У польскім войску зняпраўджваюць інфармацыю аб парушэнні гелікоптарам паветранай прасторы Беларусі, перадае агенцыя PAP. Там абвінавачванні Менску назвалі хлуснёю і правакацыяй.
Прадстаўнік аператыўнага камандавання Узброеных сілаў Польшчы Яцэк Гарышэўскі заявіў, што парушэння паветранай мяжы вайсковым верталётам «дакладна не было».
«Гэта вынікае з дакладаў пілотаў і запісаў радарнай сістэмы», – запэўніў лейтэнант.
Ён абвінаваціў цяперашнія ўлады ў Менску ў хлусні.
«Гэта хлусня і правакацыя беларускага боку», – сказаў Гарышэўскі.
Раней намеснік міністра замежных справаў Польшчы Павэл Яблоньскі ў каментары «Polsat News» паабяцаў «прааналізаваць сітуацыю», але адзначыў, што «да такіх заяваў з боку беларускіх службаў трэба ставіцца вельмі асцярожна».
«Магчыма, гэта беларуская правакацыя, што было б цалкам натуральна», – сказаў дыпламат.
Ён дадаў, што напярэдадні парламенцкіх выбараў можна чакаць «яшчэ шмат правакацыяў з боку Беларусі», а ў прапагандысцкіх медыях «можна рэгулярна чытаць артыкулы пра тое, што Польшча збіраецца напасці на Беларусь, там багата такой лухты».
1 верасня Дзяржаўны пагранічны камітэт заявіў, што польскі вайсковы гелікоптар Мі-24 парушыў паветраную прастору нашай краіны, заляцеўшы ўглыб тэрыторыі на 1200 метраў, пасля чаго вярнуўся ў Польшчу.
У МЗС Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Польшчы, ад якога запатрабавалі тлумачэнняў і расследавання інцыдэнту.
Апошні падобны інцыдэнт адбыўся 1 жніўня, калі Варшава абвінаваціла Менск у парушэнні паветранай прасторы двума гелікоптарамі. Тады часовага паверанага ў справах Беларусі выклікалі ў МЗС Польшчы. У Менску парушэнне адмаўлялі.
Сяргей Крот belsat.eu