Генпракуратура запускае шчупальцы ў ложкі грамадзянаў

Новы раздзел гісторыі «Як я афігеваю ад Беларусі» тычыцца нядаўняй ініцыятывы Генпракуратуры. Вы ўжо чулі пра яе? «Кіраўніком дзяржавы падтрыманыя ініцыятывы Генпракуратуры аб прапрацоўцы пытанняў, якія тычацца ўзмацнення адказнасці бацькоў; устанаўлення адміністрацыйнай адказнасці за прапаганду нетрадыцыйных сексуальных адносінаў, змены полу, педафіліі і чайлдфры; укаранення ў адукацыйны працэс абавязковага курсу на тэму палавога выхавання дзяцей і моладзі; узмацнення кантролю за раней судзімымі асобамі, у тым ліку з выкарыстаннем электронных бранзалетаў». Мяркуючы па публікацыях па матывах гэтай інфармацыі, медыі пакуль што ўбачылі там толькі слова «педафілы», якіх цяпер будуць прымусова кастрыраваць хімічным чынам.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар.
Фота: Shamukov Ruslan / TASS / Forum

Педафілаў ніхто не любіць – ні на волі, ні ў турме, ні сярод прыхільнікаў Лукашэнкі, ні сярод прыхільнікаў Ціханоўскай. Цяжка знайсці аргументы, якія педафілаў могуць апраўдаць. Педафілаў цяжка пашкадаваць. Гэтым гатовыя займацца, падобна, толькі нейкія ну вельмі сучасныя мастакі, якія ставяць пад сумнеў прыкладна ўсё на свеце і не стамляюцца шукаць постмадэрнізм там, дзе ўжо і мадэрнізмам не пахне. Хоць нават яны, мабыць, не возьмуцца – ніякая галерэя такое мастацтва не купіць і не выставіць, сабе даражэй.

Хтосьці ў Генпракуратуры намякнуў, што педафілы – гэта ўніверсальны вораг, таму праз коску да іх вырашылі пад шумок дадаць яшчэ некалькі сацыяльных груп. Авось не заўважаць. Давайце больш уважліва разгледзім, хто асабліва ўзбуджае нашу пракуратуру.

ЛГБТ, вядома ж, але тут ужо ніхто не здзівіўся, гэта даўняя падтасоўка фактаў – змешваць іх з педафіламі ў адну кучу. Падтасоўка, заснаваная на дзіўных фантазіях людзей з Генпракуратуры, якія, мабыць, лічаць, што для ЛГБТ займацца сэксам з непаўналетнімі, ці нават здзяйсняць сэксуалізаваны гвалт – прыкольна. Генпракуратура, ад асобы ЛГБТ скажу – наогул не прыкольна! Я вось, напрыклад, аддаю перавагу рабіць гэта з дарослымі жанчынамі, якія могуць дазволіць сабе купіць сэкс-цацкі і не баяцца пры гэтым, што мама застукае. Мае ЛГБТ-сябры таксама аддаюць перавагу сваёй узроставай катэгорыі – ці нават каго больш старшага. З дасведчанымі людзьмі можна больш задавальнення атрымаць. А пасля прыгожа выкурыць цыгарэтку, якую нам спакойна прадаюць – і ўжо нават пашпарт не пытаюцца.

Наступнымі, хто патрапілі пад раздачу, апынуліся чайлдфры, гэта значыць людзі, якія прымаюць усвядомленае рашэнне на дадзены перыяд свайго жыцця і ў дадзеных абставінах не мець дзяцей. Здавалася б, паапладаваць ім трэба, даць узнагароду за бяздзетнасць, захапіцца ўзроўнем усвядомленасці, але Генпракуратура іншага меркавання. Якім чынам яны збіраюцца гэта кантраляваць?

Пра ўзмацненне адказнасці бацькоў я нават не ведаю, што можна сказаць. Куды ўжо мацней, Генпракуратура? Усе бацькі, якіх я ведаю, ужо і так максімальна адказныя людзі. У іх можна павучыцца негвалтоўнай камунікацыі, тайм-мэнэджменту і мульцізадачносці. Яны – верх самадысцыпліны і стрыманасці. Генпракуратура, адстань ад бацькоў, у іх усё ў парадку! Ідзі лепш пачытай кніжку на ноч сваім дзецям або звадзі іх, нарэшце, у аквапарк.

Мова Нанова
Як гаварыць пра секс па-беларуску?
2022.02.14 17:44

Далей пра адукацыйны курс на тэму палавога выхавання. Калі б гэта не была ініцыятыва Генпракуратуры, я б нават парадавалася. Мне вось у школе, напрыклад, вельмі не хапала добрага адукацыйнага курсу – прыйшлося ўжо дарослай папаўняць прабелы ў адукацыі. Я нават прыдумала тэмы для гэтага курсу, зацаніце:

  • Што такое актыўная згода на сэкс і чаму гэта важна
  • Сэксуальнасць як спектр – нішто не вечна ў гэтым свеце
  • Павольны і хуткі сэкс – а чаму аддаеце перавагу вы?
  • Пяць спосабаў дасягнуць аргазму без пенетрацыі – а які падыходзіць вам?
  • Варкшоп па стварэнні хатняга порна з прызам за лепшую відэапрацу
  • Змазка – гэта не пра недастатковае ўзбуджэнне, гэта пра камфорт.

Ну і нешта больш класічнае можна дадаць, вядома, пра вульвы і пенісы, я вельмі нават за.

Пра «раней судзімых» таксама цікава. Неяк Генпракуратура вытанчана пашырае сваю мэтавую аўдыторыю. Мёртвых туды ж дадалі, цяпер «раней судзімыя» на чарзе. Што, нейкаму важнаму чалавеку з Расеі трэба адмыць трохі грошыкаў і выканаць вялікі дзяржаўны заказ на вытворчасць гэтых бранзалетаў? Ці яны там Фуко перачыталі і хочуць яшчэ больш кантролю? Эх, іх бы на добры стадзі-візіт у якую-небудзь БДСМ-студыю!

Толькі іроніяй з усімі гэтымі новаўвядзеннямі і спраўляюся – інакш занадта сумна стане. Але пакуль я тут жарты жартую, было б нядрэнна ўбачыць ад праваабарончых арганізацый нейкую заяву аб тым, што дзяржава яшчэ глыбей хоча запусціць шчупальцы ў ложкі сваіх грамадзянаў і тым самым парушыць іх права на недатыкальнасць прыватнага жыцця. І лепш зрабіць гэта ўжо цяпер, пакуль людзям з ЛГБТК+ супольнасці, чайлдфры і бацькам, якія не ўзмацнілі сваю адказнасць падчас падачы на бежанства або міжнародную абарону, не прыйшлося даказваць, што яны не вярблюд (чытай – што ім небяспечна знаходзіцца ў Беларусі).

/ІР

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў