Ва Украіне паранілі беларускую добраахвотніцу, а праз пару дзён ейнага сабаку


На фронце ва Украіне беларуская добраахвотніца батальёну «Волат» Анастасія Махамет з пазыўным Север атрымала чэрапна-мазгавую траўму – камень трапіў у галаву пасля прылёту крылатай ракеты. Праз два дні пацярпеў і ейны сабака, паведамляе радыё «Свабода».

Анастасія Махамет з сабакам. Крыніца: svaboda.org

Здарэнне адбылося на мінулым тыдні на данецкім кірунку фронту. Камандзірка медроты Анастасія Махамет атрымала пашкоджанне, калі па горадзе, дзе яны размяшчаліся, ударыла расейская крылатая ракета. Вядома, што пасля атрымання траўмы добраахвотніца спачатку дапамагла эвакуяваць параненых і толькі потым сама папрасіла аб дапамозе.

«Побач з месцам прылёту быў наш экіпаж медычнай эвакуацыі. Пацярпела машына, два медыкі і нейкім цудам ніяк не пацярпеў кіроўца. Машына едзе, але пэўныя праблемы з рухавіком усё ж маюцца. Ад аскепкаў аўтамабіль не пацярпеў, а вось камянямі пабіла – дзверы выбіла, шкло», – распавяла Анастасія.

Дзяўчыне ў галаву прыляцеў камень, ад чаго яна ўпала на зямлю. Аднак, як распавядае добраахвотніца, яе ў той момант хваляваў толькі планшэт з медычнымі звесткам па рэгіёне, які мог разбіцца. «Я чатыры дні туды інфармацыю збірала па ўсіх больнічках, там уся інфа медычная па рэгіёне. І нідзе гэтай інфы больш няма, я нікуды не паспела перакінуць. Кладзешся на зямлю і закрываеш планшэт сабой. У выніку планшэт застаўся цэлым, толькі працерлі яго ад пылу», – кажа яна.

«З пярэпалаху кіроўца кажа: «Трэба звальваць». Якое звальваць, мы ж медыкі. Пабеглі ў бок прылёту разбірацца, найперш эвакуявалі на машыне без дзвярэй цяжка параненых. Мне кепска стала толькі праз пару гадзін, у мяне стаў заплятацца язык і здавалася, што вось-вось адключуся. Адразу я нават не зразумела, што ў мяне апухла вуха, драпіна за ім. Першы час было максімальна не да гэтага», – узгадвае Анастасія.

Цяпер Анастасія лечыцца, як і другі медык, які атрымаў моцную кантузію. Дзяўчына ўжо хоча як мага хутчэй вярнуцца на фронт.

Разам з Анастасіяй на заданні ездзіў ейны сабака Шэры, якога яна знайшла яшчэ шчанюком мінулым летам падчас задання.

Праз два дні пасля эвакуацыі дзяўчыны абстралялі пазіцыю медыкаў. Тады пацярпеў яшчэ адзін медык: ён атрымаў лёгкае раненне. Таксама пацярпеў і сабака – аскепак трапіў між косткамі ў лапе, пазней яго дасталі. Цяпер Шэры ў Кіеве, а потым ён паедзе ў прытулак да знаёмых дзяўчыны, бо яму патрэбны нармальны дагляд. Агулам, са словаў Анастасіі, сабака ў парадку: бегае, але кульгае.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў