Ціханоўская заклікала стварыць стыпендыі для беларусаў у Ейлаўскім універсітэце


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская 4 снежня пачала візіт у ЗША. Яна наведала Ейлаўскі ўніверсітэт – адзін з найбольш прэстыжных універсітэтаў свету, які ўваходзіць у знакамітую Лігу плюшчу.

Святлана Ціханоўская ў Ейлаўскім універсітэце.
Фота: Офіс Ціханоўскай

Ва ўніверсітэце беларуская дэмакратычная лідарка выступіла перад студэнтамі і экспертамі разам з вядомым гісторыкам, прафесарам Тымаці Снайдэрам, які спецыялізуецца на гісторыі Усходняй Еўропы. Падчас выступу яна распавяла пра чаканні беларусаў ад Злучаных Штатаў Амерыкі, бачанне стратэгіі ЗША адносна Беларусі, а таксама пра беларуска-ўкраінскія сувязі.

Там жа адбылася сустрэча з беларускай дыяспарай, людзі прыехалі на сустрэчу з усёй Амерыкі. Ва ўніверсітэце цяпер працуюць некалькі беларусаў, у тым ліку рэжысёр Андрэй Курэйчык і прафесар эканомікі Андрэй Цывінскі.

Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі ўніверсітэту Святлана Ціханоўская прапанавала стварыць беларускі цэнтр ва ўніверсітэце, а таксама стыпендыі для беларускіх студэнтаў і даследчыкаў.

Да 6 снежня Ейлаўскі ўніверсітэт прымае заяўкі на чатырохмесяцовую стыпендыяльную праграму Maurice Greenberg, у тым ліку для беларусаў. Падаць заяўку можна тут.

Hавiны
Даклад: Пад патранажам Лукашэнкі ў Беларусь з Украіны незаконна вывезлі больш за 2440 дзяцей
2023.11.17 08:38

У лістападзе Ейлаўскі ўніверсітэт апублікаваў справаздачу, у якой паведаміў, што за час поўнамаштабнай вайны, з 24 лютага 2022 года да 30 кастрычніка 2023 года, з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны былі незаконна вывезеныя ў Беларусь больш за 2440 украінскіх дзяцей ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў. Іх адпраўлялі ў тым ліку на вайсковае рыхтаванне.

Вынікі даследавання, праведзенага Лабараторыяй гуманітарных даследаванняў Ейлаўскай школы аховы здароўя, сталі найбольш шырокімі на сённяшні дзень звесткамі наконт ролі Беларусі ў расейскай праграме перасялення ўкраінскіх дзяцей.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў