Фінляндыю афіцыйна прынялі ў NATO. Расеі не спадабалася


Міністры замежных справаў краінаў Паўночнаатлантычнага альянсу 4 красавіка сабраліся ў Бруселі на адмысловую сустрэчу, у час якой у NATO прынялі Фінляндыю.

Аб рашэнні прыняць Фінляндыю ў NATO было вядома загадзя, але 4 красавіка былі завершаныя фармальнасці.

Апошняя перашкода – нязгода Турэччыны – знікла 1 красавіка, калі прэзідэнт Турэччыны зацвердзіў дазвол, прыняты парламентам днём раней. Раней Турэччына выступала супраць і патрабавала ад Фінляндыі «больш актыўнай супрацы ў барацьбе з тэрарызмам» – у прыватнасці, з прадстаўнікамі Курдскай працоўнай партыі (прызнанай тэрарыстычнай арганізацыяй Турэччынай, Еўразвязам, Злучанымі Штатамі і іншымі краінамі). У гэтым пытанні, як сцвярджае Турэччына, знайшлі згоду. Супраць далучэння Фінляндыі да NATO раней выступала таксама Вугоршчына, але 27 сакавіка вугорскі парламент даў дазвол.

Яшчэ 3 красавіка перад штаб-кватэрай NATO з’явіўся пусты 31-ы флагшток. Днём 4-га міністр замежных справаў Фінляндыі падпісаў пагадненне аб далучэнні да альянсу. А палове на 16-ю паводле брусельскага часу сцяг Фінляндыі ўрачыста пад гімн Фінляндыі паднялі перад штаб-кватэрай NATO, а таксама перад двума стратэгічнымі штабамі NATO.

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг на цырымоніі ў Бруселі казаў:

«31 сцяг лунае разам як сімвал нашай еднасці і салідарнасці. У гэты дзень у 1949 годзе была падпісаная Вашынгтонская дамова, каб стварыць шчыт ад агрэсіі і страх агрэсіі. Амаль 75 гадоў гэты выбітны альянс бараніў нашыя нацыі – і працягвае рабіць гэта сёння. Але вайна вярнулася ў Еўропу – і Фінляндыя вырашыла далучыцца да NATO, стаць часткай найбольш паспяховага альянсу».

Ён згадаў, што далучэнне Фінляндыі было найхутчэйшым у гісторыі, а таксама што чакае хуткага далучэння Швецыі.

Прэзідэнт Фінляндыі Саўлі Нійністэ загадзя зрабіў з нагоды далучэння да NATO афіцыйную заяву, у якой сказаў аб «пачатку новай эры» пасля «эры недалучэння». Кожная краіна, тлумачыць ён, максімізуе сваю бяспеку – гэта робіць і Фінляндыя. Далучэнне да NATO узмацняе вонкавапалітычную пазіцыю і дае «прастору для манеўру», а сама Фінляндыя ўзмоцніць бяспеку альянсу.

«Далучэнне Фінляндыі не нацэленае супраць нікога, – заявіў Нійністэ. – Таксама гэта не мяняе асновы або мэты замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі Фінляндыі. Фінляндыя – стабільная і прадказальная нардычная краіна, якая шукае мірных рашэнняў у спрэчках».

Фінляндыя і Швецыя доўгі час былі нейтральнымі краінамі, ды ў траўні 2022 года падалі заяўкі на далучэнне да альянсу – пастанавілі змяніць свой нейтральны статус пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіну і росту пагрозы з боку Расеі. Пры тым краіны і раней супрацоўнічалі з альянсам, а з 1995 года ўваходзяць у Еўразвяз.

Гэта не спадабалася Расеі: расейска-фінская мяжа мае працягласць звыш 1200 км, а Балтыйскае мора ў выпадку далучэння Фінляндыі і Швецыі да NATO робіцца «натаўскім морам». Міністэрства замежных справаў Расеі адкрыта пагражала «крокамі ў адказ ваенна-тэхнічнага і іншага характару».

Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна, днём 4 красавіка заявіў, што ў Крамлі лічаць пашырэнне NATO «чарговым абвастрэннем сітуацыі» і «замахам на бяспеку і нацыянальныя інтарэсы Расейскай Федэрацыі». Ён прыгразіў контрмерамі, «якія РФ палічыць неабходнай», але адзначыў, што, у адрозненне ад Украіны, «Фінляндыя не станавілася анты-Расеяй».

Заяўку Швецыі пакуль не ўхвалілі дзве з трыццаці краінаў NATO: Турэччына і Вугоршчына. Першая крытыкуе Швецыю за «падтрымку курдскіх тэрарыстаў» і адмову ад экстрадыцыі ў Турэччыну чальцоў Курдскай працоўнай партыі. Другая мае крыўды за крытыку Стакгольмам унутранай палітыкі Вугоршчыны.

У рэйтынгу вайсковай моцы «Global Firepower» Фінляндыю ставяць на 51-е месца ў свеце са 145 (Беларусь – 60-е, Швецыя – 37-е). Фінляндыя мае 1,9 млн чалавек, прыдатных да вайсковай службы, і 938 тысяч дзейнага вайсковага персаналу (яшчэ 900 тысяч у рэзерве). У фінскім войску 239 танкаў і звыш 5 тысяч вайсковых машынаў, 662 артылерыйскія ўстаноўкі і 75 адзінак ракетнай артылерыі, 166 самалётаў і 20 верталётаў, 246 караблёў (праўда, няма субмарынаў ці авіяносцаў).

Hавiны
«Нас не запужаць». Генеральны сакратар NATO пра ядравую зброю ў Беларусі
2023.04.03 16:58

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў