Доналду Трампу афіцыйна выставілі абвінавачванні ў справе аб штурме Капітолію


Былому прэзідэнту ЗША Доналду Трампу выставілі абвінавачанні ў справе аб штурме Капітолію ў студзені 2021 года. Пра гэта паведаміў CNN, а пазней інфармацыю пацвердзіў спецыяльны пракурор Джэк Сміт.

Доналд Трамп.
Фота: TOM BRENNER / Reuters / Forum

Доналду Трампу выставілі абвінавачанне ў змове з мэтаю падману Злучаных Штатаў, змове з мэтаю пазбаўлення выбарнікаў выбарчых правоў, а таксама змове і спробе перашкодзіць афіцыйнаму расследаванню. Ён праходзіць абвінавачаным паводле чатырох артыкулаў:

  • змова з мэтай парушэння правоў;
  • змова з мэтай падману ўраду;
  • перашкода афіцыйнаму расследаванню;
  • змова з мэтай перашкоды расследаванню.

У абвінавачанні Трампа гаворыцца, што ён цягам двух месяцаў са дня выбараў у лістападзе 2020 года выступаў з ілжывымі заявамі аб фальсіфікацыях і сцвярджаў, што ён перамог, ведаючы, што ягоныя заявы ёсць хлуснёй. Таксама былога прэзідэнта абвінавачваюць у падмане ўдзельнікаў штурму Капітолію, бо ён пераканаў іх у тым, што віцэ-прэзідэнт Майк Пэнс можа адмяніць вынікі выбараў і зрабіць Трампа пераможцам. Акрамя гэтага сцвярджаецца, што Трамп і ягоныя саўдзельнікі «эксплуатавалі гвалт і хаос» пры нападзе на Капітолій, працягваючы пераконваць чальцоў Кангрэсу адкласці прызнанне выбараў легітымнымі.

«Напад на сталіцу нашай краіны 6 студзеня 2021 года стаў беспрэцэдэнтным нападам на цэнтр амерыканскай дэмакратыі. Як пазначана ў абвінаваўчым заключэнні, яно было інспіраванае хлуснёй. Хлусня адказніка накіраваная на перашкоды асноўнай функцыі ўраду ЗША, нацыянальнаму працэсу збору, падліку і пацверджання вынікаў прэзідэнцкіх выбараў», – заявіў спецыяльны пракурор Джэк Сміт.

Разам з Трампам у справе праходзяць шэсць чалавек, у тым ліку юрысты, якіх абвінавачанне лічыць саўдзельнікамі. Іхныя імёны не называюцца.

Былому прэзідэнту паведамілі аб выстаўленых абвінавачваннях, а таксама 3 жніўня яго выклікаюць у суд у Вашынгтоне, дзе чакаецца ягоны выступ, піша CNN.

Нагадаем: 6 студзеня 2021 года ў дзень зацвярджэння Кангрэсам вынікаў выбараў на пасаду прэзідэнта, у якіх Доналд Трамп зазнаў паразу, ягоныя прыхільнікі ўварваліся ў Капітолій і перарвалі пасяджэнне. Перад гэтым Трамп напісаў у сваім Twitter допіс, у якім заклікаў людзей выходзіць да Капітолію. Падчас беспарадкаў загінулі пяць чалавек, больш за 140 паліцыянтаў атрымалі раненні. Таксама ад прыхільнікаў экс-прэзідэнта пацярпеў і фасад будынку Капітолію.

Фота
Трамп не прызнаў паразы на выбарах. Ягоныя прыхільнікі ўварваліся ў Капітолій. Фота
2021.01.07 03:39

Гэта ўжо трэцяя справа супраць Доналда Трампа. У чэрвені яму выставілі абвінавачанні з 40 пунктаў у справе аб захоўванні сакрэтных дакументаў у рэзідэнцыі ў Флорыдзе. У красавіку яго абвінавацілі паводле 43 пунктаў у справе аб падробцы фінансавых дакументаў падчас перадвыбарнай кампаніі 2016 года.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў