Беларускіх суддзяў, якія выносяць палітычныя прысуды, будзе чакаць асобны трыбунал


Беларускія суддзі, якія выносяць палітычныя прысуды, паўстануць перад асобным трыбуналам на ўзор Нюрнбэргскага – за саўдзел у злачынствах супраць чалавечнасці. Сабраныя матэрыяльныя доказы на 400 суддзяў. Пра гэта ў эфіры «Delfi» распавёў кіраўнік міжнароднага цэнтру права і дэмакратыі «Justice Hub», экс-кіраўнік Канстытуцыйнага суда Літвы Дайнюс Жалімас.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: shutterstock

Эксперты «Justice Hub» разам з беларускімі праваабаронцамі падрыхтавалі першы падрабязны юрыдычны аналіз парушэнняў правоў чалавека, здзейсненых рэжымам Лукашэнкі з траўня 2020 года. Катаванні, забойствы, згвалтаванні – гэта няпоўны спіс злачынстваў.

Юрысты таксама ацанілі шанцы прыцягнуць вінаватых да адказнасці. І акурат у гэтым заключаецца каштоўнасць гэтага дакладу – глядзець на дзеянні рэжыму ў Беларусі на міжнародным узроўні, паводле міжнароднага права, у кантэксце злачынстваў супраць чалавечнасці, а не толькі супраць беларускіх грамадзянаў.

Асобнай групай вылучаюцца беларускія суддзі, якія выносяць палітычна матываваныя прысуды.

«Для мяне беларускія суддзі – злачынцы нумар два пасля Лукашэнкі, бо яны як юрысты ведаюць, што здзяйсняюць злачынствы. Беларускі рэжым спрабуе стварыць ілюзію легітымнасці, рабіць рэпрэсіі «паводле закону». Вярхоўны Суд у краіне і ўся судовая сістэма – гэта проста пасмешышча. Мы прааналізавалі рашэнні Вярхоўнага Суда за ўвесь час, ні аднаго рашэння супраць, прызнаюцца правамернымі ўсе рашэнні рэжыму. Тут спатрэбіцца спецыяльны працэс па суддзях на ўзор Нюрнбэргскага – мы маем больш за 400 суддзяў у базе, якія прымалі заведама незаконныя злачынныя прысуды, якія рэпрэсавалі грамадства за выказванне думак і ўдзел у мітынгах. Гэтыя суддзі – суарганізатары злачынстваў супраць чалавечнасці. У будучыні трэба расфармаваць усю судовую сістэму Беларусі і ствараць новую. Патрэбная будзе люстрацыя. Цяпер жа ўся сістэма толькі рэпрэсуе і ўхваляе дзяржаўныя загады», – сказаў Дайнюс Жалімас.

Hавiны
Ці здзяйснялі ў Беларусі злачынствы супраць чалавечнасці? Апублікаваны новы юрыдычны аналіз
2023.07.27 12:02

Паводле кіраўніка «Justice Hub», практыкі прымянення ў Беларусі антыэкстрэмісцкага і антытэрарыстычнага заканадаўства ў адносінах да мірных грамадзянаў таксама падпадаюць пад злачынствы супраць чалавечнасці. Гэта не адпавядае ніякім міжнародным нормам. Нідзе няма крымінальнай адказнасці за тое, што чалавек выходзіць на мітынг ці каментуе нешта ў інтэрнэце. Усе падобныя факты фіксуюцца, ім даецца юрыдычная ацэнка на міжнародным узроўні – для будучага суда.

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў