Знікла сувязь з палітвязнем Уладзімірам Гундарам, асуджаным у «справе Аўтуховіча»


Палітзняволены Уладзімір Гундар не выходзіць на сувязь з сям’ёй ад 3 жніўня, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна» са спасылкай на сваякоў мужчыны.

Уладзімір Гундар за кратамі.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

3 жніўня Гундар патэлефанаваў жонцы, яны паразмаўлялі, і з той пары нічога няма: ні лістоў, ні званкоў. Маўчанне вельмі непакоіць блізкіх, бо да 3 жніўня лісты прыходзілі рэгулярна, праз два дні.

Званок у калонію нічога не праясніў – там адказалі, што нічога не могуць сказаць пра тое, дзе Уладзімір. Родныя мяркуюць, што мужчына мог быць адпраўлены ў ШІЗА. Вядома, што дасланая палітвязню 7 жніўня бандэроль вярнулася родным праз дзесяць дзён.

4 жніўня «Вясна» са спасылкай на ўласныя крыніцы паведамляла, што Гундар распавядаў, што ў калоніі яму пагражалі збіццём.

Аналітыка
Палітвязень Уладзімір Гундар зноў галадае. Што вядома і чаму закрылі працэс у «справе Аўтуховіча»
2022.09.20 18:38

Палітзняволены Уладзімір Гундар – актывіст і краяўзнаўца з Баранавічаў, яму 63 гады. Актывіст мае інваліднасць праз адсутнасць адной нагі. Мужчыну затрымалі 30 снежня 2020 года і засудзілі агулам на 20 гадоў калоніі паводле некалькіх крымінальных артыкулаў у «справе Аўтуховіча»:

  • арт. 369 КК РБ – «Абраза прадстаўніка ўлады»;
  • арт. 366 КК РБ – «Гвалт альбо пагроза ў дачыненні службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак»;
  • ч. 1 арт. 285 КК РБ – «Стварэнне злачыннай арганізацыі альбо кіраванне ёй»;
  • ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 КК РБ – «Замах на змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

Суд над Мікалаем Аўтуховічам і яшчэ 11 абвінавачанымі ў так званай «справе Аўтуховіча» адбываўся ў закрытым рэжыме ў гарадзенскай турме № 1. Пачаўся працэс 18 траўня і цягнуўся пяць месяцаў. Паводле следства, Аўтуховіч – арганізатар і кіраўнік «злачыннай групоўкі», якая падпальвала аўтамабілі і дамы сілавікоў. Агулам яму выставілі абвінавачанне паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ч. 3 арт. 289 («Акт тэрарызму») і ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»).

Разбор
За што ў «справе Аўтуховіча» такія жорсткія прысуды, аж да 25 гадоў?
2022.10.22 11:00

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў