Беларусь пераўтвараецца ў М’янму


Як дзяржаўны пераварот вайсковай хунты перарос у грамадзянскую вайну, якая доўжыцца другі год? Ці ёсць альтэрнатыва рэжыму хунты? Каментуюць для праграмы «Прасвет» польскі адмыслоўца ў пытанні Блізкага і Далёкага Усходу, доктар паліталогіі, аўтар біяграфіі нобэлеўскай лаўрэаткі, сімвалу дэмакратычных зменаў у Бірме (М’янме) Аўн Сан Суў Чы Міхал Любіна і гісторык, усходазнаўца Яўген Красулін.  

Памілаваныя зняволеныя пакідаюць турму Інсейн у Янгоне, М’янма, 1 жніўня 2023.
Фота: Myo Kyaw Soe / Xinhua News Agency / Forum

 У М’янме памілавалі 7700 зняволеных. Былой кіраўніцы ўраду гэтай паўднёваазіяцкай дзяржавы і лаўрэатцы Нобэлеўскай прэміі міру, 78-гадовай Аўн Сан Суў Чы скарацілі тэрмін зняволення на 6 гадоў. Цяпер яна будзе адбываць пакаранне 27 гадоў, што і так азначае для яе пажыццёвы тэрмін. 

 «Па-першае, ніхто не ведае, колькі з гэтых сямі тысячаў сапраўды выйдзе на волю? Колькі сярод іх будзе палітзняволеных? Бо гэта ўсё таксама цьмяна. Яшчэ больш цьмяна, чым у Беларусі гэта адбываецца. Калі ў нас кожная смерць палітзняволенага ёсць навіной і гэта выклікае шок у людзей. У М’янме, калі паглядзім на сітуацыю, то гэта 1334 на пачатак жніўня, калі я не памыляюся, загінулых у турмах. Яшчэ пра вялікую колькасць родныя не маюць вестак. Людзей, як у нас, адпускаюць пасля адбытага тэрміну, потым затрымліваюць», – каментуе «вызваленне» Аўн Сан Суў Чы гісторык Яўген Красулін.

 Калі гэта не лібералізацыя рэжыму, то што тады стаіць за такой амністыяй? 

 «Навошта гэта ўсё робіцца, вось гэтая гучная амністыя? Гэта, безумоўна, не для таго, каб пачаць працэс прымірэння, бо паралельна з гэтай амністыяй працягваюцца затрыманні. Толькі за ліпень было затрымана больш за сотню чалавек, гэта тое, што вядома. 101 чалавек загінуў. Гэта ўсё расцэньваецца як гульня на вонкавую аўдыторыю, на міжнародную супольнасць. Мы ведаем, што будзе Генеральная асамблея ААН. Хунта хоча падысці да гэтай падзеі і нешта там прадставіць», – дадае Яўген Красулін. 

 Але, калі абапірацца на міжнародную рэакцыю, гэта расцэньваецца як спроба пусціць пыл у вочы: санкцыі на Захадзе адмяняць ніхто не збіраецца. 

 «Частковае памілаванае Суў Чы не мяняе нашай пазіцыі. Мы неаднаразова заклікалі вайскоўцаў неадкладна вызваліць Аўн Сан Суў Чы і зрынутага прэзідэнта Ўін М’іна ды ўсіх іншых несправядліва затрыманых, чаго яны не зрабілі. І мы працягваем заклікаць рэжым спыніць гвалт», – адзначыў прэсавы сакратар Дзярждэпартаменту ЗША Мэт’ю Мілер.

Аналітыка
Беларусь – другая пасля М’янмы, да якой ужыты 33-ці параграф статуту МАП
2023.06.13 12:45

 А можа, гэта спроба хунты легітымізаваць сваю ўладу? Мiнiмум 40 % тэрыторыі М’янмы генералы не кантралююць. Перыферыя дзяржавы застаецца ў руках этнічных арміяў, колькасць якіх сягае дваццаці. М’янма (Бірма) – шматэтнічная краіна, якая пры дэмакратычным кіраванні спрабавала пайсці ў кірунку федэралізацыі. Цяпер, пасля апошняга вайсковага перавароту, на рэформы палітычнай сістэмы можна забыцца, лічыць усходазнаўца Яўген Красулін:

 «Паралельна з амністыяй яны ж [генералы. – Заўв. belsat.eu] працягнулі надзвычайнае становішча. Уласна кажучы, паводле арыфметыкі ў Канстытуцыі, прынятай у 2008 годзе, даволі драматычная гісторыя, яе ледзь не 18 гадоў пісалі. Паводле яе ў жніўні гэтага года, у гэтым месяцы, мусілі адбыцца выбары. Калі адбыліся падзеі лютага 2021 года [пераварот. – Заўв. belsat.eu], там дазваляецца год надзвычайнага становішча. А потым двойчы па 6 месяцаў працягу. А тут ужо чацвёрты раз гэта працягвалі і цяпер зноў працягнулі, што супярэчыць Канстытуцыі». 

 

Сям’і чакаюць зняволеных.
Фота: Aung Thu / Zuma Press / Forum

Як ні парадаксальна, але ў пэўным сэнсе грамадзянская вайна дае легітымнасць вайсковаму рэжыму – нібыта яна не дазваляе разарваць краіну на кавалкі. Генералы разлічвалі, што бунт у краіне будзе трываць пару тыдняў ці месяцаў, а фактычна вайна не сціхае другі год. І фактычна кожная нацыянальная меншасць М’янмы (Бірмы) мае сваё войска. 

 «Калі паглядзець на гэты жэст, то гэта пусты жэст. Ён не мяняе сітуацыі, ён не мяняе палітычнага становішча. Але, з іншага боку, гэты жэст паказвае нам адно, што бірманскае войска даволі слабое. Што яно не ў стане знішчыць усіх праціўнікаў», – кажа адмыслоўца ў пытанні Блізкага і Далёкага Усходу Міхал Любіна. 

 Але адкуль бярэцца зброя? Хто стаіць за рэжымам хунты і яе ўзмацняе? Складана ў гэта паверыць, але Расеі хапае нават на закалоты ў М’янме. Доктар Міхал Любіна тлумачыць 

 «Найперш роля Расеі, якая ёсць палітычным патронам і Беларусі пад кіраўніцтвам Лукашэнкі, і М’янмы. Адносна М’янмы: Расея, вядома, не найважнейшая краіна. Найважнейшы Кітай, потым Індыя, потым, можа быць, Тайланд, В’етнам. Але тым не менш усе гэтыя краіны не да канца задаволеныя пераваротам, бо генералы вярнуліся да ўлады. Акрамя Расеі ў свеце няма ніякай важнай краіны, якая цалкам падтрымлівае бірманскіх генералаў».

 

Турэмныя супрацоўнікі рыхтуюцца да вызвалення зняволеных ў Янгоне. 
Фота: Aung Thu / Zuma Press / Forum

 Нават Кітай абраў пазіцыю нейтралітэту – чакае, хто пераможа ў грамадзянскай вайне. А Расея перадае авіяцыю і артылерыю. Хто тады дае зброю этнічным войскам, якія кантралююць ад 40 да 50 % краіны? Доктар Міхал Любіна кажа:  

 «Адказ просты: бірманскі народ. Таму што бірманцы, якія жывуць у М’янме, і найперш тыя, якія жывуць за мяжой… Бо іх шмат у эміграцыі пасля дзяржаўнага перавароту. Ужо раней некалькі мільёнаў бірманцаў выехалі з М’янмы, а пасля перавароту яшчэ 2–3 мільёны. І амаль кожны бірманец дае грошы, каб забяспечыць зброю для Народных сілаў абароны  [паўстанцаў. – Заўв. belsat.eu]. Гэта якраз падобна да Беларусі, калі ёсць адна эмоцыя, якая аб’ядноўвае амаль усіх бірманцаў, як аб’ядноўвае і большасць беларусаў, – гэта нянавісць да дыктатара».

 Бірманцы абралі шлях узброенага змагання пасля дзясяткаў гадоў дыктатуры. Свет у чаканні. Пакуль свет і надалей будзе чакаць, той жа рэжым Лукашэнкі пры наяўнасці вагнэраўцаў у краіне паступова можа трансфармавацца з калгаснай хунты ў вайсковую на ўзор Мʼянмы.

Вольга Міцкевіч belsat.eu

Стужка навінаў