«Для не пакусаных ваўкалакамі». У Варшаве прайшла прэм'ера фільму «ГУпоЗ»


«Я помню два выпадкі, калі я засынаў ад стомленасці ў аперацыйнай падчас аперацыі», – гаворыць беларускі доктар Станіслаў Салавей у дакументальным фільме «ГУпоЗ», прэм’ера якога адбылася 2 лістапада ў Варшаве. Рэжысёрка стужкі Таццяна Гацура-Яворская спрабуе паставіць дыягназ беларускай сістэме аховы здароўя. І ставіць. Калі адным словам, гэта бесчалавечнасць. І тут Галоўнае ўпраўленне аховы здароўя (па-расейску ГУпоЗ) стаіць зусім непадалёку ад ГУБАЗіКу…

Прэм’ера дакументальнага фільму «ГУпоЗ» пра рэаліі беларускай медыцыны і рэпрэсіі над дактарамі ў Беларусі. Варшава, Польшча. 2 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

«Па сутнасці, ГУпоЗ – гэта абрэвіятура з назвы Галоўнае ўпраўленне аховы здароўя – і ГУБАЗ выконваюць адну і тую ж місію», – гаворыць рэжысёрка фільму.

«Гаворым пра тое, пра што немагчыма гаварыць у Беларусі»

Таццяна Гацура-Яворская – арганізатарка і дырэктарка фестывалю дакументальнага кіно аб правах чалавека «Watch Docs Belarus». Фільм «ГУпоЗ» яна пачала здымаць у лютым 2023 года. Медычнаю тэмай аўтарка стужкі прасяклася яшчэ да эвакуацыі з Беларусі. Яшчэ мацней зблізілася з дактарамі, калі ва Украіне пачала працаваць у сумежнай сферы ды адкрыла каля Кіева рэабілітацыйны цэнтр для ветэранаў вайны «Ланка». Тады і зʼявілася ідэя зняць стужку пра заганнасць беларускай сістэмы аховы здароўя.

Паводле рэжысёркі, мэтавая аўдыторыя фільму – чыноўнікі ад медыцыны:

«Гэты фільм не быў скіраваны на тое, каб выклікаць эмоцыі. Мэтавая аўдыторыя гэтага фільму, які я рабіла разам з беларускімі лекарамі, – гэта беларускія чыноўнікі. І ў іх мы хацелі выклікаць не эмоцыі, а выказаць крытыку сістэмы, якая існуе ў краіне. А яшчэ – выказаць салідарнасць з медыкамі, якія працягваюць там працаваць. Мы хацелі стаць іхным голасам».

Рэжысёрка Таццяна Гацура-Яворская на прэм’еры свайго фільму «ГУпоЗ». Варшава, Польшча. 2 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

«Не чакайце вялікага эстэтычнага задавальнення. Мы проста гаворым пра тое, пра што немагчыма гаварыць у Беларусі», – папярэдзіла гледачоў перад прэмʼераю рэжысёрка стужкі.

«Яна цябе зʼядае»

Голасам беларускай медыцыны ў фільме робяцца васьмёра дактароў, якія цяпер працуюць за межамі радзімы. Успамінаюць, аналізуюць, параўноўваюць. Сярод іх – вядомы гінеколаг і прафсаюзны актывіст Станіслаў Салавей, каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці Лідзія Тарасенка, педыятр Мая Церакулава, хірург-анколаг Ігар Белацаркоўскі, доктар Максім Паўлоўскі, ананімны нейрахірург Васіль ды іншыя.

Фільм доўжыцца амаль 80 хвілінаў. Кароткія інтэрвʼю з дактарамі змяняюцца планамі з графікамі і лічбамі афіцыйных дакументаў ГУпоЗ. А яшчэ – галасамі чыноўнікаў, якім тэлефанавала аўтарка, спрабуючы «ўладкавацца» на працу («Што гэта за праца? Гэта стаўка, паўтары?» – «Не, гэта столькі, колькі вы пацягнеце». Так ёй адказалі ў Аршанскай ЦРБ).

Што б там ні казала рэжысёрка, фільм правакуе на эмоцыі. Нават самых лекараў, якія зʼелі ў Беларусі не адзін пуд солі і якіх у зале Беларускага моладзевага хабу (менавіта там адбылася прэмʼера) у Варшаве была хіба большасць. Калі Станіслаў Салавей кажа, што некалькі разоў засынаў проста падчас аперацыі. Калі Мая Церакулава апавядае пра лекараў, якія заходзіліся плачам у кабінетах. Калі Ігар Белацаркоўскі кажа пра засілле чыноўніцтва. Тады зала нібыта выдыхала…

Каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці Лідзія Тарасенка і гінеколаг ды прафсаюзны актывіст Станіслаў Салавей. Варшава, Польшча. 2 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Сам Станіслаў Салавей, які цяпер жыве і працуе ў Адэсе, прызнаўся пасля прэмʼеры (ён на некалькі дзён завітаў у Варшаву), што для яго самым балючым месцам стужкі быў аповед нейрахірурга Васіля пра «трэнавальных пацыентаў» у Беларусі. То бок пра тых, якія не цікавыя для лекара ні ў фінансавым, ні ў фізічным плане – на якіх можна «патрэнавацца».

«Разумееце, гэта адбываецца не таму, што лекары прыйшлі такія бессардэчныя. Гэтак працуе выбудаваная сістэма, у якую ты або ўбудоўваешся, або яна цябе зʼядае… Ты страчваеш розум. І гэта насамрэч жудасна. Тое, ува што ператвараюцца людзі праз пастаянныя перапрацоўкі і звышнагрузкі», – кажа пасля сеансу доктар Станіслаў Салавей.

«Кепская і для пацыента, і для медыка»

Станіслава Салаўя звольнілі з 3-га гарадскога клінічнага шпіталю ў 2021 годзе. Ягоная размова з галоўнаю доктаркаю гэтай медычнай установы Наталляю Саевіч, запісаная ім на дыктафон, адыгрывае ў фільме важную ролю. Агульны сэнс той размовы такі: або звальняйся па-добраму, або табою зоймуцца сілавікі. У гэтым цяперашняя сутнасць стасункаў паміж дактарамі і чыноўнікамі ад медыцыны.

Прэм’ера дакументальнага фільму «ГУпоЗ» пра рэаліі беларускай медыцыны і рэпрэсіі над дактарамі ў Беларусі. Варшава, Польшча. 2 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

«Я думаю, яна і іншыя чыноўнікі паглядзяць гэты фільм. І, можа, нават задумаюцца. Гэта ўжо будзе добра. Мы ж тут не кажам, што ўсе галоўныя дактары – гэта нейкія прадстаўнікі ГУБАЗу ў белых халатах. Не. Проста большасць з іх – гэта дзеці той сістэмы», – адзначае ў размове з журналістам «Белсату» Станіслаў Салавей.

Станіслаў прызнаецца: не мае ілюзіяў наконт таго, што гэтая стужка адразу зменіць сітуацыю ў ахове здароўя Беларусі, у якой пануе тэрор сілавікоў. Але з часам, калі ўсё скончыцца, яна павінна знікнуць.

«Бо яна кепская і для пацыента, кепская і для медыка. І добрая толькі для прыгожай справаздачы на стале ў міністра. На жаль», – падсумоўвае Станіслаў Салавей.

Фільм як дакумент і сведчанне

Педыятр Мая Церакулава, якая таксама знялася ў фільме «ГУпоЗ», прызнаецца, што ў Польшчы перастала плакаць. Тут – па-іншаму.

Мая Церакулава, педыятр і блогерка, на прэм’еры дакументальнага фільму «ГУпоЗ» пра рэаліі беларускай медыцыны і рэпрэсіі над дактарамі ў Беларусі. Варшава, Польшча. 2 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

«А ў Беларусі зрываліся ад стомленасці. Яна назапашваецца, назапашваецца… Выходзіш надвор пасля працы, холадна. А ты сядзіш, маўчыш, утаропіўшыся ў якое-небудзь дрэва. Такая колькасць людзей, такая колькасць рашэнняў. У галаве гудзіць. І – слёзы», – згадвае Мая Церакулава.

Яна ўпэўненая: каб змяніць сістэму аховы здароўя ў Беларусі, спатрэбіцца не год і не два. Цяперашнія ўлады не хочуць ніякіх зменаў – умеюць толькі закручваць гайкі.

«Я мяркую, гэты фільм патрэбны яшчэ і як дакумент, як сведчанне сапраўднага стану рэчаў у сферы аховы здароўя. Бо ў нас любяць там хваліцца пра «бясплатную медыцыну». Але якую плату за гэта плацяць звычайныя дактары?..» – пытаецца Мая Церакулава.

«Людажэрскай сістэмы не пераверне»

Дакументальны фільм «ГУпоЗ» закранае і выкрывае шмат праблемаў беларускай медычнай сістэмы. Перапрацоўванне і выгаранне лекараў, рыхтаванне маладых спецыялістаў, праблема заробкаў і доктарскіх памылак.

Прэм’ера дакументальнага фільму «ГУпоЗ» пра рэаліі беларускай медыцыны і рэпрэсіі над дактарамі ў Беларусі. Варшава, Польшча. 2 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Эндаскапістка і каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці Лідзія Тарасенка кажа ў эпілогу стужкі пра абсалютнае замоўчванне праблемаў у сістэме і пра тое, што з гэтага кола вельмі цяжка вырвацца.

Таму фільм важны, хоць той «людажэрскай сістэмы сходу не пераверне».

«Я думаю, калі такіх рэчаў будзе больш, то калі-небудзь колькасць перарасце ў якасць. Хоць мы і жывём у час, калі шмат якія рэчы вырашаюцца на полі бою, словы ўсё роўна маюць важнае значэнне. Важнае значэнне маюць такія артэфакты, якія ствараюцца людзьмі культуры: фільмы, карціны, кнігі, усё што заўгодна», – сказала пасля прэмʼернага паказу Лідзія Тарасенка.

Яна мяркуе, што ў сістэме яшчэ засталіся людзі, «не пакусаныя ваўкалакамі». Якраз яны, паглядзеўшы стужку, могуць задумацца.

«Як паказвае практыка, любая тэхналогія не мае сэнсу і не ўратуе чалавецтва, калі ў ёй уласна няма чалавечнасці. Нас, медыкаў, вучылі, як ратаваць жыццё і дбаць пра фізічнае здароўе. І вельмі мала казалі пра ментальнае здароўе, пра тую самую чалавечнасць. І вось вынік. Як бачым, калі чалавека ператвараюць у функцыю, да дабра гэта не вядзе», – падагульніла Лідзія Тарасенка.

Адсутнасць чалавечнасці. Ці нават – бесчалавечнасць. Такі вырак выносіць медычнай сістэме Беларусі фільм Таццяны Гацуры-Яворскай «ГУпоЗ» (аператар – Ян Блуз). Бліжэйшымі днямі стужка зʼявіцца ў адкрытым доступе ў YouTube. Як абяцае аўтарка, фільм разашлюць кіраўнікам усіх вялікіх медычных установаў Беларусі.

Інтэрв’ю
«Нават калі б я стаў іхным шпіёнам, мяне б пасадзілі». Як лекар з Бабруйску ратаваўся ад пераследу КДБ
2023.11.02 16:27

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў