Кар’ера на слязах і крыві: што вядома пра суддзяў, якіх Лукашэнка прызначыў у Вярхоўны Суд


У апошні дзень ліпеня Лукашэнка сваім указам прызначыў у Вярхоўны Суд трох новых суддзяў: Алену Рудніцкую, Максіма Філатава і Руслана Царука. Іх фігуры звяртаюць на сябе ўвагу: усе трое вядомыя сваёй адданай працай – вынясеннем палітычных прысудаў і ламаннем лёсаў беларусаў.

Калаж з фота: Белсат

У суддзяў Вярхоўнага Суда ёсць некалькі задачаў: гэта разгляд апеляцыяў, то бок вынясенне рашэнняў, якія немагчыма абскардзіць; вывучэнне і аналіз судовай практыкі, а таксама нагляд за сістэмай судоў агульнай юрысдыкцыі.

«Фармальна патрабаванне на пасаду вярхоўнага суддзі – толькі 5 гадоў стажу, а на практыцы, чаму Лукашэнка прызначыў таго ці іншага суддзю, – застаецца толькі здагадвацца. Паводле заканадаўства з суддзямі не заключаецца кантракту, гэта з аднаго боку ставіць іх ва ўразлівае становішча – яны могуць быць звольненыя ў любы момант, у іх няма гарантыяў. Але гэта працуе і ў іншы бок – гэтых суддзяў могуць павысіць у любы момант. Таму ў некаторых суддзяў ёсць матывацыя выслужыцца, каб рухацца па кар’ернай лесвіцы нашмат хутчэй, чым гэта магло б быць пры наяўнасці кантракту», – кажа ў каментары «Белсату» Вікторыя Рудзянкова, праваабаронца цэнтру «Вясна».

Вікторыя сцвярджае: рашэнні, якія прымаюць суддзі ў палітычных справах,  злачынныя нават паводле таго заканадаўства, якое ёсць цяпер у Беларусі. Таму пры змене сітуацыі гэтыя суддзі не застануцца беспакаранымі.

Максім Філатаў

Бадай, самая адыёзная і вядомая асоба з наваспечаных вярхоўных суддзяў – гэта Максім Філатаў, кар’ера якога нагадвае амерыканскія горкі і ўзляцела на самую вяршыню літаральна за два гады. Зразумела – не проста так.

Суддзя Максім Філатаў. Крыніца: zubr.cc

Філатаў родам з Ліды, 23 жніўня яму спаўняецца 44 гады. Мае сярэднюю юрыдычную адукацыю: скончыў юрыдычны факультэт Лідскага педагагічнага каледжу. Пачынаў з пасады судовага выканаўцы, з 2019 года займаў пасаду намесніка старшыні суда ў Лідзе. Займаецца спортам, удзельнічаў у рэспубліканскіх спаборніцтвах па паўэрліфтынгу. Жанаты, мае дарослага сына.

Знаёмыя з Філатавым людзі характарызуюць яго як даволі пасрэдную асобу. Аднак хваля гвалту і рэпрэсіяў пасля жніўня 2020 года імкліва вынеслі яго на вяршыню сістэмы.

Максім Філатаў стаў шырока вядомым пасля таго, як асудзіў на 5 гадоў зняволення актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пасля памёр у шклоўскай калоніі пры нявысветленых акалічнасцях.

Гісторыі
«Гэта было забойства». Што сёння вядома ў справе Вітольда Ашурка, які загінуў у шклоўскай калоніі
2023.05.21 14:11

«Ганьба, ганьба, ганьба!», – гэтак беларусы адрэагавалі на вырак, вынесены Максімам Філатавым восенню 2020 года, тады яшчэ суддзёй Лідскага раённага суда. Гэта настолькі зачапіла суддзю, што супраць амаль усіх прысутных завялі адміністратыўныя справы.

Лідчане ацанілі ягоную працу: у траўні 2021 года ў лідскай спартовай зале, дзе займаўся суддзя, яму ў заплечнік падклалі фекаліі. Філатаў тады моцна пакрыўдзіўся, на месца выклікаў следча-аператыўную групу. Паводле гэтага факту была заведзеная крымінальная справа. Некалькі тыдняў супрацоўнікі АУС спрабавалі знайсці датычных, адбіралі ўзоры для параўнальнага даследавання.

Прысуд Вітольду Ашурку – самы гучны, але не адзіны. Згодна з сайтам zubr.cc, Філатаў «па палітыцы» засудзіў лідчанаў да штрафаў агульным памерам 13 384 рублёў і да 94 содняў адміністратыўнага арышту. 9 чэрвеня 2021 года Філатаў прысудзіў 3 гады калоніі былому фельчару хуткай дапамогі Алегу Краўцову – за тое, што той нібыта абкручваў дротам рэйкі на чыгунцы, каб заблакаваць рух цягнікоў. У лістападзе 2020 года Філатаў асудзіў на 3 гады «хатняй хіміі» Яўгена Вінчу – за нібыта гвалт у дачыненні супрацоўніка міліцыі. За свае «подзвігі» Максім Філатаў трапіў у чацвёрты пакет санкцыяў ЕЗ супраць рэжыму Лукашэнкі.

«Якое можа быць сумленне ў Філатава? Сумленне і Філатаў – гэта дзве такія несумяшчальныя рэчы. Ён і ідзе далей на падвышэнне ўгору, бо ён для іх – свой, зробіць усё, каб нам было не да законаў, як казаў ягоны шэф. Я думаю, Філатаў і такія, як ён, разумеюць, што яны – злачынцы, што яны парушаюць закон, твораць беззаконне. Але яны свядома ідуць на гэта, бо ім камфортна ў гэтай сістэме, і дарогі назад у іх ужо няма. У грамадстве, дзе існуе закон, ім няма месца, яны запатрабаваныя лукашэнкаўскай сістэмай», – лічыць брат палітвязня Вітольда Ашурка Андрэй.

Андрэй кажа, у мясцовых жыхароў, у суседзяў няма ніякіх стасункаў з суддзямі, якія выносяць несправядлівыя палітычныя прысуды. «Яны – белыя вароны. І можа, ад гэтага яны дурэюць яшчэ больш», – распавядае Андрэй Ашурак.

За адданую працу сістэме Максім Філатаў быў хутка ўзнагароджаны: 31 снежня 2021 года Лукашэнка прызначыў яго суддзёй Гарадзенскага абласнога суда на 5 гадоў. На новай пасадзе Філатаў пачаў старацца яшчэ больш.

Менавіта ён выносіў прысуды ў «справе Аўтуховіча»: агулам 12 фігурантам ён прызначыў 197 гадоў і 7 месяцаў калоніі і амаль $ 100 000 штрафаў. Так, Філатаў на 20 гадоў адправіў за краты пенсіянерку Галіну Дзербыш. Для 61-гадовай жанчыны гэта фактычна азначае смяротны прысуд. Працэсы пад яго судзействам звычайна праходзілі ў закрытым рэжыме.

Разбор
За што ў «справе Аўтуховіча» такія жорсткія прысуды, аж да 25 гадоў?
2022.10.22 11:00

26 ліпеня 2023 года Філатаў вынес жорсткі прысуд журналісту і грамадскаму дзеячу Паўлу Мажэйку і адвакатцы Юліі Юргілевіч – па 6 гадоў калоніі кожнаму. Адразу пасля гэтага ён пайшоў на чарговае падвышэнне – у Вярхоўны Суд.

Руслан Царук

Паходзіць са Светлагорску. Вучыўся на гістфаку БДУ.  Стараецца займацца спортам – бегае паўмарафоны. Жанаты, мае дваіх дзяцей.

Суддзя Руслан Царук. 29 лістапада 2021 года.
Фота: sb.by

Царук пачынаў сваю кар’еру як суддзя ў Светлагорскім раённым судзе. Знаёмыя з ім людзі кажуць, што ён нічым не вылучаўся, не высоўваўся, пакуль не пачаліся суды за палітыку: ён быў адзіным суддзёй, які браўся і выносіў палітычныя прысуды.

«Шмат людзей былі ім асуджаныя, гэта і былы журналіст «Белсату» Канстанцін Жукоўскі, і журналістка Ларыса Шчыракова, якая ездзіла на суды ў Светлагорск працаваць, і мясцовыя актывісты», – узгадвае праваабаронца «Вясны» Алена Маслюкова.

За адданасць сістэме Царука хутка перавялі ў абласны суд Чыгуначнага раёну Гомля. Тут ён стаў сапраўдным «перадавіком» у палітычных прысудах яшчэ да выбараў 2020 года. Пасля Царук вынес дзясяткі прысудаў за каментары ў «справе Зельцара», за «экстрэмізм» і фатаграфаванне расейскай вайсковай тэхнікі. Так, Вадзіму Баранаву, якога абвінавацілі ў спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці за тое, што ён зняў відэа расейскай вайсковай тэхнікі і хацеў пераслаць запіс пэўным Telegram-каналам, Царук прысудзіў пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму тэрмінам на тры гады. За адно фота расейскай вайсковай тэхнікі ён прысудзіў IT-спецыялісту Андрэю Вуткіну два гады калоніі.

Hавiны
Чарговы вырак у «справе Зельцара»: палітвязню Хайруліну прысудзілі 2,5 года зняволення
2022.09.07 11:10

Гісторык Аляксандр Пашкевіч вучыўся з Русланам Царуком на гістфаку БДУ ў 90-я гады. Са студэнцкіх гадоў Царук выступаў за дзейную ўладу, удзельнічаў у праўладных актыўнасцях, быў чальцом БПСМ. Чалавекам ідэйным ён не падаваўся, выглядаў проста маладым кар’ерыстам, які шукае ў жыцці простых шляхоў, быў хутчэй выканаўцам на падхопе, а не лідарам, згадвае Пашкевіч. Але дадае, што тады яго яшчэ нельга было назваць дрэнным чалавекам.

«І ў сталінскія часы, і ў гітлераўскія, і ў іншых грамадствах хваля выносіла наверх такіх людзей, якія былі гатовыя ісці на ўсё, і на злачынствы, і на амаральнасці», – кажа гісторык.

Алена Рудніцкая

Яе кар’ера выглядае не так галавакружна, як у папярэднікаў. Рудніцкая працуе суддзёй у судзе Маскоўскага раёну Менску з 14 снежня 2000 года. Судзіла канвеерам удзельнікаў Плошчы 19 снежня 2010, таксама засвяцілася ў іншых палітычных справах. Паводле статыстыки, яна надавала 1102 содніяў адміністратыўнага арышту ў палітычных справах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Праваабаронца «Вясны» Алена Маслюкова адзначае: некалі надыдзе час, і кожны адкажа за свае справы. Ужо відавочна, што ўсе трое новапрызначаных суддзяў парушалі беларускае заканадаўства.

«Павінна адбыцца люстрацыя, каб такія людзі больш не мелі магчымасці працаваць у сферы закону. Думаю, было б справядліва, каб яны таксама былі асуджаныя за парушэнні беларускага заканадаўства», – падсумавала Алена Маслюкова.

Hавiны
Стала вядома, у чым абвінавачваюць журналіста Паўла Мажэйку
2023.07.10 16:45

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў