Мінабароны Польшчы: беларускія верталёты заляцелі ў польскую паветраную прастору


1 жніўня два беларускія верталёты парушылі паветраную мяжу з Польшчаю. Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы выступіла з адпаведнай заявай.

Здымкі беларускіх верталётаў, што заляцелі на тэрыторыю Польшчы.
Фота: SluzbyiObywatel.pl / Twitter

У заяве гаворыцца, што пасля таго, як камандзіры і начальнікі службаў агучылі высновы на падставе аналізу сітуацыі, было вызначана, што «сёння, 1 жніўня 2023 года, у паветраную прастору Польшчы заляцелі два беларускія верталёты, што праводзілі вучэнні паблізу мяжы. Пра навучанне беларускі бок папярэдне праінфармаваў польскі. Парушэнне мяжы адбывалася ў раёне Белавежы на вельмі нізкай вышыні, што ўскладняла выяўленне радарамі. Таму ў ранішнім паведамленні Аператыўнае камандаванне родаў узброеных сілаў паведаміла, што польскія радыёлакацыйныя сістэмы не зафіксавалі парушэння паветранай прасторы Польшчы».

У заяве таксама адзначаецца, што міністр нацыянальнай абароны, старшыня Камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Мар’юш Блашчак загадаў павялічыць колькасць вайскоўцаў на мяжы і вылучыць дадатковыя сілы і сродкі, у тым ліку баявыя верталёты.

Пра інцыдэнт паведамілі ў NATO.

Акрамя таго, Камітэт пагадзіўся, што часовы павераны ў справах Беларусі будзе выкліканы ў МЗС Польшчы для тлумачэнняў здарэння.

«У сувязі з магчымымі далейшымі правакацыямі мы заклікаем да адказнага распаўсюду і каментавання інфармацыі, што можа быць выкарыстаная рэжымамі Расеі і Беларусі», – таксама гаворыцца ў заяве Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы.

Раман Шавель  belsat.eu

Стужка навінаў