Праваабаронцу і сустаршыні расейскага «Мемарыялу» забаранілі ўезд у Беларусь


Сустаршыні расейскай праваабарончай арганізацыі «Мемарыял» Алегу Арлову забаранілі ўезд у Беларусь, паведамляе тэлеграм-канал «Мемарыялу». Ён збіраўся прысутнічаць на абвяшчэнні прысуду фігурантам справы «Вясны», які адбудзецца 3 сакавіка.

Праваабаронца Алег Арлоў.
Фота: memohrc.org

Раніцаю 3 сакавіка падчас пасадкі на самалёт а 7:45 прадстаўнік «Аэрафлоту» заявіў Алегу Арлову, што рашэннем уладаў Беларусі яму забаронены ўезд у краіну. Нібыта паведамілі ім пра гэта, толькі калі ўжо ішла рэгістрацыя.

«Злачынствы пажадана здзяйсняць без сведак. Рэжым Лукашэнкі рыхтуецца сёння здзейсніць злачынства – вынесці жорсткі, несправядлівы абвінаваўчы прысуд маім калегам-праваабаронцам і сябрам з цэнтру «Вясна». За што? Выключна за іхную праваабарончую працу. Таму не здзівіўся, калі пры пасадцы ў самалёт даведаўся, што мне забаронены ўезд у лукашэнкаўскую Беларусь. Спадзяюся прыехаць у паслялукашэнкаўскую Беларусь і абняць вясноўцаў на волі», – пракаментаваў Арлоў забарону на ўезд.

Нагадаем: на першым паседжанні ў «справе «Вясны» 5 студзеня праваабаронца Алег Арлоў і журналістка Кацярына Яньшына прысутнічалі на судзе ў Менску. Пасля яго заканчэння Яньшыну затрымалі, а пасля абвінавацілі ў дробным хуліганстве – нібыта яна лаялася ў РУУС. Суд прызначыў Кацярыне 15 содняў арышту. Адразу пасля выхаду з Акрэсціна Кацярыну дэпартавалі і забаранілі ўезд у Беларусь на 10 гадоў.

Hавiны
Расейскую праваабаронцу Кацярыну Яньшыну дэпартавалі з Беларусі
2023.01.20 21:41

Прысуд фігурантам «справы «Вясны» – лаўрэату Нобэлеўскай прэміі міру, кіраўніку «Вясны» Алесю Бяляцкаму, ягонаму намесніку Валянціну Стэфановічу і каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміру Лабковічу – абвесцяць 3 сакавіка ў судзе Ленінскага раёну Менску. Іх вінавацяць у кантрабандзе, арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Фігуранты не прызналі віны ні ў адным з артыкулаў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў