Ціханоўская выказалася пра сітуацыю з беларусамі, якіх прызналі «пагрозай нацбяспекі Літвы»


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская не выключае, што беларускі рэжым можа засылаць агентаў у суседнія краіны. Але трэба, каб беларусы маглі знайсці прытулак у Еўропе на выпадак небяспекі. Гэтак яна пракаментавала прызнанне 910 беларусаў «пагрозай нацыянальнай бяспецы» Літвы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чарнобыльскі шлях у Вільні. 26 красавіка 2023 года.
Фота: Белсат

Святлана Ціханоўская заявіла, што дэмакратычныя сілы Беларусі знаходзяцца ў кантакце з уладамі Літвы па пытанні прызнання некаторых беларусаў «пагрозай бяспецы».

«Я разумею, што дзеянні Літвы прадыктаваныя нацыянальнымі інтарэсамі і бяспекай. Рэжым Лукашэнкі нясе прамую пагрозу нашым суседзям, і мы гэта паўтаралі з 2020 году. Нельга выключаць, што рэжым можа мэтанакіравана засылаць сваіх людзей у гэтыя краіны», – заявіла Ціханоўская.

Яна падкрэсліла, што цяперашняя задача беларускіх дэмакратычных сілаў – не дапусціць, каб пацярпелі невінаватыя людзі, не звязаныя з рэжымам Лукашэнкі.

«Мы знаходзімся ў кантакце з літоўскімі ўладамі па гэтым пытанні. Абсалютная большасць беларусаў не падтрымліваюць злачынную вайну Расеі супраць Украіны і працягваюць дапамагаць Украіне, многія змагаюцца з дыктатурай у падполлі. Вельмі важна, каб яны маглі знайсці бяспечны прытулак у Еўропе, калі ім будзе пагражаць небяспека», – дадала Ціханоўская.

Гэтае пытанне будзе ўзнятае ў працоўнай групе пры МУС Літвы, заявіла Крысціна Рыхтар, дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях.

«Са свайго боку мы ўзнімем гэтае пытанне ў рамках працоўнай групы пры Міністэрстве ўнутраных спраў Літоўскай Рэспублікі. Спадзяемся, што сітуацыя па гэтым пытанні хутка высветліцца, і беларусам, якія знаходзяцца ў Літве, не давядзецца хвалявацца аб сваёй будучыні», – заявіла Рыхтар.

Аднак яна дадала, што пакуль адзіная парада, якую ў гэтай сітуацыі можна даць – гэта звярнуцца па юрыдычную дапамогу да літоўскіх адвакатаў і абскардзіць рашэнне. 

Як паведамілі ў Дэпартаменце міграцыі, з канца лістапада 2022 года, калі ад грамадзянаў Расеі і Беларусі патрабавалася запоўніць спецыяльную анкету і выкласці сваё стаўленне да расейскай агрэсіі ва Украіне, 1164 грамадзяніны гэтых краінаў былі прызнаны пагрозай бяспецы краіны. З іх 910 беларусаў, 254 расейца. 241 беларусу Літва адмовіла ў выдачы нацыянальнай візы.

Hавiны
Літва прызнала 910 грамадзянаў Беларусі пагрозай сваёй нацыянальнай бяспецы
2023.08.04 12:22

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў