Чужыя

Беларуская федэрацыя шахматаў выкрасліла найлепшага гульца краіны з ліку беларусаў, распавядаючы пра ўдзельнікаў чэмпіянату свету.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Напрыканцы мінулага года ў старажытным Самаркандзе, трэцім паводле насельніцтва горадзе Узбекістану, адбыўся чэмпіянат свету па шахматных рапідзе і бліцы. Гэта разнавіднасць актыўных (ці хуткіх) шахматаў з абмежаваннем часу на партыю.

Цікава, што спаборніцтвы сталіся першымі пасля Алімпіяды ў Токіа, калі ў адным месцы сабраліся, гэтак кажучы, і праўладныя спартоўцы, і ідэалагічна чужыя. Дакладней, ідэалагічна чужым быў адзін з іх – найлепшы сёння шахматыст краіны Уладзіслаў Кавалёў. Ён з’ехаў з Беларусі ў снежні 2021 года, не жадаючы цярпець і бачыць бесперапынны гвалт уладаў супраць мірнага насельніцтва.

Шахматыст Уладзіслаў Кавалёў.
Фота: openchess.by

Падсумоўваючы вынікі чэмпіянату свету, сайт Беларускай федэрацыі шахматаў даў такую інфармацыю: «У чэмпіянаце ўзялі ўдзел чатыры беларусы. Выдатна правёў турнір наш Дзяніс Лазавік. У ягонай скарбонцы 14 пунктаў і агульнае восьмае месца. А гэта траплянне ў прызы! Вынікі іншых беларускіх шахматыстаў: Максім Царук – 134-е месца, Андрэй Гаравец – 146-е месца, Варвара Палякова – 77-е месца».

Можна гэта спісаць, вядома, на недасведчанасць аўтара публікацыі. У любым выпадку, напісаць, што выступалі чатыры прадстаўнікі Беларускай федэрацыі шахматаў, а не «чатыры беларусы», было б, вядома, больш правільна і бяспечна, а ўсе засталіся б пры сваіх. Тым больш, што і названыя вышэй гульцы, і Уладзіслаў Кавалёў маюць беларускія пашпарты, але ў выніку санкцыяў і нашыя прадстаўнікі, і ўдзельнікі з Расеі выступалі пад сцягам Міжнароднай шахматнай федэрацыі (фр. Fédération Internationale des Échecs, FIDE).

Усе ведалі, што нашых суайчыннікаў на гэтым чэмпіянаце было пяцёра, а не чацвёра, але Беларуская шахматная федэрацыя гэта наўмысна ўтаіла. Што дзіўна, і недзяржаўны рэсурс by.tribuna.com таксама напісаў, што ў турніры бралі ўдзел толькі чатыры беларусы.

Як адрэагаваў на гэта сам Уладзіслаў Кавалёў – пакуль невядома. У сваім Instagram вынікаў ён яшчэ не падсумоўваў і пакуль не ідзе на кантакт. Ён заўсёды вельмі цяжка пераймаецца пасля няўдалых турніраў. Гэта працягвае пераследаваць Кавалёва, які ў ковідны перыяд быў вымушаны прапусціць восем месяцаў без актыўнай практыкі і цяпер па сутнасці вяртаецца ў гульню.

Паказальнасць справы ў тым, што беларусаў, якія рэзка адмоўна выступілі супраць брутальнага лукашэнкаўскага свавольства, за нашых суайчыннікаў усё часцей не лічаць. Пры тым, што людзі не змянялі пашпарта і застаюцца грамадзянамі Беларусі.

З пераліку міжнародных гросмайстраў за ўсю гісторыю Беларусі на сайце Рэспубліканскага цэнтру Алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках асобу Уладзіслава Кавалёва таксама прыбралі. Як не ўлічаны там і першы беларускі гросмайстар (ад 1980 года) Віктар Купрэйчык, чалец залі славы FIDE, які быў адзіным, хто 15 траўня 1997 года галасаваў супраць выбару Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту Рэспублікі Беларусь, бо гэта, паводле Купрэйчыка, парушала Алімпійскую хартыю.

У тым, што ў Самаркандзе «не заўважылі» Кавалёва, нічога дзіўнага.

З 2021 года Беларускую федэрацыю шахматаў узначальвае цяперашні начальнік аддзелу кадраў ААТ «Авіякампанія «Белавія» Сяргей Сычук, які раней быў у штаце Службы бяспекі Лукашэнкі, дзе кіраваў другім аддзелам упраўлення асабістай аховы і адкуль звольніўся ў званні палкоўніка. Папячыцельскую раду БФШ захапілі прадстаўнікі дзяржаўнага прадпрыемства «Белаэранавігацыя» – генеральны дырэктар Леанід Чуро, ягоны намеснік у эканамічных пытаннях і ідэалагічнай працы Іван Герло, нават галоўны бухгалтар прадпрыемства Віктар Яскевіч туды трапіў.

Адміністрацыйны рэсурс, як бачым, забяспечаны. Але хіба толькі ў ім сэнс і магчымасць развіцця гэтай старажытнай гульні ў Беларусі? Ці патрэбныя гэтым людзям шахматы, альбо ці патрэбныя шахматам яны? На справаздачна-выбарнай канферэнцыі, што прагаласавала за прызначэнне Сычука кіраўніком БФШ, міністр спорту Сяргей Кавальчук сказаў: «У савецкі час у праграме падрыхтоўкі кожнага спартоўца былі шахматы, бо гэта асабліва інтэлектуальны від спорту. І такую традыцыю трэба вяртаць».

Але як можна развіваць шахматы, каверкаючы іх гісторыю праз наўмыснае выдаленне са спісу найвыбітнейшых айчынных прадстаўнікоў гэтага віду спорту?

Прадбачыўшы такое становішча пры дзейснай уладзе, у снежні 2021 года з’ехаў з Беларусі і Уладзіслаў Кавалёў. Дарма, што нейкі час ён быў лукашэнкаўскім стыпендыятам. Гэта ніяк не паўплывала на кар’еру хлопца, які праз тры дні адзначыць сваё 30-годдзе.

Паводле стану на студзень 2024 года, гросмайстар Кавалёў усцяж трымае найвышэйшы рэйтынг FIDE з тых шахматыстаў, якія маюць беларускі пашпарт.

Шахматыст Валерый Казакоўскі (справа).
Фота: obzor.lt

Яшчэ раней за Уладзіслава Беларусь пакінуў іншы таленавіты гулец – Валерый Казакоўскі. Цяпер ён жыве ў Вільні, пазалетась атрымаў дыплом ЕГУ, а год таму паступіў на магістарскую праграму той жа ВНУ. Шахматысты, як самыя мудрыя з прадстаўнікоў усіх відаў спорту незалежна ад узросту, заўсёды прафесійна імкнуцца пралічваць жыццё на некалькі крокаў наперад.

Выязджаюць, зразумела, не толькі беларусы. Нашыя ўсходнія суседзі таксама бягуць ад рэжыму Пуціна, у якім для іх як для спартоўцаў – толькі бесперспектыўнасць, адчужэнне, забыццё. І з паняццямі «патрыятызм» альбо «непатрыятызм» гэтыя ўчынкі аніяк не канкуруюць. За мінулы год 104 шахматысты змянілі расейскае спартовае грамадзянства. У 2021 годзе гуляць за Расею адмовіліся 10 грамадзянаў краіны, у 2022-м – ужо 88. Сярод тых, хто пастанавіў адмовіцца ад прыналежнасці да Расейскай Федэрацыі на турнірах, сем чалавек з першай сотні сусветнага рэйтынгу. І няма сумневаў, што такая тэндэнцыя будзе працягвацца.

belsat.eu 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў