«Новы ўзровень» і другі крэйсер «Масква». Што кажуць пра дыверсію ў Мачулішчах


Гісторыя з падрывам расейскага самалёта А-50 на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах, якая адбылася 26 лютага, застаецца ў цэнтры ўвагі палітыкаў, экспертаў і журналістаў. Belsat.eu паглядзеў,  хто і што казаў на гэты конт. 

Як адрэагаваў рэжым Лукашэнкі

Улады Беларусі афіцыйна ніяк не пракаментавалі звестак пра дыверсію ў Мачулішчах. На наступны дзень, 27 лютага, адбылася нарада Аляксандра Лукашэнкі з сілавікамі ў вузкім складзе. Падобна на тое, што такі фармат быў незапланаваны. Ён згадаў пра нейкія «падзеі ўнутранага характару» і запатрабаваў ад сілавікоў «вельмі жорсткай дысцыпліны». «Яны выкарыстоўваюць любыя выпадкі для таго, каб ускалыхнуць сітуацыю ў Беларусі. І яны будуць гэта рабіць. Я прашу вас і патрабую ад вас выканаць гэтыя ўстаноўкі», – падкрэсліў Лукашэнка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 
Фота: Yuri Smityuk / TASS / Forum

Галоўныя дзяржаўныя медыі і большасць праўладных Telegram-каналаў таксама нічога не сказалі пра інцыдэнт. Аднак некалькі прапагандыстаў ускосна на гэтую інфармацыю адрэагавалі. Напрыклад, Аляксей Дзермант згадаў пра нейкія «ўкіды пра атакі на аэрадромах»: ён заявіў, што гэтак «заходнікі» хочуць уцягнуць Беларусь у вайну і заклікаў «вывяраць ці адкладаць» дзеянні ў адказ. Каментар даволі дзіўны: калі ў Мачулішчах нічога не здарылася, то пра якія дзеянні ў адказ наагул можа быць гаворка? А калі дыверсія сапраўды была, то пры чым тут «укіды»?

Telegram-канал «Белорусский силовик» адразу напісаў, што каментаваць інфармацыю пра Мачулішчы не будзе, і заклікаў расейцаў не спекуляваць на гэтай тэме. Пазней канал назваў фэйкам заявы пра запуск шасці беспілотнікаў на Беларусь, але цікава, што тут зняпраўджвалася інфармацыя не «ByPol», а асобных расейскіх медыяў, якія казалі, што Мачулішчы былі атакаваныя дронамі з тэрыторыі Украіны. Аляксандр Шпакоўскі таксама адрэагаваў на навіну ў фармаце папроку расейцам: «Калі ўспрымаць тое, што адбылося, як тэст на адэкватнасць, то шмат якія расейскія калегі гэты тэст правалілі». 

Грыгорый Азаронак у сваім Telegram-канале проста абразіў кіраўніка «ByPol» Аляксандра Азарава і тых, хто яму верыць, нават не намякнуўшы на кантэкст свайго выказвання. 

Разбор
Якія наступствы будзе мець дыверсія ў Мачулішчах?
2023.02.27 15:44

Што кажуць у Расеі

Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў на просьбу пракаментаваць інцыдэнт у Мачулішчах заявіў, што яму няма чаго сказаць на гэты конт. Прычым ён спаслаўся на тое, што ўлады Беларусі ўжо зняпраўдзілі інфармацыю пра А-50, хаця гэта няпраўда: афіцыйны Менск наагул ніяк гэтага не пракаментаваў.

Галоўныя федэральныя медыі і прапагандысты проста праігнаравалі інфармацыю пра атаку на А-50. Адрэагавалі толькі пракрамлёўскія выданні і блогеры другога і трэцяга эшалону, прычым яны робяць акцэнт на тым, што за акцыяй стаіць Украіна. Вайсковы карэспандэнт-прапагандыст Сямён Пегаў (WarGonzo) першы пацвердзіў падрыў самалёта і заявіў, што гэта была атака ўкраінскіх беспілотнікаў паводле аналогіі з атакамі ў Саратаве. Агенцтва «Политнавигатор» заявіла, што ўсяго з тэрыторыі Чарнігаўскай і Кіеўскай вобласцяў нібыта былі запушчаныя 6 беспілотнікаў. Тэлеканал «Царьград» таксама абвінаваціў у дыверсіі ўкраінцаў. 

Што датычыць незалежных расейскіх журналістаў і экспертаў, якія не падтрымліваюць вайны, то яны ў асноўным проста пераказалі інфармацыю беларускіх медыяў. Кіраўнік расследавальніцкай групы «Conflict Intelligence Team» Руслан Левіеў на падставе інфармацыі з адкрытых крыніцаў прыйшоў да высновы, што, хутчэй за ўсё, удар па самалёце А-50 сапраўды адбыўся. Хаця фота- і відэадоказаў пакуль няма. Ён адзначыў, што гэта першы выпадак атакі на расейскія войскі ў Беларусі.

«Гэта новы ўзровень, і гэта сапраўды вельмі цікава», – падкрэсліў ён.

Што кажуць на Захадзе

Дыверсія ў Мачулішчах сталася галоўнаю тэмаю чарговай зводкі Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі. У аглядзе адзначаюць, што знішчэнне А-50 афіцыйна не пацверджанае, аднак падобна на тое, што сам факт аперацыі вялікіх сумневаў у брытанцаў не выклікае. Паводле выведкі, падрыў самалёта А-50 быў бы «значнаю стратаю» для Расеі. «У выніку ў страі, верагодна, застанецца шэсць спраўных А-50, што яшчэ больш абмяжуе расейскія паветраныя аперацыі», – кажуць брытанцы.

«А-50 – гэта вельмі рэдкія і запатрабаваныя самалёты, гэта адна з асноўных пераваг Расеі перад Украінаю ва ўмовах паветранай вайны… Вывад са строю аднаго А-50, хай нават на абмежаваны перыяд часу, будзе значнаю стратаю для ВКС Расеі», – напісаў профільны рэсурс «The War Zone».

Выданне «Forbes» піша, што «праўкраінскія беларускія паўстанцы праніклі на авіябазу ў Беларусі і здзейснілі дыверсію». Аўтар спасылаецца на звесткі «ByPol» і адзначае, што праверыць гэтую інфармацыю вельмі цяжка. Аднак дадае, што гаворка пра важную праблему, бо самалёты А-50 «адыгрываюць вялікую ролю ў жорсткай тэрарыстычнай паветранай вайне Расеі над Украінаю».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вучэбна-трэнавальны самалёт A-50 і знішчальнік Су-30.
Фота: Alexander Demianchuk / TASS / Forum

Нямецкае выданне «Die Welt» сцвярджае, што заходнія спецслужбы валодаюць кадрамі са спадарожнікаў, якія дазваляюць ацаніць вынікі атакі ў Мачулішчах. Факту дыверсіі нямецкія журналісты пад сумнеў не ставяць:

«Рэдкі расейскі самалёт-выведнік атрымаў сурʼёзныя пашкоджанні. Вайсковыя эксперты гавораць пра сурʼёзную няўдачу Пуціна».

Што кажуць ва Украіне

Спікер Паветраных сілаў ЗСУ Юрый Ігнат назваў дыверсію ў Мачулішчах «безумоўна, добраю навіной». Ён падкрэсліў, што давярае інфармацыі пра пашкоджанне А-50 і мае свае крыніцы інфармацыі на гэты конт.

Былы дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч падзякаваў беларускім партызанам за акцыю ў Мачулішчах. «Ёсць беларусы, якія дапамагаюць ваярам святла змагацца супраць цемры, пашкоджваючы вельмі дарагія, вельмі ключавыя і вельмі сістэмаўтваральныя элементы вялікіх выведна-ўдарных комплексаў, скіраваных супраць Украіны. Гэта вельмі сур’ёзная перамога», – падкрэсліў ён у эфіры «Фейгин LIVE».

Вядомы ўкраінскі журналіст Раман Цымбалюк таксама падзякаваў беларускім партызанам. На ягоную думку, пашкоджанне А-50 можна параўнаць паводле сваёй значнасці са знішчэннем флагманскага крэйсера «Масква» ў Чорным моры ўвесну 2022 года: «Пасля таго як мы патапілі «Маскву», магчымасць высадкі расейцамі дэсанту на адэскае ўзбярэжжа сталася немагчыма. Тут паводле наступстваў нешта вельмі падобнае».

Вайсковы эксперт Аляксандр Каваленка таксама правёў аналогію з крэйсерам «Масква». Каб скампенсаваць гэтую страту, Расеі спатрэбіцца некалькі гадоў. «Гэты самалёт быў неадʼемнаю часткай агрэсіі Расеі супраць Украіны», – падкрэсліў ён у інтэрвʼю УНІАН.

Украінскі вайсковы эксперт Сяргей Грабскі ў эфіры «Radio NV» адзначыў, што пашкоджанне такога самалёта – сурʼёзны ўдар па магчымасці праціўніка адсочваць змены ва ўкраінскіх сістэмах супрацьпаветранай абароны: «Вельмі істотны ўдар, калі ўлічыць, што гэта адбылося за 12 кіламетраў ад Менску. Праціўнік павінен разумець, што для яго няма так званых спакойных месцаў нават на тэрыторыі Беларусі». 

Украінскі вайсковы пілот Васіль Мулік паведамленні пра падрыў А-50 пракаментаваў больш лаканічна: «Калі гэта ён, то гэта вельмі з**бісь».

Як паведамлялася, удзень 26 лютага ў сеціве з’явілася інфармацыя пра выбухі на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах і пра надзвычайную актыўнасць сілавікоў у гэтым раёне. Неўзабаве «ByPol» паведаміў, што ў Мачулішчах адбыўся падрыў самалёта далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50У Паветрана-касмічных сілаў Расеі. Самалёт А-50, як адзначылі ў «ByPol», атрымаў сур’ёзныя пашкоджанні і «дакладна ўжо нікуды не паляціць». 

Спадарожнікавае фота расейскага самалёта А – 50 у Беларусі яшчэ да ўдару па аэрадроме ў Мачулішчах. 19 лютага 2023 года. Крыніца: Planet Labs / nv.ua

Кіраўнік аб’яднання «ByPol» Аляксандр Азараў распавёў «Белсату», што дыверсію ў Мачулішчах зладзілі пры дапамозе дронаў беларускія партызаны – удзельнікі плану «Перамога». Яны нібыта адразу з’ехалі з краіны і цяпер у бяспецы. Акцыя рыхтавалася некалькі месяцаў. Інфармацыю пра атаку дронаў пацвердзілі крыніцы праекту «Беларускі Гаюн». 

Пасля здарэння сілавікі ўчынілі на дарогах правяранні аўтамабіляў. У раёне Мачулішчаў дзяжурылі байцы ў бронекамізэльках і са зброяй. Акрамя таго, узмоцненыя пасты заўважылі ў Ганцавічах, Барысаўскім, Пінскім і Столінскіх раёнах. Таксама была ўзмоцненая ахова і праверкі на мяжы.

Самалёты далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50 выкарыстоўваюць для выяўлення паветраных і наземных цэляў, навядзення баявой авіяцыі. Фактычна ён можа выконваць ролю каманднага пункту. Гэта вельмі дарагі і каштоўны самалёт. Паводле звестак з адкрытых крыніцаў, усяго ў Расеі ёсць 9 самалётаў А-50, прычым з іх мадэрнізаваных А-50У – толькі 6. Украіна такіх самалётаў не мае зусім.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў