Педыятр Мая Церакулава, якая ўцякла з Беларусі ад рэпрэсіяў, стварыла YouTube-канал пра дзіцячае здароўе


Мая Церакулава – казашка, шмат гадоў пражыла ў Беларусі, бо закахалася і выйшла замуж за беларуса. Беларусь Мая шчыра палюбіла. Нарадзіла там дзяцей, працавала педыятрам, вучыла беларускую мову. У 2020-м не засталася ў баку ад пратэстаў, адкрыта выказвала сваё меркаванне. У выніку жанчына двойчы страціла працу, а пасля апошняга звальнення з паліклінікі ў Бабруйску гэтак і не здолела наноў уладкавацца – яе нідзе не бралі. Мая з трыма дзецьмі пераехала ў Польшчу, у Беласток. Тут яна рыхтуецца настрыфікаваць дыплом і пачала весці медычны YouTube-канал «Само пройдёт?». Пра яго, жыццё і медыцыну ў Польшчы, сум па Беларусі – нашая гутарка з доктаркаю.

Педыятр Мая Церакулава. Беласток, Польшча. 19 кастрычніка 2023 года.
Фота: Мілана Харытонава / Белсат

«Ідэя каналу была даўно. У Польшчы на яго нарэшце з’явіўся час»

– Мая, найперш, вядома, апавядзіце, калі ласка, пра ваш YouTube-канал. Як прыйшла ідэя? Што вы хочаце ў ім расказаць, паказаць?

– Ідэя такога каналу ў мяне была даўно, але ніяк не хапала часу. У Польшчы ж усё склалася: я пакуль не працую, рыхтуюся пацвярджаць свой дыплом, таму і час нарэшце з’явіўся. А яшчэ тут цяпер шмат беларускіх журналістаў, якія ўмеюць працаваць з відэа і могуць дапамагчы. Чаму я захацела стварыць канал? Ведаеце, калі на працы ўвесь час гаворыш адно і тое ж, шмат разоў на дзень апавядаеш пра такія распаўсюджаныя хваробы, як вірусныя інфекцыі, алергіі, адэноіды, атыты, то хочацца запісаць гэта ўсё на відэа, каб людзі маглі паглядзець і не трэба было кожнаму асобна паўтараць.

Датычна фармату, я вырашыла не рабіць нейкіх рэвалюцыяў ды інавацыяў у стварэнні відэа, а здымаць паводле стандартнага сцэнара: да доктара прыходзіць пацыент і абыгрываецца нейкі дыягназ, размаўляем з бацькамі, я даю рэкамендацыі згодна са стандартамі доказнай медыцыны.

– Дзе бераце пацыентаў? Гэта вашыя знаёмыя ці як вы знаходзіце людзей?

– Пацыенты самыя сапраўдныя. Гэта людзі з майго атачэння, дзеці якіх сапраўды на штосьці хварэюць. Яны звяртаюцца да мяне па кансультацыю, а я прапаноўваю ўзяць удзел у выпуску. На жаль, хапае людзей, чые дзеці маюць нейкія праблемы са здароўем. У знаёмай, напрыклад, дзіця з астыгматызмам – мы здымалі відэа пра гэта. Дый у маіх дзяцей, хоць я медык, таксама ёсць пэўныя праблемы: у старэйшага – бранхіяльная астма, у сярэдняй дачкі – аўтызм. Ні на што з гэтага я не магла паўплываць, неяк адкруціць назад. Аднак я проста ведаю, як з гэтым жыць, каб яно не надта ўплывала на якасць жыцця. На «прыёмах» я падрабязна тлумачу механізм развіцця хваробы, на што можа паўплываць лячэнне і як з гэтым жыць.

Hавiны
25 крымінальных справаў, 248 затрыманняў, штрафы: як у Беларусі рэпрэсуюць медыкаў
2023.08.17 17:28

– Наколькі, на ваш погляд, людзям цяпер патрэбная медычная інфармацыя ў такім фармаце, калі лекар выходзіць у медыі і апавядае пра хваробы ды лекаванне?

– Запатрабаванне вялікае. Колькасць падпісчыкаў расце, хоць я не скажу, што моцна прасоўваю канал. Я проста пакуль не вельмі ведаю, як прасоўваць. У тым жа Facebook, напрыклад, спасылкі на YouTube кепска бачныя. Але людзі шукаюць медычную інфармацыю. Напрыклад, калі я пішу пра тую ж алергію штосьці ў Facebook, пасты збіраюць па 600 каментароў.

«Мая мара – праца на ўчастку, дзеці, якіх я вяду ад нараджэння»

– Мая, акрамя YouTube-каналу, вы яшчэ пішыце артыкулы на медычную тэму для розных выданняў. То бок, атрымліваецца, што пасля пераезду вы займаецеся больш журналісцкай, а не лекарскаю працай. Як вы сябе адчуваеце ў новай дзейнасці, няхай і звязанай з медыцынаю?

– Дасюль не вельмі ўпэўнена. Бо я медык, шмат гадоў прапрацавала педыятаркай. Мой цяперашні занятак вымушаны, гэта магчымасць зарабіць, каб было за што жыць. Я, калі прыехала ў Польшчу, хапалася за любую такую магчымасць, брала шмат працы. Гэта, напэўна, праблема ўсіх эмігрантаў у пачатку – страх, што табе не хопіць грошай, не будзе за што жыць. Цяпер я адладзіла рытм сваёй працы. Так, у часе яна займае паўнавартасны працоўны тыдзень. Але і грашыма выходзіць больш, чымся я зарабляла лекаркай у Беларусі. Хоць, тут і выдаткі, вядома, нашмат большыя. І ўсё роўна, хоць мяне цяпер і задавальняе гэты занятак, я разумею, што гэта часова.

Мая Церакулава забірае сына са школы. Беласток, Польшча. 19 кастрычніка 2023 года.
Фота: Мілана Харытонава / Белсат

– Усё ж такі маеце цвёрды намер вярнуцца да лекарскай практыкі?

– Так, безумоўна. Я вельмі сумую па сваёй працы. Я цяпер вучуся ў паліцэальнай школе, найперш для практыкі польскай медычнай мовы. У межах навучання хаджу ў стацыянар. І там разумею, што сумую па такой працы, па сваіх пацыентах. Гэтага вельмі не стае.

– Але ж, як вы самі кажаце, напісаннем медычных артыкулаў можна зарабляць не горш за доктара. Тым больш вы ўжо сталі даволі медыйнай асобаю, вас пазнаюць. Магчыма, варта працягваць у гэтым кірунку, стацца гэткім беларускім доктарам Камароўскім? І вы сама зазначаеце, што людзям патрэбная медычная інфармацыя ў медыях у даступнай форме.

– Я ніколі не хацела быць славутаю лекаркаю. Мне і без гэтага заўсёды хапала працы. Мая мара – гэта мой участак, мае 500 пацыентаў, якіх я дакладна ведаю, дзеці, якіх я вяду ад нараджэння, ведаю пра ўсе іхныя хваробы, бацькі, з якімі я падзяляю адказнасць за іхнае здароўе. Праца ў стацыянары мяне таксама задавальняе, але гэта іншае. Там у цябе чалавек застаецца 7, 14, 18 дзён, а потым сыходзіць, і ты не ведаеш, што з ім далей. Дзяцей на ўчастку ты вядзеш, пакуль яны не вырастуць. Для мяне вельмі каштоўная менавіта такая праца ўчастковага лекара. Гэта зусім не жарт, калі ўчастковыя лекары кажуць «мае дзеці». Гэта насамрэч так успрымаецца, калі мы ходзім да іх на выклікі, як да сваіх. Таму я вельмі сумую па сваёй працы.

Беларус беларусу
Як Лукашэнка знішчае беларускую медыцыну
2023.03.17 18:15

«Гэта ўжо будзе не першая настрыфікацыя»

– Мая, а наколькі вы ўжо блізка да вяртання ў лекарскую практыку? На якім этапе настрыфікацыя дыплому? І, дарэчы, вы ж у Беларусі таксама пацвярджалі дыплом, калі прыехалі з Казахстану?

– Так, гэта ўжо будзе не першая настрыфікацыя. Сапраўды пасле пераезду з Казахстану давялося прайсці гэтую працэдуру ў Беларусі. Але там было прасцей праз мову. У Польшчы, каб пацвердзіць дыплом медыка, трэба добра ведаць польскую мову. Я паспрабавала здаць тэставы варыянт іспыту і не справілася з ім. Таму цяпер вучу польскую мову, асабліва медычную тэрміналогію.

Пацвярджаць дыплом тут можна раз на год, у кастрычніку. Трэба здаць даволі складаны экзамен ва ўніверсітэце. Ён платны, каштуе каля 800 долараў. Гэта як выпускны іспыт у медычнай ВНУ. Сёлета ў кастрычніку я не пайду яго здаваць, ведаю, што не здам, бо яшчэ не валодаю польскаю моваю на дастатковым узроўні.

Разам з медычным экзаменам трэба яшчэ асобна здаць медычную польскую мову ў Варшаве ў Найвышэйшай медычнай палаце. Гэты іспыт каштуе каля 200 долараў. Ён мне падаецца нават больш складаным за выпускны.

Пасля здачы іспытаў медык праходзіць стажыяванне ад 4 месяцаў да года, пасля чаго трэба здаваць яшчэ адзін экзамен на пацвярджэнне лячэбнага сертыфікату.

Мая вяжа шапку дачцэ Еве. Беласток, Польшча. 19 кастрычніка 2023 года.
Фота: Мілана Харытонава / Белсат

Гэта не вельмі адрозніваецца і ад нашай медычнай сістэмы. У нас таксама сканчаеш ВНУ, потым здаеш іспыт, потым год стажыявання, год інтэрнатуры і экзамен на атрыманне лячэбнага сертыфікату. Калі не працуеш 5 гадоў, то таксама наноў мусіш праходзіць інтэрнатуру і атрымліваць лячэбны сертыфікат.

«У нас людзі распешчаныя лёгкім доступам да вузкіх спецыялістаў»

– Вы рыхтуецеся працаваць у польскай медыцыне. Як вы можаце яе ацаніць? Часта ад беларусаў чуваць скаргі, пераважна, што цяжка трапіць да дактароў, асабліва вузкіх спецыялістаў, чэргі да года.

– У Польшчы крыху іншая сістэма, чым тая, да якой мы прызвычаіліся. У нас проста людзі распешчаныя лёгкім доступам да вузкіх спецыялістаў. А насамрэч лекар першаснага звяна, участковы тэрапеўт ці педыятр, сямейны лекар павінен умець лячыць даволі шырокі спектр назалогіяў. То бок гэта ненармальна, калі педыятр у адказ на скаргі «баліць жывот», адразу кажа ісці да хірурга.

Да вузкіх спецыялістаў трэба адпраўляць у выпадках, якія выходзяць за межы трывіяльных. А большасць – якраз трывіяльнае, тое, што выходзіць за рамкі, – рэдкае. Участковы лекар павінен умець лячыць гэтыя распаўсюджаныя назалогіі, тыя ж інфекцыі, алергіі, і толькі ў выпадках, якія выходзяць за межы ягонай кампетэнцыі, адпраўляць да вузкіх спецыялістаў, калі штосьці рэдкае ці малазразумелае, сапраўды складанае.

У Польшчы гэта так і працуе. Ну не трэба з любою вальгуснаю стапой адпраўляць да артапеда, калі дапаможа фізкультура, нейкія стандартныя практыкаванні. Не з кожным кашлем трэба да пульманолага, не з кожным болем у жываце – да хірурга. Спачатку трэба ісці да сямейнага лекара, выслухаць ягоныя рэкамендацыі, выканаць іх, і калі не дапамагло, зноў ісці да сямейнага лекара і казаць, што патрэбны вузкі спецыяліст, ці сам тэрапеўт ужо вызначыць, што калі шараговае лячэнне не дапамагло, трэба скіроўваць далей.

Мая Церакулава ў сваёй кватэры. Беласток, Польшча. 19 кастрычніка 2023 года.
Фота: Мілана Харытонава / Белсат

Трапіць да сямейнага лекара сёння – заўтра зусім не праблема ў Польшчы. Да вузкіх спецыялістаў найчасцей так тэрмінова і не трэба. Варта да гэтага спакойна ставіцца. Хоць часам яно, бывае, перашкаджае, як у выпадках, калі трэба пацвердзіць інваліднасць дзіцяці, напрыклад. Як гэта было ў мяне, калі, каб уладкаваць дачку ў школу, мне трэба было атрымаць дыягназ мясцовага псіхіятра, а запіс да яго на 3–4 месяцы наперад. Тады можа ўратаваць прыватны доктар, хоць гэта платна – прыкладна 80–100 долараў. Карацей, я з гледзішча медыка не бачу нічога крытычнага ў тым, каб пачакаць нейкі час прыёму ў вузкага спецыяліста.

«Калі б я прамаўчала, я б адчувала, нібы здрадзіла сабе, нібы гэта ўжо не я»

– Мая, вы плануеце заставацца ў Польшчы, Еўразвязе, будаваць сваю далейшую кар’еру тут, ці ўсё ж хацелі б вярнуцца ў Беларусь? А мо, на радзіму, у Казахстан? Пра што вы марыце?

– Я згубіла мары і планы. Я зыходжу з таго, што ёсць сёння і што мне трэба, каб жыць і працаваць там, дзе я ёсць цяпер. Хоць, вядома, я б хацела, каб у мяне была магчымасць бяспечна вярнуцца ў Беларусь. Мы там будавалі дом, мне абяцалі ФАП (фельчарска-акушэрскі пункт). І гэта якраз і была мая мара – вёска, і я там адзіная лекарка, загадчыца ФАПу, а акрамя мяне яшчэ ёсць медсястра. І мае пацыенты, якія са мной ад нараджэння да смерці. Я ім дапамагаю, суправаджаю, дзялю з імі адказнасць за здароўе. Так я збіралася жыць да старасці і да смерці. Гэта ідэальны для мяне сцэнар, і я мару вярнуцца да яго. Я насамрэч не хачу вось тут бадзяцца, змяняць прафесію, вучыць мовы, здаваць мільён іспытаў. Гэта ўсё вымушана. І калі будзе шанец вярнуцца, я абавязкова вярнуся. І не ў Казахстан, а менавіта ў Беларусь.

Hавiны
Улады прызналі: у Беларусі бракуе анестэзіёлагаў, рэаніматолагаў, стаматолагаў
2023.09.24 18:14

–  Куды б хацелася вярнуцца ў Беларусі? Да ад’езду вы амаль год пражылі ў Бабруйску. Ці сумуеце па гэтым горадзе?

– Сумую па сваіх пацыентах адтуль. З некаторымі з іх дасюль падтрымліваю сувязь. Напрыклад, з бацькамі дзяцей з цяжкімі хваробамі, што прыводзяць да інваліднасці. У іх цяпер змяняюцца лекары, і важна, каб хтосьці сачыў за дынамікаю тэхнічных змяненняў у дзіцяці. Я застаюся з імі на сувязі і хачу перадаць ім сваю вялізную ўдзячнасць. Бо для мяне было вельмі важна, ажно да слёзаў, калі пасля пераезду ў Польшчу, калі я змяніла нумар у Viber, а там жа адразу прыходзіць паведамленне пра гэта. Дык вось яны пісалі мне, што шкадуюць, што страцілі мяне як лекара, што мне давялося з’ехаць. Гэтая ўдзячнасць, прызнанне ў цяжкую хвіліну моцна мяне падтрымліваюць. Бо страта прафесіі для лекара – гэта вельмі цяжка. Лекар – гэта не проста праца, гэта самаідэнтыфікацыя, лад жыцця, мыслення, светапогляд.

Я з удзячнасцю згадваю спецыяльную школу ў Бабруйску, куды хадзіла мая дачка Ева. Настаўнікі там сапраўды ўкладваюцца ў сваю працу, у дзяцей, хоць ім і самым цяжка.

Калі б я вярнулася, то, напэўна, жыла б нейкі час у Бабруйску, пакуль дзеці не падрастуць. Пакуль дом дабудавалі б. Я яшчэ гадоў шэсць збіралася жыць у Бабруйску, пакуль Ева не скончыць 8 класаў, а потым вярнуцца ў вёску ў Смалявіцкім раёне, дзе ў нас дом, і там жыць.

Мая Церакулава ў сваёй кватэры. Беласток, Польшча. 19 кастрычніка 2023 года.
Фота: Мілана Харытонава / Белсат

– Мая, вы з такою цеплынёю кажаце пра Беларусь, пра жаданне там жыць і працаваць. Вы не шкадуеце, што так усё атрымалася, што давялося з’язджаць?

– Гэта было пытанне сумлення і гонару. Пра пэўныя рэчы нельга было не казаць, ігнараваць, калі ў турмах збівалі людзей. Я не актывістка, але ў мяне таксама ёсць каштоўнасці, перакананні. Калі б я прамаўчала, я б адчувала, нібы здрадзіла сабе, нібы гэта ўжо не я.

Глядзець YouTube-канал Маі Церакулавай «Само пройдёт?» можна па спасылцы. Новыя выпускі выходзяць кожны чацвер.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў