Праваабаронца: Беларусь сёння можна ўжо лічыць таталітарнай дзяржавай


62 суб’екты прызнаныя так званымі «экстрэмісцкімі фармаваннямі» у мінулым годзе. Спіс «экстрэмістаў» расце як на дражджах: самаму малодшаму – 16 гадоў, самаму старэйшаму – 74. На сакавік 2024 года ў спісе «экстрэмістаў» Міністэрства ўнутраных справаў 3960 асобаў.

Павел Сапелка, юрыст ПЦ «Вясна», які абараняў інтарэсы многіх апазіцыйных палітыкаў. Вільня, Літва. 22 кастрычніка 2021 года.
Фота: НМ / Белсат

Праваабаронцы «Вясны» прэзентавалі ў Вільні справаздачу пра барацьбу рэжыму са свабодай выказвання. Яны зазначаюць: уключэнне ў спісы «тэрарыстаў» і «экстрэмістаў» стала інструментам рэпрэсіяў у Беларусі і барацьбы з іншадумствам. Гэта не мае нічога агульнага з міжнародным правам і дамовамі, падпісанымі Беларуссю.

Сёння стала вядома, што на 63-гадовую жанчыну з Берасця завялі крымінальную справу за тое, што пераводзіла грошы вязням у СІЗА. Сілавікоў не задаволіла, што ўсе атрымальнікі – нібыта экстрэмісты. Цяпер жанчыну судзяць за спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці. Ёй пагражае да 6 гадоў зняволення. Гэта першы такі публічны выпадак.

«Хутчэй за ўсё тут справа ў пераследзе за сувязь са структурай, прызнанай «экстрэмісцкай». Але беларускія ўлады любяць ствараць уражанне, што самыя бяскрыўдныя дзеянні маюць прызнакі злачынства. На маю думку, гэта той самы выпадак», – кажа ў каментары «Белсату» праваабаронца «Вясны» Павел Сапелка.

Ён адзначае, што па ўсё большых прыкметах Беларусь сёння можна лічыць таталітарнай дзяржавай.

«Улады робяць усё, каб узвесці сцены паміж палітвязнямі і тымі, хто ім дапамагае. Пры гэтым не важна, гэта асобны чалавек ці арганізацыя. Мы гэта бачым на прыкладзе пераследу ініцыятывы INeedHelp і іншых праваабарончых арганізацый», – кажа эксперт.

Па яго словах, складана ўявіць, што канкрэтна беларускі рэжым у наступны раз палічыць экстрэмізмам ці спрыяннем экстрэмісцкай дзейнасці.

«Бяздзейнасць – самы бяспечны варыянт. Але варта працягваць падтрымліваць палітвязняў і іх сем’і, толькі абіраць максімальна бяспечныя шляхі», – перакананы Павел Сапелка.

Ці дасягнулі рэпрэсіі піку? На думку эксперта, у беларускай улады ёсць яшчэ шырокі задзел на развіццё рэпрэсій і немагчыма дакладна прадказаць, куды яны пойдуць заўтра.

«Калі рэпрэсіі і выйшлі на «плато», то ў тым сэнсе, што яны маюць стабільна высокі ўзровень з месяца ў месяц, ва ўлады ёсць устойлівы аб’ём рэпрэсіяў у пэўны перыяд. Можна казаць пра сотні крымінальных справаў, судоў і адміністратывак у месяц. Аднак важна разумець, што гэта наўрад ці тое плато, пасля якога пойдзе спад рэпрэсіяў. Улада мае рэсурс і імпэт працягваць іх на тым жа ўзроўні», – разважае праваабаронца.

Каментар
«Любая дзейнасць можа стаць злачынствам». Ці пачалі садзіць за грашовыя пераводы палітвязням?
2024.04.05 15:13

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў