news
Аналітыка
Чаму польскія фермеры не перакрылі мяжу з Беларуссю і колькі Польшча купляе беларускага збожжа?
Разбіраліся, што стаіць за зменай планаў і як ва ўмовах санкцыяў выглядае гандаль паміж Польшчай і Беларуссю.
05.03.202416:21

Тэма абмежавання на ўвоз беларускіх сельскагаспадарчых і харчовых тавараў у еўрапейскія краіны не сыходзіць з павесткі дня, але польскія фермеры, якія перакрылі мяжу з Украінай і Літвой, чамусьці адмовіліся ад намеру зрабіць тое самае на мяжы з нашай краінай. Разбіраліся, што стаіць за зменай планаў, як зараз ва ўмовах санкцыяў выглядае гандаль паміж Польшчай і Беларуссю і каму нашкодзіць магчымае чарговае закрыццё памежных пераходаў.

Страйк польскіх перавозчыкаў на мяжы
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Страйк польскіх перавознікаў каля аўтамабільнага тэрміналу «Казловічы» («Кукурыкі»). Дальнабойнікі заблакавалі праезд фураў, каб польскія ўлады прыпынілі працу беларускіх і расейскіх транспартавых кампаніяў. Кукурыкі, Польшча. 9 траўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Сёння на мяжы Беларусі і Польшчы працуюць два аўтамабільныя пераходы. Гэта «Берасце» (з польскага боку – «Тэрэспаль»), які выкарыстоўваецца для пропуску легкавога і пасажырскага транспарту, і «Казловічы» («Кукурыкі»), праз які ездзяць цяжкавікі. Апошні якраз планавалі блакаваць польскія фермеры.

«Пакуль навінаў няма, але ёсць актыўныя чуткі, што яны ўсё роўна зачыняць. Як у Польшчы, так і ў Літве. Менавіта фермеры», – распавяла «Белсату» крыніца ў лагістычнай галіне.

Іншая крыніца «Белсату» агулам прызнала рызыку поўнага закрыцця беларуска-польскай мяжы. «Гэта будзе непрыемна вельмі. Машыны будуць вымушаныя ездзіць праз Літву. У выніку вырасце кошт фрахту і тэрміны даставы», – сказаў суразмоўца.

Ён адзначыў, што цяпер фрахт машыны Менск–Варшава каштуе прыблізна 1000–1100 еўраў. Кошт паездкі праз Літву дадае яшчэ 200 – 300 еўраў. Але калі цалкам закрыюць польска-беларускую мяжу проста за кошт павялічанага попыту цана можа вырасці да 2000 еўраў, сказала крыніца. Гэта пры тым, што да пандэміі каронавіруса кошт перавозак гэтым маршрутам складаў 550 еўраў.

«То бок, ужо цэны выраслі ў два разы. А яны яшчэ могуць вырасці. У такой сітуацыі можа стаць нерэнтабельнай перавозка значнай часткі грузаў», – адзначыў суразмоўца.

Ён нагадаў, што ў 2023 годзе, калі была ўведзеная забарона на ўезд на тэрыторыю Польшчы зарэгістраваных у Беларусі фураў і прычэпаў, беларускія транспартныя кампаніі былі вымушаныя экстранна адкрыць свае польскія філіялы, «каб выцягваць грузы».

«Новае закрыццё мяжы для шмат якіх беларускіх фірмаў будзе дупа. Яны і так з яе вылазілі праз адкрыццё польскіх філіялаў, а зараз яшчэ большая будзе», – заявіў суразмоўца.

Пакуль жа, паводле яго, фуры ездзяць «плюс-мінус спакойна». Праўда, часам трапляюць у блакаду на тэрыторыі Польшчы праз забастоўкі фермераў.

Фермерскія пратэсты на мяжы. Але не беларускай

З 2020 года на мяжы Беларусі і Польшчы як з прычыны каронавіруса, так і ў адказ на палітыку Аляксандра Лукашэнкі былі закрытыя ўжо чатыры памежныя пераходы («Палоўцы», «Славатычы», «Кузніца» і «Баброўнікі»). Улады Польшчы не выключаюць і далейшага закрыцця мяжы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Памежным пераход «Баброўнікі» падчас яго закрыцця. Баброўнікі, Польшча. 10 лютага 2023.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Нядаўна да абмежавання руху хацелі далучыцца і польскія фермеры, якія праз незадаволенасць пастаўкай прадуктаў з Украіны, блакуюць памежныя пераходы з гэтай краінай. Як распавёў суразмоўца «Белсату», праз гэта тэрмін дастаўкі з Польшчы ва Украіну вырас да двух тыдняў, хоць раней транспарту было дастаткова трох дзён.

Падобная акцыя на мяжы з Беларуссю мусіла прайсці з 26 лютага па 31 сакавіка. Планавалася перакрыць трасу каля памежнага пераходу «Кукурыкі» – адзінага на польска-беларускай мяжы, праз які могуць ехаць фуры. Гэтак ініцыятары акцыі планавалі запатрабаваць, каб вярнулі сістэму выдачы дазволаў на ўезд у Польшчу для грузавога транспарту на ўкраінскіх і малдаўскіх нумарах, абмежавалі увоз збожжа і аграрнай прадукцыі з Украіны ды адтэрмінавалі увядзенне захадаў еўрапейскай аграпалітыкі. Таксама яны хацелі абмежаваць гандаль з РФ, звярнуць увагу на «эфектыўнасць накладзеных санкцыяў ЕЗ на Расею і Беларусь» ды забараніць рэгістрацыю ў Польшчы транспартных кампаніяў з украінскім, беларускім і расейскім капіталам.

Як паведаміла «Белсату» сакратарка гміны Тэрэспаль Данута Ваўчанюк, за арганізацыяй акцыі стаялі дзве фізічныя асобы, імёны якіх яна не стала раскрываць. Аднак іх заяўка не адпавядала фармальным патрабаванням, а выпраўляць недахопы ці складаць новую заяўку яны не сталі.

Супраць планаванай акцыі выступалі арганізацыі-перавознікі з беларускім паходжаннем. Яны нават падрыхтавалі петыцыю да ўладаў Тэрэспалю з патрабаваннем забяспечыць праезд па трасе. Паводле іх, вялося «пра дзясяткі і сотні мільёнаў еўраў шкоды», у тым ліку для бюджэтаў польскіх памежных гарадоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Агульнанацыянальны страйк Незалежнага прафсаюзу фермераў «Салідарнасць» супраць бескантрольнага паступлення аграхарчовай прадукцыі з Украіны і адсутнасці рэакцыі Еўракамісіі ў гэтым пытанні. Падляшша, Польшча. 20 лютага 2024 года.
Фота: Michal Kosc / Forum

У выніку раніцай 26 лютага на трасе знаходзіліся толькі прадстаўнікі паліцыі, якія мусілі забяспечыць бесперашкодны рух грузаў. На думку прадстаўніка кампаніі-перавозніка, польскія «дзяржструктуры паказалі, што ім нецікава, каб дарога была перакрытая».

Niezalezna.pl піша, што «адной з прычынаў адмовы ад акцыі стаў супраціў некаторых перавознікаў, якія гандлююць дазволамі на праезд у Беларусь або зарабляюць на перавозках у Берасце». Паводле выдання, частка польскіх кіроўцаў падзарабляе на перавозках з Польшчы ў Берасце, бо транспарт з ЕЗ можа ўязджаць у лагістычныя цэнтры на тэрыторыю Беларусі, дзе адбываецца перагрузка на беларускія аўтамабілі, на падставе адмысловы дазволаў. Іх можна набыць у інтэрнэце па 100-150 еўраў за штуку. Таксама ёсць шмат прапановаў для кіроўцаў на разавыя замовы на праезд з таварам у Беларусь. У апошнія месяцы аплата за такі рэйс складала каля 580 еўраў. Гэты бізнес перадусім датычыць Люблінскага ваяводства, перавознікі з якога летась блакавалі памежныя пераходы з Украінай.

Niezalezna.pl паведамляе таксама са спасылкай на расследаванне «Gazeta Polska», што лагістычныя цэнтры ў Беларусі выкарыстоўваюцца прарасейскімі коламі з Нямеччыны для дастаўкі падтрымання расейцам на Данбасе. Аднак з гэтым нязгодны суразмоўца «Белсату» ў лагістычнай галіне. Паводле яго, гандаль дазволамі існаваў заўсёды і ніяк не дапамагае абыходзіць санкцыі.

«Гэта чыста тэма перавозак. Гэта не пра тое, што вязеш. Гэта пра тое, каб машыны ехалі. Санкцыі абыходзяцца іншымі сродкамі: гэта выпіска дакументаў на Казахстан, Узбекістан ці іншую краіну і замена дакументаў на мяжы», – сказаў ён.

Сама ідэя блакавання не знайшла вялікага водгуку сярод польскіх медыяў, фермераў ды перавознікаў. Пра яе не чулі ані ў Асацыяцыі «Клуб польскага цяжкавіка», які пазіцыянуе сябе як адзінага ў Польшчы чальца Міжнароднага звязу дальнабойнікаў (UICR), ані арганізатары суседняга блакавання мяжы Польшчы з Літвой, якая праходзіць з 1 па 7 сакавіка. Там фермеры правяраюць, ці не пастаўляецца збожжа ў Еўразвяз з тэрыторыі Украіны і Расеі. Калі будуць ехаць такія цяжкавікі з Беларусі, то іх таксама будуць кантраляваць, адзначыў у каментары «Белсату» арганізатар акцыі Караль Пячынскі.

За абмежаванне руху фураў на беларуска-польскай мяжы агітуюць і ўкраінскія медыі. Гэтак, «Економічна правда» ў артыкуле «На мяжы з Украінай – высыпаюць збожжа, а з Беларуссю – вольны трафік» адзначае, што «цяжкавікі на польскіх нумарах вольна едуць у і з Беларусі», а «Польшча ў 2023 годзе працягвала плаціць сотні мільёнаў долараў расейскім і беларускім кампаніям за насенне, алей і кармы для жывёлы». Часам нават імпартавала гэтых тавараў больш, чым перад пачаткам вайны ва Украіне.

Абвал экспарту і бум імпарту

Каб даведацца, як на самой справе выглядае зараз гандаль паміж Беларуссю і Польшчай, мы зазірнулі ў дадзеныя Еўрастату. Паводле статыстычнага ведамства,  у 2023 годзе экспарт Беларусі ў Польшчу, быў самым нізкім за апошнія пяць гадоў – € 438 млн. У параўнанні з 2019–2022 гадамі пастаўкі знізіліся прыкладна ў 2-3 разы. Напрыклад, экспарт у 2019 годзе склаў € 1,17 млрд.

З пачаткам поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны моцна змянілася і структура экспарту. Да 2022 года Беларусь больш за ўсё пастаўляла ў Польшчу:

  • мінеральнае паліва, мінеральныя масла і прадукты іх перагонкі; бітумінозныя рэчывы; мінеральныя воскі;
  • драўніну і вырабы з яе; драўняны вугаль;
  • угнаенні;
  • мэблю;
  • жалеза і сталь.

Калі ў 2019–2021 гадах названыя пазіцыі займалі 60-70 % у агульнай долі экспарту ў Польшчу, то ў 2023 годзе – толькі 22 %.

На першы радок экспарту беларускіх тавараў у Польшчу перамясцілася мэбля. Таксама ў лідарах пластмасы і вырабы з іх, экспарт рэштак і адходаў харчовай прамысловасці; гатовых кармоў для жывёлы ды пастаўкі паперы і кардону; вырабаў з папяровай масы, паперы або кардону.

Затое імпарт з Польшчы наадварот стаў самым вялікім за апошнія пяць гадоў. У 2022 годзе ён склаў € 1,82 млрд. У папярэднія гады было на 100-200 млн еўра менш. А вось ў 2023 годзе імпарт вырас да € 2,73 млрд.

Структура імпарту па самых буйных пазіцыях змянілася не моцна, за выключэннем адной анамаліі. З 2022 года Беларусь рэзка стала закупляць у Польшчы транспартныя сродкі, акрамя чыгуначнага або трамвайнага рухомага саставу, а таксама іх часткі і прылады. У 2023 годзе – на € 931 млн.

На другое месца па суме закупак перамясціліся ядравыя рэактары, катлы, машыны і механічныя прылады; іх часткі. Таксама Беларусь павялічыла закупы пластмас і вырабаў з іх, электрычных машын і абсталявання, іх частак.

Дык што там са збожжам?

Беларусь зарабіла на экспарце збожжавых у Польшчу ў 2023 годзе € 201 тысячу супраць € 132 тысячаў у 2022 годзе. Больш за ўсё за апошнія пяць гадоў было ў 2021 годзе – € 373 тысячы. У натуральным выражэнні экспарт збожжавых у 2023 годзе павялічыўся ў 2,6 раза (з 181,4 тон да 480,9 тон). Аднак гэта нашмат менш за 2021 год, калі было пастаўлена 2 497,5 тон.

Зусім інакш ідуць справы з прадуктамі мукамольнай прамысловасці; соладам; крухмалам; інулінам; пшанічнай клейкавінай. У 2023 годзе адбыўся небывалы з 2019 года ўсплёск экспарту. Прададзена гэтых тавараў на € 4,78 млн, хоць у 2022 годзе было ўсяго € 52 тысячы, а ў папярэднія два гады сумы былі яшчэ меншымі. У натуральным выражэнні экспарт гэтай групы вырас амаль у 42 разы: з 83 тон у 2022 годзе да 3 468 тон у 2023-м. За апошнія пяць гадоў падобных абʼёмаў не было. Пастаўкі гэтай групы тавараў былі штомесячнымі са снежня 2022 года, хоць раней гандаль ішоў з вялікімі перапынкамі.

Таксама вырас экспарт алейных насення і пладоў; розных збожжавых, насення і пладоў; прамысловых або лекавых раслін; саломы і корму з € 2,5 млн у 2022 годзе да € 2,7 млн у 2023 годзе. Па вазе рост амаль у два разы: з 2 244 тон у 2022 годзе да 4 080 тон у 2023 годзе. Блізкі да гэтага абʼём быў у 2021 годзе – 3 449,5 тон.

Адначасова Беларусь актыўна імпартавала прадукты з некаторых груп у 2023 годзе. Напрыклад, збожжавых закупіла амаль на 5 млн еўра супраць 3 млн еўра ў 2022 годзе. У папярэднія гады сумы былі яшчэ меншыя. У натуральным выражэнні імпарт збожжавых вырас з 1 810,6 тон у 2022 годзе да 2 277,6 тон у 2023 годзе. Аднак Беларусь знізіла імпарт з Польшчы прадуктаў мукамольнай прамысловасці; соладу; крухмалу; інуліну; пшанічнай клейкавіны. Іх куплена толькі на 706 тысяч еўраў ў 2023 годзе, хоць у 2022 годзе выдаткавала 4,5 млн еўраў. У тонах у 2023 годзе адбылося зніжэнне больш чым у сем разоў.

Ці запрацуе фінскі і латвійскі досвед?

У любым разе нават «Економічна правда» прызнае, што абʼёмы імпарту Польшчы аграрнай прадукцыі з Расеі і Беларусі значна меншыя за абʼёмы імпарту з Украіны. Летась з Украіны ў Польшчу было прададзена сельгаспрадукцыі на $ 1,3 млрд, з РФ і Беларусі – на $ 117 і $ 55 млн адпаведна.

Тым не менш, 29 лютага польскі прэм’ер-міністр Дональд Туск паабяцаў фермерам, што ўлады Польшчы будуць працаваць над тым, каб увесці эмбарга на сельскагаспадарчую прадукцыю з Беларусі і Расеі. Раней эмбарга на харчовую прадукцыю з гэтых краін першай у Еўразвязе ўвяла Латвія. Польскі прэм’ер паабяцаў вывучыць гэтае пытанне і пераканаць еўрапейскія інстытуты ў тым, што «рынак у Еўропе і ў Польшчы дэстабілізаваны прадуктамі з Расеі і Беларусі».

Таксама нядаўна кіраўнік польскага ўраду заявіў, што Фінляндыя, Польшча і краіны Балтыі павінны ўзяць на сябе адказнасць за межы з Расеяй і Беларуссю, бо «ў гэтым ланцужку не можа быць слабых звёнаў». Паводле яго, Фінляндыя і Польшча гатовы супрацоўнічаць у рамках агульнаеўрапейскай жорсткай палітыкі супраць нелегальнай іміграцыі. Цяпер Фінляндыя цалкам закрыла сваю мяжу з РФ (з 12 лютага да 14 красавіка).

Магчыма, у перспектыве варта чакаць перанясення фінскага і латвійскага досведу ўжо на беларуска-польскую мяжу. У гэтым напрамку рухаецца і суседняя Літва, якая ўначы 1 сакавіка Літва закрыла чарговыя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю.

Праўда, паміж Польшчай і Беларуссю яшчэ дзейнічае чыгуначны памежны пераход у «Малашэвічах». Закрываць яго пакуль не плануюць. Наадварот, летась польскі Сейм пастанавіў вылучыць на яго мадэрнізацыю каля 750 мільёнаў долараў. У тым ліку таму, што ён звязвае Польшчу з Кітаем.

Аналітыка
Кітай штурхае Лукашэнку мірыцца з Польшчай? Наколькі важны беларускі транзіт для Пекіну
2023.12.07 09:16

Макар Мыш, Арсен Рудэнка belsat.eu