«Палітыка стратэгічнай нявызначанасці». Чаму ніяк не зблізяцца Украіна і дэмсілы Беларусі


Чаму ўлады Украіны мусяць быць зацікаўленыя ў стасунках з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і чаму дагэтуль такія стасункі не дасягнулі належнага ўзроўню? Такія пытанні абмяркоўваліся 28 лютага падчас вебінару, арганізаванага Даследчым цэнтрам Офісу Святланы Ціханоўскай і Оксфардскай абсерваторыяй у справах Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Ruslan Kaniuka / Ukrinform / ABACA / Abaca Press / Forum

Як заявіў украінскі дэпутат, кіраўнік дэпутацкай групы ў Вярхоўнай Радзе «За дэмакратычную Беларусь» Аляксей Ганчарэнка, стасункі Беларусі і Украіны вельмі важныя для бяспекі ўсяго рэгіёну. Больш за тое, сказаў ён, у інтарэсе Украіны мець сваім суседам дэмакратычную Беларусь.

Аднак палітык адзначыў, што пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка ўзурпаваў уладу і фізічна задушыў беларускую рэвалюцыю ў 2020 годзе, Украіна працягвала з ім супрацоўнічаць у эканамічнай сферы, «не звяртаючы ўвагі на пагрозу з поўначы». А ў 2022 годзе рэжым Лукашэнкі далучыўся да расейскай агрэсіі, з тэрыторыі Беларусі пайшлі «забіваць украінцаў», і толькі тады эканамічная супраца спынілася.

Ганчарэнка падкрэсліў неабходнасць адрозніваць улады Беларусі і народ, «але для шмат якіх украінцаў траўма ад агрэсіі не дазваляе гэта бачыць», бо з Беларусі прыйшлі расейскія забойцы, ляцелі ракеты і дроны.

«На жаль, Беларусь сёння – белая пляма ва ўкраінскай замежнай палітыцы», – заявіў дэпутат.

Пры гэтым Кіеў працягвае мець дыпламатычныя стасункі з уладамі ў Менску і не заўважае апазіцыю. Ганчарэнка падкрэсліў, што Украіне трэба спыніць стасункі з Лукашэнкам і разглядаць яго як злачынцу, больш супрацоўнічаючы з дэмсіламі. На яго думку, меркаванні, што Лукашэнка праз стасункі з Кіевам «гуляе ў гульню» з Расеяй, не адпавядаюць рэчаіснасці.

Але, дадаў палітык, беларускія дэмакратычныя сілы падзеленыя, а ім важна казаць адным голасам. Ён адзначыў, што Украіне трэба больш жорсткая пазіцыя адносна рэжыму Лукашэнкі, большая супраца з дэмсіламі, прадстаўленымі Аб’яднаным пераходным кабінетам і «асобай, якая мае легітымнасць», ды з беларускімі добраахвотнікамі.

«Гэта сапраўдныя прадстаўнікі беларускага народу, якія зараз змагаюцца за Украіну, а потым будуць змагацца за Беларусь», – сказаў Ганчарэнка.

«Business as usual з Лукашэнкам скончыўся»

Пра тое, што без дэмакратычнай Беларусі няма бяспечнай Еўропы, заявіў і Яўген Магда – дырэктар украінскага Інстытуту сусветнай палітыкі. Паводле яго, беларусы і ўкраінцы не чуюць і не ведаюць адзін аднаго, а «апошнія падзеі і рэзкія заявы павялічылі гэтую адлегласць».

Магда адзначыў, што хоць у нападзе з Беларусі на Украіну няма віны беларускага народу, а толькі віна Лукашэнкі, «сотні ракет з тэрыторыі Беларусі паўплывалі на стаўленне ўкраінцаў».

Паводле Магды, украінская ўлада «павінна выразна сказаць, што больш не будзе business as usual з Лукашэнкам, бо ён скончыўся ў Бучы і іншых прадмесцях Кіева». Разам з тым, дадаў ён, захаванне ўкраінскага амбасадара ў Беларусі ўсё ж мае сэнс, бо праз Беларусь ідзе абмен вайсковапалоннымі і вяртаюцца асобы, якіх вывезлі расейцы з акупаваных тэрыторыяў.

На думку Магды, украінскія ўлады і экспертная супольнасць павінны рабіць стаўку на беларускую дыяспару і беларускія дэмакратычныя сілы за мяжой, бо сама Беларусь «усё больш і больш нагадвае вялікую вязніцу ў цэнтры Еўропы».

«Не ўсе разумеюць, які ў Беларусі паліцэйскі рэжым. Мы не павінны вучыць, мы павінны працаваць. З усім шырокім беларускім кантэкстам», – сказаў эксперт.

На яго думку, улады Украіны і беларускія дэмакратычныя сілы павінны правесці рэвізію ўзаемных прэтэнзіяў, і, паставіўшы дыягназ, рухацца наперад і супольна фармаваць Балта-Чарнаморскі наратыў як супрацьвагу «расейскага свету». Пакуль жа, заявіў Магда, ва Украіне праблема з палітыкай адносна суседзяў, якая з Беларуссю наагул «стала такой вострай».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святлана Ціханоўская падчас прэс-канферэнцыі ў Мюнхене. 18 лютага 2023 года.
Фота: Matthias Balk / Msc / Munich Securit / Zuma Press / Forum

Пракаментаваў украінскі эксперт і заявы дарадцы кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіна Міхайлы Падаляка адносна недастатковай антываеннай актыўнасці беларусаў. На думку Магды, ягоная пазіцыя контрпрадуктыўная для беларуска-ўкраінскіх стасункаў. Эксперт адзначыў, што хацелася б пачуць наконт беларускіх дэмакратычных сілаў заявы прэзідэнта Украіны, кіраўніка МЗС ці амбасадара ў Беларусі, але такіх заяваў няма.

«Лукашэнку нельга давяраць»

У сваю чаргу Валер Кавалеўскі, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі ў міжнародных справах, падкрэсліў, што беларускія дэмакратычныя сілы будуць падтрымліваць Украіну, нягледзячы ні на што. Ён падкрэсліў, што пасля агрэсіі Расеі Украіна, якая і так была голасам дэмакратыі, свабоды і еўрапейскасці для рэгіёну, набыла экзістэнцыйнае значэнне для Беларусі, бо ад яе перамогі залежыць незалежнасць нашай краіны і ўмовы для перамогі над дыктатурай. Таму, сказаў палітык, дэмакратычныя сілы падтрымліваюць Украіну, каб тая як мага хутчэй атрымала перамогу.

«Важна, каб Украіна разумела, што Лукашэнка выбраў вельмі выразную антыўкраінскую пазіцыю. Нават да вайны зрабіў антыўкраінскі выбар. Украінская мадэль – пагроза для Лукашэнкі. Хоць цяпер ён спрабуе сябе паказаць міратворцам. Але гэта падман і гэтаму нельга давяраць», – падкрэсліў Кавалеўскі.

Ён нагадаў, як беларускія партызаны падтрымліваюць Украіну ў рэйкавых дыверсіях і атацы на расейскі самалёт у Мачулішчах, што стала «адной з самых паспяховых і сабатажных аперацыяў у гісторыі». «Беларускі гаюн» з’яўляецца крыніцай разведвальнай інфармацыі для Украіны пра перасоўванне расейскіх войскаў па Беларусі. Прынамсі 500 беларускіх добраахвотнікаў ваююць супраць расейскіх агрэсараў ва Украіне. Украінцам дапамагаюць беларускія валанцёры, хакеры і пратэстоўцы на мітынгах ва ўсім свеце. Таксама беларусы падтрымліваюць украінскіх вайскоўцаў данатамі.

Агляд
«Новы ўзровень» і другі крэйсер «Масква». Што кажуць пра дыверсію ў Мачулішчах
2023.02.28 17:15

І хоць самі стасункі дэмакратычных сілаў з уладамі Украіны Кавалеўскі назваў «не задавальняючымі», ён адзначыў, што ў АПК ёсць важныя сувязі з Вярхоўнай Рады, украінскімі дыпламатамі і профільнымі міністэрствамі. Бакі разам супрацоўнічаюць у міжнародных арганізацыях, уключаючы Раду Еўропы і ААН. З траўня 2022 года ў АПК ёсць прадстаўніцтва ў Кіеве.

Паводле Кавалеўскага, бакам карысна было б усталяваць адкрытыя і празрыстыя палітычныя стасункі, што падштурхнула б беларусаў больш актыўна падтрымліваць Украіну, бо пакуль дыстанцыя паміж уладамі Украіны і кабінетам Святланы Ціханоўскай «дэматывуе». А мір ва Украіне без дэмакратычнай Беларусі, сказаў палітык, немагчыма забяспечыць.

Агулам, адзначыў прадстаўнік АПК, беларусы ўсвядомілі, што патрэбны іншы сцэнар вызвалення Беларусі, які прадугледжвае выкарыстанне сілы. Таксама беларусы адышлі ад нейтральнасці, калі рэжым стаў чыста прарасейскім, а народ – праўкраінскім.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

«Беларусы ўсвядомілі, што трэба рабіць геапалітычны выбар. Стала відавочна, што Расея – агрэсар, варожая краіна. Трэба дыстанцыявацца ад Расеі і набліжацца да партнёраў у Еўропе, у тым ліку да Украіны», – заключыў Кавалеўскі.

«Недавер – асноўная праблема»

Як адзначыў дырэктар беларускага Інстытуту палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч, стаўленне ўкраінскіх уладаў не было растлумачанае для беларускага грамадства. Выпадкі дэзынфармацыі з боку ўкраінскіх медыяў і ўладаў пры адначасовых чутках пра пошукі пагаднення паміж Лукашэнкам і Украінай і магчымую эканамічную супрацу, ствараюць насцярожанасць беларускага грамадства да Украіны. Не могуць палепшыць двухбаковыя стасункі і зменшыць недавер таксама абвінавачванні і прыніжэнні беларускіх дэмакратычных сілаў з боку часткі ўкраінскіх палітыкаў, заявіў палітолаг. Тым не менш, прызнаў ён, розныя ўкраінскія эксперты і палітыкі падтрымліваюць беларускія дэмакратычныя сілы.

«Недавер – асноўная праблема. Патрэбная большая празрыстасць, каб палепшыць сітуацыю. Каб адмовіцца ад дэзынфармацыі і зменшыць недавер паміж народамі, паміж уладамі Украіны і дэмакратычнымі сіламі Беларусі», – заявіў Казакевіч.

Агулам, мяркуе палітолаг, улады Украіны абралі ў дачыненні Беларусі палітыку «стратэгічнай няпэўнасці».

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў