праект «Белсату» на расейскай мове, скіраваны на расейскамоўную аўдыторыю на постсавецкай прасторы.

Калаж: «Вот Так»

Першы выпуск «Вот Так» выйшаў 5 чэрвеня 2017 года. За больш чым 6 гадоў нашыя калегі падрыхтавалі тысячы матэрыялаў, інтэрв’ю і рэпартажаў, у тым ліку працуючы пад абстрэламі ва Украіне і фактычна ў падполлі ў Расеі.

З першых дзён расейскага ўварвання ва Украіну «Вот Так» штодня асвятляе тое, што адбываецца, называючы рэчы сваімі імёнамі. «Вот Так» адным з першых пагутарыў з ацалелым у час расейскай акупацыі жыхаром Бучы. Нашыя карэспандэнты рабілі рэпартажы са зруйнаванага расейцамі Марыупалю, распавядалі з месца падзеяў пра арганізацыю незаконных выбараў у акупаваным Бярдзянску. Журналісты «Вот Так» асабіста праехалі маршрутам з Расеі ў анексаваны Крым праз «новыя тэрыторыі» і распавялі пра тое, што там адбываецца. Таксама нам удалося пабываць на рэжымным аб’екце ў Падмаскоўі, дзе камплектуюць вайсковую форму і збіраюць бронекамізэлькі для расейскіх вайскоўцаў. За некаторыя з гэтых працаў мы атрымалі незалежныя прэміі або былі іх намінантамі.

І гэтая праца дае свой плён: цяпер канал Vot-tak.tv у Youtube глядзяць ужо больш за 1 млн 300 тысяч чалавек. Асноўныя гледачы ў Расеі, Украіне, Казахстане, а таксама ў Беларусі.

Але сваё прызнанне наша рускамоўная рэдакцыя атрымлівае не толькі ад сваіх гледачоў. Так, з 6 сакавіка 2022 года сайт «Вот Так» у Расеі заблакаваны Раскамнаглядам па патрабаванні Генпракуратуры РФ праз распаўсюджванне навін пра расейскае ўварванне. Нягледзячы на гэта, матэрыялы выдання працягваюць штомесяц чытаць сотні тысяч карыстальнікаў.

А 26 студзеня 2024 года Мінюст РФ унёс праект «Вот Так» у рэестр «замежных агентаў». Туды трапілі сайт, Youtube-каналы і сацыяльныя сеткі праекту. Насуперак усім пастановам расейскіх уладаў «Вот Так» працягвае распавядаць сумленныя і важныя навіны з Расеі, Украіны, Беларусі, а таксама іншых постсавецкіх і еўрапейскіх краін.

Hавiны
«Вот Так» — «замежны агент». Што гэта значыць для чытачоў і гледачоў?
2024.02.01 17:57

Ася Саковіч belsat.eu

 

Стужка навінаў