Лукашэнка раздаў суддзям падвышэнні. Большасць замешаная ў палітычным пераследзе


Аляксандр Лукашэнка 2 лістапада падпісаў указ аб прызначэнні і звальненні суддзяў. Паглядзелі, хто атрымаў падвышэнні.

Суддзя Святлана Бандарэнка.
Фота: Nashaniva.com

Праваабаронцы збіраюць звесткі аб палітычным пераследзе. Платформа «Zubr» акумулюе паведамленні розных праваабарончых ініцыятываў і звесткі з саміх судоў, прапануе пошук па судах і суддзях, якія чыняць палітычны пераслед. Глядзім з дапамогай гэтай платформы, каму Аляксандр Лукашэнка раздаў падвышэнні.

У Вярхоўны суд Лукашэнка прызначыў шэсць суддзяў

Сярод іх Святлана Бандарэнка з Менску, якая вынесла не менш за 118 палітычна матываваных рашэнняў – напрыклад, пасадзіла на 6 гадоў палітвязня Андрэя Валасача за тое, што ён «абразіў прадстаўніка ўлады» ў Telegram, на 8 гадоў – журналіста Сяргея Сацука, на паўгода – журналістку Кацярыну Барысевіч. Таксама яна завочна «судзіла» лідараў Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна, дала ім 12 гадоў пазбаўлення волі (пры ўмове, што яны вернуцца ў Беларусь з-за мяжы).

Таксама ў спісе Аляксей Хлышчанкоў з Гомля, на сумленні якога не менш за 51 палітычна матываванае рашэнне. Ён сярод іншага прысудзіў 4 гады пазбаўлення волі журналісту Яўгену Меркісу і шмат людзей адправіў за краты за каментары – напрыклад, асудзіў Мікіту Карпенку на 2 гады калоніі за каментар «Это вам не поможет» пад навіной аб тым, што супрацоўнік АМАП уратаваў дзяўчынку.

Ды не ўсе прызначаныя ў Вярхоўны суд так моцна праявілі сябе ў палітычным пераследзе. За суддзём Віталём Маразюком толькі адзін штраф на 960 рублёў за «экстрэмісцкія матэрыялы», а суддзя Аляксандр Іванкоў у палітычнай справе за сумны эмодзі нават пагадзіўся з падсудным, што той меў права паставіць такую ацэнку пасту параўнаннем савецкага і нацысцкага рэжымаў.

Раённыя і гарадскія суды

Ва ўказе згадваецца яшчэ мноства перастановак суддзяў на іншыя пасады, падвышэнняў і звальненняў – і большасць гэтых суддзяў звязаная з палітычным пераследам. Напрыклад, у падвышэннях і перастаноўках па Берасцейскай вобласці – 13 чалавек, з якіх 9 звязаныя з палітычным пераследам. Гэта Андрэй Бычыла, Андрэй Васілюк, Дзмітрый Карасінскі, Аляксей Карагода, Ірына Кульбеда, Сяргей Маручак, Валянцін Місялюк, Жанна Стаднік, Мікалай Стасевіч.

Бычыла, напрыклад, адправіў у калонію блогера і інваліда ІІ групы Мікалая Клімовіча – і той у калоніі памёр. Цяпер Бычыла стаў не проста суддзём, а начальнікам суду Пінску і Пінскага раёну.

Суддзя Юрый Казакевіч пайшоў з пасады старшыні суду Ленінскага раёну Горадні ў Гарадзенскі абласны суд. Казакевіч судзіў Сяргея Ціханоўскага і іншых палітвязняў, яшчэ ў 2015 годзе караў штрафамі журналістаў «Белсату».

Падвышэнне атрымала Алена Пятрова, якая асудзіла мноства палітвязняў, у тым ліку Уладзіміра Гундара, які не мае нагі. Таксама падвышэнне атрымаў Сяргей Кацер, які ўдзельнічаў у як мінімум 202 палітычных працэсах і, напрыклад, асудзіў шматдзетных бацькоў, мужа і жонку Антона Маслыку і Кацярыну Еўдакімаву адпаведна на паўтара года калоніі і на тры гады «хатняй хіміі» за фота з акцыяў пратэсту.

Hавiны
Беларускіх суддзяў, якія выносяць палітычныя прысуды, будзе чакаць асобны трыбунал
2023.08.04 15:47

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў