Аляксандр Азараў: «Далі каманду спыніць пропуск мігрантаў у Беларусь». Ці завязуць новыя партыі?


Памежныя службы Лукашэнкі накіроўваюць зброю на польскіх вайскоўцаў на беларуска-польскай мяжы, страляюць у паветра, імітуюць кіданне гранатамі ды спрабуюць знішчыць памежныя агароджы. Такія заявы прагучалі падчас прэс-канферэнцыі міністра нацыянальнай абароны Польшчы Мар’юша Блашчака. Да таго ж, на тэрыторыю Еўразвязу адмыслова спрабуюць праціснуць сапраўдных тэрарыстаў. Ці варта чакаць узброеных правакацыяў на мяжы Беларусі ды Еўразвязу і як будуць дзеяць краіны Захаду ў такой сітуацыі?

Каля дзесяці тысяч спробаў нелегальна мінуць беларуска-польскую мяжу, больш за 8 тысячаў з якіх былі спыненыя. Некалькі сотняў затрыманых мігрантаў з розных краінаў Блізкага Усходу. І гэта толькі за апошнія два месяцы.

«Мы маем інфармацыю пра небяспечныя сувязі ды ўдзел у супрацьзаконных практыках кожнага чацвёртага з тых, хто прайшоў паглыбленую праверку. Звесткі паказваюць, што 10 адсоткаў асобаў маюць сувязь з тэрарыстычнымі арганізацыямі, крымінальнымі злачынствамі, кантрабандаю людзей і фальшаваннем дакументаў», – заявіў міністр унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Мар’юш Каміньскі на прэс-канферэнцыі міністра нацыянальнай абароны Польшчы Мар’юша Блашчака.

Таксама польскія спецслужбы высветлілі, што каля 20 % з затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расейскай Федэрацыяй, жылі ці працавалі там нейкі час. Цяпер ужо факт удзелу Крамля ў гібрыднай аперацыі Лукашэнкі не выклікае ніякіх сумневаў.

ВІДЭА
Галоўная мэта рэжыму Лукашэнкі ў міграцыйным крызісе
2021.09.27 18:00

Каментуе Аляксандр Азараў, былы падпалкоўнік міліцыі, прадстаўнік «ByPol»

«Па нашай інфармацыі гэта прыдумаў Іван Церцель, які ў 90-я вучыўся ў Расеі ў Разанскай ваеннай вучэльні і займеў там сяброўства з цяперашнімі генераламі ФСБ РФ. І разам з імі ён прыдумаў гэтую аперацыю. Але, канечне ж, не без узгаднення з дыктатарам».

Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы таксама прадэманстравала здымкі і перапіскі з тэлефонаў мігрантаў, на якіх бачныя сувязі гэтых асобаў з тэрарыстычнымі арганізацыямі, у прыватнасці – «Ісламскаю дзяржавай» і «Палестынскім ісламскім джыхадам». Высветлілі, што некаторыя з мігрантаў бралі ўдзел у збройных канфліктах на Блізкім Усходзе.

«Сярод мігрантаў адназначна ёсць агенты і тэрарысты, якія адмыслова засылаюцца ў Еўразвяз для правядзення той жа выведчай дзейнасці. Таму што ад супрацоўнікаў Дзяржаўнага памежнага камітэту мы чулі, што калі расейцы ім перадавалі мігрантаў, яны казалі: вось гэты мусіць прайсці 100 %, а іншых, нават калі затрымаюць, нічога страшнага. То бок адзін чалавек мусіў прайсці, і гэты чалавек выглядаў як той, хто прымаў удзел у баявых дзеяннях і валодае навыкамі спецназу», – мяркуе Аляксандр Азараў.

Паводле «ByPol», гэтыя схемы працуюць яшчэ з 2010 года – пры актыўным удзеле Крамля. ФСБ Расеі вербавала нелегалаў з краінаў Усходу ў Маскве і пасля дастаўляла іх на мяжу з Беларуссю. Там перадавала лукашэнкаўскім спецслужбам, якія, у сваю чаргу, адказвалі за перакідванне мігрантаў у краіны Еўразвязу. Раней гэтым асабіста займаўся брат Церцеля, які быў камандуючым асобнай службай спецыяльных мерапрыемстваў Дзяржпамежкамітэту. Частка мігрантаў, якія ў Беларусі чакаюць магчымасці трапіць у ЕЗ, таксама завезеная з Расеі.

Каментуе Андрэй Паротнікаў, кіраўнік «Belarus Security Blog»:

«Далей сітуацыя можа выглядаць наступным чынам. Канцэнтрацыя нелегалаў на мяжы без нейкіх актыўных дзеянняў. Польскі і літоўскі бакі іх не пускаюць туды, беларускі – сюды. Надвор’е пагаршаецца, беларускі бок завозіць журналістаў і праваабаронцаў, якія гэта ўсё назіраюць з беларускага боку, бо ў суседніх краінах уведзеныя асаблівыя прававыя рэжымы, якія абмяжоўваюць актыўнасці на прылеглых да мяжы тэрыторыях».

Паводле Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы, ужо цяпер на тэрыторыі Беларусі перабываюць больш за 10 тысяч мігрантаў з краінаў Блізкага Усходу і Афрыкі, раскватэраваных у розных гарадах і мястэчках. Гэта не выклікае вялікай радасці ў мясцовага насельніцтва.

«Дадзеная каманда спыніць пропуск мігрантаў у Беларусь – трэба адправіць тых, хто ўжо назбіраўся. А вось калі адправяць усіх, хто назбіраўся, і Еўразвяз дазволіць іх прымаць, іх усіх вывезуць, тады будзе адкрыты шлюз зноў, і завязуць новыя партыі», – кажа Аляксандр Азараў.

ВІДЭА
«Ён бярэ на сябе самую брудную працу». Лукашэнка атакуе суседзяў на загад Пуціна?
2021.09.24 17:05

І ціск на Еўразвяз у гэтым кірунку ўжо вядзецца. На гэтым тыдні да міжнародных праваабарончых арганізацый звярнуўся лукашэнкаўскі Саюз жанчын, які заклікаў неадкладна запусціць нелегальных мігрантаў у Польшчу. А 29 верасня беларуска-польскую мяжу наведаў прапагандысцкі дэсант з гэтак званай палаты прадстаўнікоў. Былая міністарка інфармацыі, а цяпер – старшыня лукашэнкаўскага Саюзу жанчын Лілія Ананіч і адыёзны прапагандыст Тэнгіз Думбадзэ карцінна «перадавалі гуманітарную дапамогу» мігрантам.

«Асноўная задача – гэта паставіць перад маральна-этычным, палітычным і юрыдычным выбарам суседнія краіны: або вы прымаеце гэтых нелегалаў, асабліва жанчын і дзяцей, або назіраеце, як яны паміраюць, а з нашага боку гэта здымаюць і транслююць вашыя ж лева-ліберальныя журналісты і праваабаронцы. Як толькі па гуманітарных чынніках супрацьлеглы бок адчыняе сваю мяжу, гэтая плынь пашыраецца ў геаметрычнай прагрэсіі», – упэўнены Андрэй Паротнікаў.

Адпаведна, цяпер галоўная мэта для краінаў Захаду – не дапусціць пераводу сітуацыі з палітычнага парадку дня ў катэгорыю этычных пытанняў, калі замест гібрыднай агрэсіі Лукашэнкі і Пуціна СМІ кінуцца абмяркоўваць «гаротны лёс няшчасных мігрантаў». Можна падумаць, што іх схапілі ды сілком прывезлі на межы Беларусі і Езразвязу.

Мар’юш Блашчак, міністр нацыянальнай абароны Польшчы:

«Тыя матэрыялы, якія мы прэзентавалі, сведчаць, з якім выклікам сутыкаюцца памежнікі ды жаўнеры польскага войска, хто сапраўды штурмуе польскую мяжу. Паліткарэктнасць мае на ўвазе не казаць пра гэта, але для нас перадусім – бяспека нашай айчыны».

І хоць усё часцей чуваць галасы левых сілаў, якія заклікаюць адкрыць межы для нелегальнай міграцыі ды фактычна прыняць умовы самаабвешчанага кіраўніка Беларусі, пакуль Захаду хапае палітычнай волі не паддавацца на танныя правакацыі дыктатара.

«Пакуль не выглядае, што Захад гатовы ісці на нейкія саступкі. Больш за тое: на Захадзе ёсць разуменне, што як толькі яны саступяць, памер патрабаванняў і ціску павялічыцца і з беларускага боку. І будзе, у прынцыпе, вельмі кепскі прыклад для іншых суседзяў Еўразвязу таго, што можна ціснуць, дамагацца, шантажаваць і нешта атрымоўваць. Таму я думаю, што Захад будзе адказваць толькі ўзмацненнем мяжы і павелічэннем санкцыяў», – мяркуе Андрэй Паротнікаў.

Ва ўсёй гэтай сітуацыі хаваюцца крыніцы небяспекі і для самога шклоўскага дыктатара. Бо што калі раптам мігранты з радыкальнымі поглядамі захочуць нейкім чынам выказаць сваю незадаволенасць сітуацыяй, у якой яны апынуліся, на тэрыторыі Беларусі?

Зміцер Міцкевіч для праграмы «ПраСвет»

Калаж на прэв’ю: Serhii HudakUkrinform / ddp images / Forum; ByPol

Стужка навінаў