Дзярждума Расеі ўхваліла некалькі дакументаў аб вайсковай супрацы з Беларуссю


Расейскі парламент ухваліў пагадненне аб супольных вучэбна-баявых цэнтрах, а таксама ратыфікаваў пратакол, што ўносіць змены ў пагадненне аб супольным гарантаванні рэгіянальнай бяспекі ў вайсковай сферы. Абодва гэтыя дакументы ў Дзяржаўную думу ўнёс прэзідэнт Расеі.

Беларускія вайскоўцы сустракаюць расейскіх салдатаў з рэгіянальнай групоўкі войскаў Саюзнай дзяржавы.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Дзяржаўная Дума ратыфікавала пагадненне паміж Расеяй і Беларуссю аб стварэнні і функцыянаванні вучэбна-баявых цэнтраў на тэрыторыі абедзвюх краінаў. Гэты дакумент міністры абароны Сяргей Шайгу і Віктар Хрэнін падпісалі ў Менску ў сакавіку сёлета.

У пагадненні пазначана, што вучэбна-баявыя цэнтры неабходныя «дзеля супольнай падрыхтоўкі вайскоўцаў, практычнай адпрацоўкі задач баявой падрыхтоўкі (баявога дзяжурства) і павышэння ўзроўню зладжанасці і баявой вывучкі».

Адна з мэтаў такіх цэнтраў – «уніфікацыя баявой падрыхтоўкі ўзброеных сілаў» дзвюх краінаў.

Гэтыя базы будуць ствараць у існых вайсковых частках, у якіх канкрэтна, не ўдакладняецца. Дзе яны з’явяцца, колькі там будзе вайскоўцаў, тэрміны фармавання – усё гэта будзе асобна вызначацца міністэрствамі абароны Беларусі і Расеі.

Пра супольныя вучэбна-баявыя цэнтры чыноўнікі ў пагонах загаварылі яшчэ ў 2021 годзе. Паведамлялася, што гэтыя фармаванні з’явяцца ў Гарадзенскай і Ніжагародскай вобласцях, а таксама пад Калінінградам. Плануецца, што на тэрыторыі Беларусі будзе два такія цэнтры, а дзе разгорнуць другі, пакуль не вядома.

Hавiны
Пуцін даручыў стварыць цэнтры падрыхтоўкі для расейскіх і беларускіх вайскоўцаў
2023.01.31 21:29

На сённяшнім пасяджэнні Дзярждума таксама ратыфікавала пратакол, што ўносіць змены ў пагадненне аб супольным гарантаванні рэгіянальнай бяспекі ў вайсковай сферы. Гэты дакумент датычыць функцыянавання рэгіянальнай групоўкі войскаў.

Абодва дакументы, ухваленыя ніжняй палатаю парламенту, унёс прэзідэнт Уладзімір Пуцін. Цяпер іх разгледзіць верхняя палата – Савет Федэрацыі, а потым іх мусіць падпісаць Пуцін.

Беларускі парламент ратыфікаваў пагадненне аб стварэнні і функцыянаванні вучэбна-баявых цэнтраў яшчэ ў чэрвені.

Аб’ектыў
Каму пагражаюць вучэбна-баявыя цэнтры Расеі?
2022.11.02 21:51

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў