Лагер каля Асіповічаў пабудавалі не для вагнэраўцаў?


На тэрыторыі вайсковай часткі ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну дабудавалі палявы лагер. Імаверна, там размесцяцца найміты ПВК Вагнэра, якім расейская ўлада дазволіла «пайсці ў Беларусь» і якім радуецца Лукашэнка. Аднак навуковец Сяргей Бесараб не выключае, што там будзе перавалачны пункт для расейскіх вайскоўцаў, якія прыедуць сюды ахоўваць ядравую зброю.

Намётавы лагер каля Асіповічаў.
Фота: «BBC Verify» / «Беларускі Гаюн» / Telegram

Прыгожынскі мяцеж у Расеі скончыўся гэтак, што і ўявіць было немагчыма: Крэмль фактычна саслаў лідара бунту ў Беларусь, а разам з ім – усіх ахвочых галаварэзаў.

Тыдзень таму расейскае выданне «Вёрстка» паведаміла, што лагер для наймітаў, разлічаны на 8000 месцаў, пачалі будаваць каля Асіповічаў. Тады ў райвыканкаме казалі, што нічога пра гэта не ведаюць і ніякіх размоваў пра гэта цывільныя чыноўнікі не вядуць.

Агляд
Лагеры баевікоў – цяпер не жарт. Што вядома пра вагнэраўцаў і будоўлю ў Асіповічах
2023.06.29 18:32

На наступны дзень Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «пакуль ніякіх лагераў не будуем», аднак баевікам «пры неабходнасці дапамогуць з размяшчэннем»:

«Мы прапанавалі ім адну з закінутых частак. Калі ласка: плот маецца, усё маецца. Стаўце намёты. Чым можам, дапаможам. Пакуль вызначацца, чым ім займацца».

30 чэрвеня брытанская тэлерадыёкарпарацыя Бі-Бі-Сі апублікавала спадарожнікавыя здымкі пабудаванага лагеру ў вёсцы Цэль. «Беларускі Гаюн» падлічыў, што там каля 300 намётаў, дзе могуць размясціцца акурат 8000 асобаў.

Сёння расейскае выданне «Сирена» апублікавала фота, як сцвярджаюць, гэтай базы. Здымкі перадаў рэдакцыі мясцовы жыхар.

«У адным такім намёце могуць размясціцца да 60 асобаў, а на ўсталяванне кожнага намёту патрабуецца не болей за 30 хвілінаў», – піша «Сирена».

Пры гэтым хімік, эксперт у грамадзянскай бяспецы Сяргей Бесараб у сваім Telegram-канале выказаў меркаванне, што гэта не лагер для вагнэраўцаў, а перавалачны пункт для расейскіх вайскоўцаў, якія прыедуць у Беларусь ахоўваць ядравую зброю:

«Першая думка – гэта перавалачны пункт для службы аховы ядравай зброі. Пра вёску Цэль я пісаў раней, калі абмяркоўвалі ракеты «Іскандэр-М», бо там месціцца 465-ая ракетная брыгада Беларусі. Неразумна меркаваць, што расейскую ядравую зброю ў Беларусі будуць ахоўваць беларусы».

Навуковец таксама згадаў, што расейскі прэзідэнт казаў пра перадаванне зброі ў пачатку ліпеня:

«Ступень гатовасці лагеру можа служыць індыкатарам трансферу ядравых узбраенняў, а не галаварэзаў Прыгожына. Хоць нельга выключаць і ўзаемасувязі гэтых аб’ектаў».

Лагер каля Асіповічаў, куды могуць пераехаць вагнэраўцы. Крыніца: news_sirena / Telegram

1 ліпеня амерыканскі Інстытут вывучэння вайны ў сваёй справаздачы напісаў, што найміты будуць жыць на базе каля Асіповічаў, а таксама яшчэ ў двух лагерах. Дзе менавіта іх пабудуюць, пакуль невядома. Аналітыкі не выключылі, што яны з’явяцца ў заходніх рэгіёнах Беларусі.

Тым часам ПВК Вагнэра абвесціла пра месячны перапынак у вербаванні баевікоў, растлумачыўшы гэта «часовым няўдзелам у спецыяльнай вайсковай аперацыі» ва Украіне ды «пераездам у Рэспубліку Беларусь».

Меркаванні
Чаму «Вагнэр» небяспечны для Польшчы і краінаў Балтыі?
2023.06.30 19:07

Відавочна, анансаваная перадыслакацыя вагнэраўцаў не ўзрадавала нашых суседзяў. Міністр унутраных справаў і кіраўніцтва Польшчы Мар’юш Каміньскі 2 ліпеня паведаміў, што 500 паліцыянтаў з антытэрарыстычных падраздзяленняў будуць перакінутыя на ўзмацненне мяжы з Беларуссю – у дадатак да 5000 афіцэраў Памежнай аховы Польшчы і 2000 вайскоўцаў, якія ўжо там.

Hавiны
Польшча ўмацоўвае мяжу з Беларуссю праз магчымае з’яўленне на ёй вагнэраўцаў
2023.07.03 16:50

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа 30 чэрвеня заявіў, што баевікі ПВК Вагнэра могуць паспрабаваць трапіць у рэспубліку пад выглядам мігрантаў, якія ідуць з беларускай тэрыторыі з 2021 года, і заклікаў Захад «быць гатовымі да гэтага». А міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс не выключыў закрыцця мяжы з Беларуссю, хаця падставаў для гэтага пакуль няма.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў той жа дзень загадаў вайскоўцам узмацніць паўночны кірунак, то бок мяжу з Беларуссю.

Аналітыка
Ад стварэння міні-арміі Лукашэнкі да хатняга арышту. Які лёс чакае Прыгожына ў Беларусі?
2023.06.27 19:04

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў