Былую журналістку Шчыракову этапавалі ў Гомельскую калонію


Былую журналістку з Гомля Ларысу Шчыракову 22 верасня этапавалі ў калонію. Пра гэта 30 верасня паведаміла «Гомельская Вясна». Менавіта ў гэты ж дзень яе дадалі ў спіс так званых «экстрэмістаў».

Ларыса Шчыракова.
Фота: Ларыса Шчыракова / Facebook

Ларысу Шчыракову затрымалі ў Гомлі 6 снежня 2022 года. Прысуд ёй вынес суддзя Гомельскага абласнога суда Мікалай Доля 31 жніўня 2023 года. Журналістку асудзілі паводле частках 1 і 2 артыкула 361-4 і 369-1 Крымінальнага кодэксу, прызнаўшы вінаватай нібыта ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь.

Згодна з абвінавачаннем, са жніўня 2020-га да снежня 2022-га яна прапанавала для размяшчэння і размясціла ў інтэрнэце «інфармацыйныя матэрыялы з загадзя непраўдзівымі звесткамі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь». Таксама «ажыццяўляла збор, стварэнне, апрацоўванне, захоўванне і перадачу аўдыя, – відэа, – фота- і тэкставай інфармацыі» для праваабарончага цэнтру «Вясна» і тэлеканалу «Белсат».

Вырак – 3,5 гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, частковая канфіскацыя маёмасці і штраф у памеры 3700 рублёў. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Журналістка не падавала апеляцыйную скаргу ў Вярхоўны суд, бо палічыла гэта дарэмным марнаваннем часу і грошай.

22 верасня Міністэрства ўнутраных спраў дадало Шчыракову ў спіс «экстрэмістаў». І як стала вядома цяпер, у гэты ж дзень яе этапавалі з СІЗА-3 у жаночую папраўчую калонію № 4 Гомля. Пакуль яна знаходзіцца на каранціне. Мяркуецца, што з 6 кастрычніка яе перавядуць у атрад.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў